Вынікі года. Начальнікі ўпраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў расказалі, якімі падзеямі запомніўся 2023-й

- 11:05Актуально, Образование

Працягваем разам з добрымі сябрамі і інфармацыйнымі партнёрамі “Настаўніцкай газеты” падводзіць вынікі мінулага года. Сёння сваім бачаннем развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі, дасягненнямі педагогаў і вучняў дзеляцца начальнікі ўпраўленняў па адукацыі аблвыканкамаў.

Год адкрыццяў

Мікалай Мікалаевіч Башко, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта:

— 2023 год увайшоў у гісторыю развіцця сістэмы адукацыі Міншчыны як Год міру і стварэння. Адным з ключавых слоў гэтага года для нас стала слова “адкрыццё”. У год 85-годдзя Мінскай вобласці мы адкрылі музей “Адукацыя Міншчыны”. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтай падзеі, адбылося ў старэйшай навучальнай установе краіны — гімназіі № 1 Слуцка, гісторыя якой налічвае больш за 400 гадоў.

Музей стаў сапраўдным цэнтрам гістарычных ведаў аб сістэме адукацыі сталічнага рэгіёна. Мы ўспомнілі тут ветэранаў педагагічнай працы, выдатнікаў адукацыі, заслужаных педагогаў вобласці. Зрэшты, лепш адзін раз убачыць, чым многа разоў пачуць. Інтэрактыўны фармат дае магчымасць асабіста пазнаёміцца з заслужанымі работнікамі галіны.

У мінулым годзе мы адкрылі Барысаўскае кадэцкае вучылішча Мінскай вобласці. Працягваем адкрыццё ваенна-пат­рыятычных клубаў школьнага, раённага, абласнога ўзроўняў. Сёння на Міншчыне іх 126, і гэты рух ужо ахапіў больш за тры тысячы навучэнцаў цэнтральнага рэгіёна. Дарэчы, пра гэта не раз пісала “Настаўніцкая газета”. Такія клубы адкрыты ва ўстановах не толькі агульнай сярэдняй, але і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Дзяржынскага, Капыльскага і Барысаўскага раёнаў.

На працягу года мы актыўна працавалі над забеспячэннем якасці і даступнасці адукацыі ў Мінскай вобласці, таму былі адкрыты дзве новыя ўстановы да­школьнай і адна ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі. Ва ўсіх без выключэння навучальных установах асаблівая ўвага ўдзяляецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы. Абнаўляецца парк школьных аўтобусаў. Набыта каля 200 камп’ютарных класаў.

Парадавалі сёлета дасягненні нашых вучняў на міжнародных алімпіядах. Так, на 57-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе сярэбраныя медалі заваявалі навучэнцы гімназіі № 10 Маладзечна Аляксандр Шарайчук і Павел Батура, а таксама навучэнка гімназіі № 7 Маладзечна Марыя Стаўбунік. На І Міжнароднай алімпіядзе па хіміі імя Абу Рэйхана аль-Біруні сярэбраны медаль — у Паўла Батуры з гімназіі № 10 Маладзечна. Сярэбраныя медалі 55-й Міжнароднай хімічнай алімпіяды — у Марыі Стаўбунік з гімназіі № 7 Маладзечна і ў Аляксандра Шарайчука, навучэнца гімназіі № 10 Маладзечна. Тры настаўнікі атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды.

Напрыканцы года на Міншчыне была арганізавана рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, старт якой даў традыцыйны для сталічнага рэгіёна інклюзіўны фестываль творчасці “Запалі сваю зорку”. Падчас яго правядзення нашы асаб­лівыя дзеці з неверагодным поспехам прадэманстравалі свае таленты ў дэкаратыўна-прыкладной, мастацкай, вакальнай, танцавальнай і прамоўніцкай творчасці.

Гаворачы аб рабоце з асаблівымі дзецьмі, хочацца адзначыць, што калектыў Ждановіцкай спецыяльнай школы-інтэрната быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару. Абсалютна перакананы, што ў гэтым заслуга дружнага і згуртаванага калектыву ўстановы адукацыі, якім кіруе Іна Волчак.

У рамках акцыі “Нашы дзеці” прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу “Вучань года Мінскай вобласці — 2023”. Гэта стала добрай традыцыяй. На маштабным абласным свяце мы ўшаноўвалі не толькі таленавітых і адораных дзяцей, якія праявілі сябе ў вучэбнай, праектнай, спартыўнай, творчай, працоўнай, грамадскай, ваенна-патрыятычнай дзейнасці, але і іх педагогаў, бацькоў, майстроў вытворчага навучання, якія падрыхтавалі пераможцаў шматлікіх конкурсаў прафесійнага майстэрства. Словам, 2023 год сапраўды стаў для сістэмы адукацыі Мінскай вобласці Годам міру і стварэння, прынёс шмат мірнага, добрага, стваральнага і карыснага.

Бягучы год аб’яўлены ў нашай краіне Годам якасці. Я перакананы, што якасць жыцця ўсёй Беларусі залежыць ад якасці працы, якасці вучобы, якасці выхавання, якасці прафесійных і асобасных адносін кожнага з нас.

У 2024 годзе нас чакае адзіны дзень галасавання. Установы адукацыі Міншчыны адкры­юць свае дзверы для сотняў тысяч выбаршчыкаў вобласці, якія прыйдуць на ўчасткі для галасавання. Мы добра разу­меем, што ад актыўнасці нашых грамадзян залежаць вынікі галасавання, а значыць, будучыня ўсёй краіны.

У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы працягнем работу, накіраваную на патрыятычнае выхаванне нашых дзяцей, бо юныя грама­дзяне павінны ведаць і памятаць, якой цаной заваявана шчасце жыць у мірнай і прыгожай краіне, імя якой — Беларусь.

Быць шчырым перад сабой і людзьмі

Дзмітрый Леанідавіч Хома, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама:

— Самай значнай падзеяй па выніках года для сістэмы адукацыі вобласці і рэспублікі, на мой погляд, былі змяненні ў парадыгме ўступнай кампаніі. Насамрэч, зроблены каласальны і правільны крок, каб фактычна для ўсіх катэгорый высокаматываваных дзяцей павялічыць шансы на атрыманне прафесійнай адукацыі па выбраным напрамку. Магчымасці для абітурыентаў істотна пашырыліся, асабліва пры паступленні ў рэгіянальныя УВА. Так, стаць студэнтам рэальна па выніках не толькі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, але і ўніверсітэцкіх алімпіяд, навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, профільных класах, ліцэях пры УВА, праз удасканаленыя механізмы мэтавай падрыхтоўкі. Акрамя таго, у медалістаў і выдатнікаў з’явіліся сур’ёзныя дадатковыя бонусы. Зразумела, усім навацыям папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Лічу, што на Віцебшчыне яна была праве­дзена дастаткова якасна, на належным узроўні.

Навучальны год складаецца з сістэмнай комплекснай работы. Адпаведна, пэўныя поспехі і здабыткі ў нас ёсць па большасці напрамкаў. У цэнтры вялікіх праектаў і яркіх падзей на працягу года быў Наваполацк — мала­дзёжная сталіца Беларусі — 2023. Традыцыйна прадстаўнікі нашых устаноў адукацыі вельмі дастойна выступаюць на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах і міжнародных алімпіядах, уваходзяць у тройку лідараў на рэспубліканскіх спартыўных і спартыўна-масавых мерапрыемствах. Таксама добрыя вынікі ў праф­арыентацыйным кірунку. Эканоміка краіны мае патрэбу ў высокакваліфікаваных рабочых кадрах, і тое, што палова нашых выпускнікоў 9-х класаў паступаюць у каледжы, — звышістотна, як і падрыхтоўка спецыялістаў з павышанымі разрадамі, якую мы ажыццяўляем па запытах прадпрыемстваў.

Мінулы год стаў для нас знакавым у плане колькасці ўведзеных у эксплуатацыю новабудоўляў і буйных аб’ектаў пасля рамонту і мадэрні­зацыі. Сярод іх новыя дзіцячыя сады ў Міёрах і Полацку, дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Бешанковічах. Шэраг школ фактычна набылі другое нараджэнне. Асобна хочацца ска­заць пра пе­раезд Полацкага кадэцкага вучылішча ў новы гарадок на гістарычным месцы, дзе раней размяшчаўся Полацкі кадэцкі корпус — сімвалічная падзея не толькі для вобласці, але і для краіны.

Мы працягваем маштабную работу па ўвекавечванні ў назвах устаноў адукацыі імёнаў вядомых выпускнікоў, землякоў, Герояў Савецкага Саюза. Гэта важны момант у сістэме грама­дзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, бо атрыманне імені становіцца справай гонару для навучэнцаў. Лейтматывам калектыўнай дзейнасці гучыць “Мы дастойны насіць і праслаўляць сваімі дасягненнямі гэтае імя!”. Радуе, што школьнікі шчыра імкнуцца выканаць свае абяцанні.

У блоку ўпершыню праве­дзеных вялікіх грамадзянска-пат­рыятычных мерапрыемстваў варта вылучыць 21-дзённы міжнародны лагер “Курган Дружбы” на Пскоўшчыне ў рамках сумеснага беларуска-расійскага праекта, які аб’яднаў звыш 200 навучэнцаў і іх педагогаў з абедзвюх краін.

Цікавыя, адметныя патрыятычныя ініцыятывы нараджаюцца ў раёнах. Прыкладам могуць паслужыць “Полацкі рубеж” або “Марафон Памяці”, спачатку ініцыіраваны ў Віцебску і далей маштабаваны ў межах вобласці.

Самая галоўнае тут — абгрунтаванасць, уважлівасць і праўдзівасць, каб чалавек быў шчырым перад сабой і людзьмі. Грамадзянскую свядо­масць абумоў­лівае сфарміраваная сістэма ідэалаў і каштоўнасцей, якой мы няўхільна прытрымліваемся.

Мая грамадзянская пазіцыя — служэнне народу і дзяржаве. Гэта я цвёрда вызначыў для сябе гадоў 20 назад, калі пасля заканчэння ўніверсітэта вярнуўся ў родны аграгарадок Ула Бешанковіцкага раёна працаваць настаўнікам і ў першы ж год быў выбраны дэпутатам мясцовага сельвыканкама. З таго часу маю непасрэднае дачыненне да правядзення электаральных кампаній, на працягу больш як 10 гадоў узначальваю абласную выбарчую камісію.

У педагагічнай, дэпутацкай, кіраўніцкай рабоце я заўсёды вывяраў дзеянні з пункту погляду любові да Радзімы, павагі да лю­дзей, стварэння ўмоў для іх асобаснага і прафесійнага росту. Каб разам мы штораз рабілі нешта лепш і кожны па сваіх магчымасцях уносіў пазітыўны ўклад як ва ўласны, сямейны дабрабыт, так і ў развіццё калектыву, населенага пункта, рэгіёна і ў цэлым краіны.

У сучасных рэаліях быць грамадзянінам і патрыётам, мець дакладна акрэсленую пазіцыю вельмі важна. Асабліва педагогам, хто сваімі ведамі і прыкладам задае вучням жыццёвыя арыенціры, фарміруе сістэму маральна-духоўных якасцей. Каб свядома супрацьстаяць дэструктыўным праяўленням, чалавеку неабходна ясна зразумець: мірнае існаванне, традыцыі і спадчына, дасягненні нашай дзяржавы, уключаючы бясплатную адукацыю і медыцыну, працоўныя гарантыі, магутную сацыяльную падтрымку насельніцтва — вышэй за прыватныя інтарэсы. Адпаведна, сваімі дзеяннямі і ўчынкамі мы павінны зацвяр­джаць нашы агульныя каштоўнасці, захоў­ваць іх і прымнажаць, каб перадаць нашым дзецям. У тым ліку якасна, адказна і прафесійна працаваць на сваіх рабочых месцах.

Неабыякавыя адносіны да абавязкаў

Наталля Анатольеўна Каліноўская, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама:

У мінулым годзе сістэма адукацыі Брэстчыны развівалася паступальна і вынікова.

У дашкольных установах удалося дадаткова стварыць 475 месцаў. Вялікая ўвага ўдзялялася арганізацыі развіццёва-­прадметнага асяроддзя ў дзіцячых садах, якая дазваляе змалку фарміраваць асновы грамадзянска-патрыятычнай культуры ў выхаванцаў.

Па ініцыятыве Брэсцкага абласнога ІРА і галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама творчыя калектывы педагогаў у кожным рэгіёне распрацавалі і выдалі метадычныя дапаможнікі “Даведнік па родным краі”, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў рабоце дашкольных устаноў.

У бягучым навучальным го­дзе ў вобласці дзейнічаюць 472 школы, дзе атрымліваюць веды амаль 172 тысячы вучняў, што на 700 больш, чым у мінулым годзе, які прынёс сістэме адукацыі шмат новаўвядзенняў.

За кошт факультатыўных заняткаў створаны роўныя магчымасці для вывучэння на павышаным узроўні асобных вучэбных прадметаў, пачынаючы з 8 класа, як у гімназіях, так і ў школах. Ва ўстановах дзейнічаюць профільныя класы педагагічнай (90 школ), ваенна-патрыятычнай (34), спартыўна-педагагічнай (4) і аграрнай (69) накіраванасці. Пашыраецца сетка інжынерных класаў (31). Больш за 62% старшакласнікаў вывучаюць прадметы на павышаным узроўні.

З году ў год стабільна высокія вынікі паказваюць школьнікі Брэстчыны на рэспубліканскіх канферэнцыях даследчых работ. Летась 20 з 49 іх былі адзначаны дыпломамі рознай вартасці.

Ва ўстановах адукацыі вобласці працягваюць абнаўляцца вучэбныя кабінеты. Так, у мінулым годзе за кошт рэспубліканскага бюджэту школы атрымалі 62 кабінеты біялогіі і 77 кабінетаў працоўнага навучання, а 21 установа — сродкі навучання і вучэбнае абсталяванне для робататэхнікі і развіцця інжынернай і матэматычнай адукацыі.

На высокім арганізацыйным узроўні прайшла выніковая атэ­стацыя школьнікаў па новых правілах. На ЦЭ прадстаўнікі Брэстчыны атрымалі 282 стабальныя вынікі, а 11 з іх — па 2 прадметах. Найбольшая іх колькасць — у выпускнікоў з Баранавіч, Пінска, Маскоўскага раёна Брэста, Столінскага, Лунінецкага і Іванаўскага раёнаў. Сярод устаноў у лідарах — ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, Псышчаўская сярэдняя школа Іванаўскага раёна, Вялікачучавіцкая і Дзятлавіцкая сярэднія школы Лунінецкага раёна.

Летась выхаванцы брэсцкай гімназіі № 1 імя абаронцаў Брэсцкай крэпасці атрымалі 6 медалёў на Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе па інфарматыцы. На рахунку прадстаўнікоў вобласці 5 дыпломаў, атрыманых на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Вучаніца сярэдняй школы № 18 Баранавіч Аляксандра Багданава вярнулася з Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі з бронзавым медалём. Усё гэта сведчыць пра высокую якасць адукацыі, якую забяспеч­ваюць педагогі Брэстчыны.

Шмат зроблена ў сістэме прафесійнай адукацыі. Так, летась у шэрагу ССНУ вобласці былі адкрыты новыя кваліфікацыі з улікам патрэб заказчыкаў кадраў. Для арганізацыі адукацыйнага працэсу набыты 23 грузавыя аўтамабілі. Асаблівая ўвага — цэнтрам кампетэнцый (закуплена больш за 700 адзінак тэхнікі і абсталявання на сумму звыш 6 млн рублёў). Вынікова працуюць вучэбныя гаспадаркі ў Івацэвіцкім і Драгічынскім дзяржаўных аграрных каледжах. Дырэктар першага, Міхаіл Дымовіч, удастоены летась звання заслужанага работніка адукацыі Беларусі.

Па выніках работы летась на абласную Дошку гонару былі занесены Баранавіцкі дзяржаўны каледж тэхналогіі і дызайну і Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж.

Радуе, што дзіцячыя сады Брэстчыны неаднаразова прызнаваліся лепшымі на ўзроўні краіны: дзіцячы сад № 10 Бярозы (2017), Мотальскі дзіцячы сад Іванаўскага раёна (2018), дзіцячы сад № 4 Івацэвіч (2020) і дзіцячы сад № 3 Ляхавіч (2022). Упэўнены, што педагогі-дашкольнікі не падвядуць і ў далейшым.

Не застаецца без належнай увагі сістэма спецыяльнай адукацыі. Сёння інтэграванымі формамі навучання ў вобласці ахоп­лены 70% дзяцей з АПФР.

Ва ўстановах спецыяльнай адукацыі апрабоўваюцца і рэалізуюцца праекты па сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з АПФР. Так, летась у Малоткавіцкай спецыяльнай школе-інтэрнаце адкрылася аддзяленне сацыяльнай адаптацыі “Дом самастойнага пражывання” для старшакласнікаў.

Кіраўніцтва Брэстчыны ўдзя­ляе вялікую ўвагу развіццю сістэмы адукацыі. У мінулым годзе на гэтыя мэты было накіравана 30% абласнога бюджэту. У Іванаве і Брэсце пабудаваны дашкольныя ўстановы на 75 і 350 месцаў адпаведна. Рэканструяваны Ляснянская сярэдняя школа і Жамчужненскі дзіцячы сад Баранавіцкага раёна, а таксама 2 аздараўленчыя лагеры. На базе ўстаноў адукацыі адкрыты 2 новыя і 5 мадэрнізаваных спартыўных аб’ектаў. Адрамантаваны харчаблокі ў 15 школах. На 71 аўтобус папоўніўся школьны аўтапарк. Сёлета завершыцца будаўніцтва новай дашкольнай установы ў Брэсце.

Не менш маштабныя задачы чакаюць адукацыйную галіну вобласці і ў 2024 годзе. Так, плануецца пачаць будаўніцтва сярэдняй школы на 1020 месцаў у Брэсце, школы-сада на 471 месца ў Пінску, прыбудовы з рэканструк­цыяй сярэдняй школы № 1 Лунінца, завяршыць рэканструкцыю басейна ў сярэдняй школе № 9 Брэста, адрамантаваць харчаблокі ў 4 школах Брэста. У планах — закупка 25 школьных аўтобусаў.

У Год якасці ў сферы дашкольнай адукацыі ўвага будзе акцэнтавана на арганізацыі бяспечных і здароўезберагальных умоў ва ўстановах, прафілактыцы дзіцячага траўматызму, абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы, максімальна поўным задавальненні запытаў сем’яў на адукацыйныя паслугі.

Якасць сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі будзе паляпшацца за кошт павышэння прафесійнага ўзроўню настаўнікаў і выніковасці ўнутранага кантролю, стварэння эфектыўнага асяроддзя навучання, больш выніковага выкарыстання ў адукацыйным працэсе сучасных сродкаў навучання і вучэбнага абсталявання, ІКТ, цеснага ўзаемадзеяння з установамі прафесійнай адукацыі па арганізацыі прафесійнага навучання дзесяцікласнікаў, якаснай падрыхтоўкі адораных дзяцей да алімпіяд, стварэння рацыянальнай і аптымальнай сеткі школ.

Паспяховае вырашэнне пастаўленых задач залежыць ад адказнасці і неабыякавых адносін кожнага да сваіх абавязкаў, шчырай любові да выбранай прафесіі, а таксама актыўнай грамадзянскай пазіцыі педагогаў, без якой немагчыма выхаваць патрыётаў, душой і сэрцам адданых Радзіме. Без уласнага прыкладу і ўзорных паводзін у гэтай важнай рабоце не абысціся.

Падрыхтавалі Наталля САХНО, Таццяна БОНДАРАВА, Сяргей ГРЫШКЕВІЧ