“Арганізацыя прагулкі — гэта цэлая навука”, — расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” кіраўнік фізічнага выхавання Тулаўскага дзіцячага сада Віцебскага раёна Ірына Лебедзева.
Не так даўно на базе Тулаўскага сада адбылося пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання кіраўнікоў фізічнага выхавання. Педагогі абмяркоўвалі методыку правядзення прагулак як адной з асноўных форм работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту.
— Мой агульны педагагічны стаж — 32 гады. Спачатку я была выхавальніцай, зараз працую кіраўніком фізічнага выхавання, — расказвае Ірына Станіславаўна. — Амаль усё жыццё я побач з нашымі тулаўскімі дзецьмі, ды і сама родам з Тулава. У мяне вялікі вопыт арганізацыі прагулак. Не ўсе дарослыя ўяўляюць, наколькі яны важныя для дзіцяці: не толькі таму, што хлопчыкі і дзяўчынкі дыхаюць свежым паветрам. Ёсць шмат выхаваўчых задач, якія магчыма рэалізаваць толькі на прагулцы. У спартзале, напрыклад, можна паказаць некаторыя элементы практыкаванняў ці гульняў, але практычны навык дзіця атрымае толькі на вуліцы. Да таго ж заняткі на свежым паветры ўмацоўваюць імунітэт, паляпшаюць псіхаэмацыянальны стан выхаванцаў. Прагулка павышае іх устойлівасць да розных умоў надвор’я (дажджу, снегу), не кажучы ўжо пра загартоўванне, а таксама паляпшае апетыт, сон дзіцяці.
Тулаўскі дзіцячы сад невялікі. Яго наведваюць 36 дзетак, гэта дзве рознаўзроставыя інтэграваныя групы. Кожны дзень дзеці выходзяць гуляць па некалькі разоў. Зіма — іх любімы сезон, бо снег — гэта лепшая цацка. Дзеці лепяць снегавіка, гуляюць у снежкі.
— Як кіраўнік фізвыхавання сачу, каб заўсёды праводзіліся рухавыя гульні, — адзначае Ірына Лебедзева. — Падчас метадычнага аб’яднання мы арганізавалі для дзяцей і педагогаў сюжэтную прагулку “Падарожжа ў краіну Снежнай каралевы”. Добра, калі прагулка мае тэму, гэта стымулюе цікавасць малышоў, іх актыўнасць. Напрыклад, гэтым разам яны шукалі казачнага Кая. Дарэчы, у метадычнай скарбонцы нашых педагогаў ёсць шмат сюжэтных гульняў. Для дзяцей няма нічога горшага за аднастайнасць, таму кожны сезон прыдумваем для іх новыя рухавыя гульні, праводзім спартыўныя святы. Спадзяюся, энтузіязм і фантазія нашых педагогаў ніколі не скончацца.
***
Ірына Лебедзева падзяляе прагулку на 5 кампанентаў:
- назіранне за наваколлем: прыроднымі з’явамі, птушкамі, дрэвамі;
- элемент карыснай працы: кармленне птушак, прыбіранне снегу, збор лісця (у форме гульні);
- рухавыя гульні і практыкаванні;
- індывідуальная работа з дзецьмі — у выпадку, калі камусьці трэба дапамагчы замацаваць якое-небудзь практыкаванне ці навык;
- свабодныя гульні ў пясочніцы, на пляцоўцы пад наглядам выхавальнікаў.
Па словах педагога, уся прагулка распісана літаральна па мінутах. На свабодныя гульні адводзіцца больш за ўсё часу — 50 мінут. І прыкладна столькі ж — на чатыры астатнія кампаненты.
Лізавета МІЦКЕВІЧ