Што неабходна рабіць, каб, захоўваючы адукацыйныя і культурныя традыцыі рэгіёна, смела рухацца наперад?

- 9:44Пресс-тур «Настаўніцкай»

Што неабходна рабіць, каб, захоўваючы адукацыйныя і культурныя традыцыі рэгіёна, смела рухацца наперад, даведаліся падчас прэс-­туру па ўстановах адукацыі Ганцавіцкага раёна і Баранавіч, што на Брэстчыне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Багаты педагагічны вопыт, захаванне мясцовых традыцый і ўсебаковае развіццё вучняў робяць рэгіянальныя сістэмы адукацыі адметнымі і перспектыўнымі, бо кожны на сваім месцы імкнецца ісці ў нагу з часам. А калі ўсе памкненні падмацаваны падтрымкай кіраўніц­тва, то працаваць значна прасцей. Прынамсі, у Ганцавіцкім раёне сістэма адукацыі працуе зладжана, бо кожны кіраўнік адчувае плячо калег і начальніка аддзела па адукацыі.

Наш прэс-тур пачаўся рабочай сустрэчай з намеснікам старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Сяргеем Сарокавым і начальнікам аддзела па адукацыі Надзеяй Здрок. Тэмай размовы стала падпіска на выданні Выдавецкага дома, а таксама педагагічныя і вучнёўскія дасягненні раёна.

І Сяргей Вітальевіч, і Надзея Уладзіміраўна гаварылі пра моцны дырэктарскі корпус і паспяховую камандную работу, якія і прыводзяць да перамог.

“Усе нашы навучальныя ўстановы маюць свае асаблівасці, развіваюць свае праекты. Разам з тым мы ўсе — адна педагагічная каманда, таму дапамагаем і падтрымліваем адно аднаго”, — заўважыла Надзея Уладзіміраўна.

Ганцавіцкі раён невялікі, але прыметны ў сістэме адукацыі. Калі прыехалі ў Раздзялавіцкую сярэднюю школу, то захапляцца пачалі ўжо ў фае, дзе была арганізавана выстава вышытых ручнікоў і твораў мясцовага майстра разбяра па дрэве Георгія Дубоўскага. У школе старанна захоўваюць культурную спадчыну свайго аграгарадка. Гэтыя мясціны славяцца асаблівай вышыўкай і танцамі. У навучальнай установе дзейнічае фальклорны калектыў “Радавод”. Асаблівая ўвага ўдзяляецца захаванню гістарычнай памяці і духоўна-маральнаму выхаванню. Тут вучнёўска-педагагічны калектыў цесна супрацоўнічае з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Люсінскай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Уладзімір Жалезны

Люсінская сярэдняя школа імя Якуба Коласа вядома тым, што тут у свой час два гады працаваў класік беларускай літаратуры. У школе дзейнічае адпаведны музей. Нашай увазе было прадстаўлена развіццё фізічнага выхавання школьнікаў праз пераем­насць паміж пакаленнямі педагогаў. Шматлікія кубкі, сабраныя ў спецыяльнай шафе, свед­чаць толькі пра адно: дзеці ў Люсінскай школе спорт любяць.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Ганцавіч Галіна Герман

Гімназія Ганцавіч знаёміла з арганізацыяй пазаўрочнай дзейнасці. І трэба адзначыць, што яна тут вядзецца на высокім узроўні. Многія настаўнікі-прадметнікі паспяхова рыхтуюць сваіх падапечных да алімпіяд, навуковых канферэнцый. Акрамя таго, ідзе грунтоўная падрыхтоўка да ЦЭ і ЦТ. Стабальныя вынікі мінулага года гавораць самі за сябе: і настаўнікі, і вучні ставяцца да гэтага працэсу вельмі адказна.

* * *

Другі дзень прэс-туру прадстаўніцтва Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” на Брэстчыну быў прысвечаны знаёмству з установамі адукацыі Баранавіч.

Гэты дзень пачаўся з рабочай сустрэчы з начальнікам упраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Таццянай Шастак. Размова была прысвечана развіццю супрацоўніцтва з выданнямі “Педагагічнай прэсы”. Акрамя таго, Таццяна Іванаўна звярнула нашу ўвагу на дзве цікавыя падзеі, якія вылучаюць сістэму адукацыі горада. Гаворка ішла пра правядзенне прафарыентацыйных мэтавых кірмашоў для старшакласнікаў (найбліжэйшы прой­дзе ў пачатку лютага) і ноу-хау гэтага года — эстафету ідэй, падчас якой кожная ўстанова адукацыі прадстаўляе свой вопыт, інаватыку і перспектывы развіцця. Эстафета ў самым разгары, скончыцца ў маі (тады мы з Таццянай Іванаўнай разам падвядзём вынікі).

Сістэма адукацыі Баранавіч таксама мае свае традыцыі і адметнасці, якія тыражуюцца на ўсю рэспубліку. Напрыклад, вопыт цэнтра кампетэнцый сучасных тэхналогій у швейнай вытворчасці каледжа тэхналогій і дызайну. Па новыя веды і ўменні  (у каледжы ўстаноўлена найноўшае абсталяванне) сюды прыязджаюць калегі з усёй Беларусі. Работа вя­дзецца праз сеткавую форму ўзае­мадзеяння, што дае магчымасць вызначаць прыярытэтныя напрамкі ў пытаннях падрыхтоўкі кадраў, навукова-метадычным забеспячэнні і арганізоўваць умовы для рэалізацыі шматлікіх творчых праектаў.

Гімназія № 3 Баранавіч прадставіла вопыт арганізацыі і развіцця фізічнай падрыхтоўкі, STEM-адукацыі і захавання гістарычнай памяці. Тут арганізаваны вулічны музей народнай адукацыі. Навучальная ўстанова імкнецца да ўсебаковага развіцця сваіх выхаванцаў.

У сярэдняй школе № 19 па­дзяліліся вопытам стварэння класаў інжынернай накіраванасці і наладжвання сувязей з профільнымі прадпрыемствамі. Вучні інжынернага класа шмат увагі ўдзяляюць вывучэнню фізікі, матэматыкі, чарчэння, інфарматыкі. Акрамя таго, іх падрыхтоўка не абыходзіцца без шматлікіх экскурсій на прымысловасць (станкабудаўнічы завод “Атлант”) і заняткаў у лабараторыях Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Сярэдняя школа № 21 мае ўнікальны вопыт па развіцці музычна-эстэтычнага напрамку. Тут дзейнічаюць тры метадычныя аб’яднанні: агульнаэстэтычнае, народных інструментаў і інструментальнае. Прафесіяналізм педагогаў і талент вучняў у свой час паспрыялі таму, што ў навучальнай установе з’явіліся ўзорныя і народныя калектывы. Зразумела, атрыманыя званні абавязваюць да многага, але пад чулым кіраўніцтвам творчых настаўнікаў здольнасці дзяцей пастаянна развіваюцца. Ды і ахвочых спяваць у хоры, танцаваць або іграць на інструменце менш не становіцца.

Заняткі ў тэхнапарку роўных магчымасцей праводзіць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Андрэй Любас

Сярэднюю школу № 1 Баранавіч ведаюць далёка за межамі горада і вобласці. Тут дзейнічае адзіны ў краіне Музей народнага адзінства, вядзецца актыўная работа па развіцці профільнага навучання: створаны клас міру, Кікоінскі клас, адкрыты класы педагагічнай, прававой накіраванас­ці. А дзіцячы тэхнапарк роўных магчымасцей дае шанс абсалютна кожнаму навучэнцу, бо тут разам з рэзідэнтамі рэалізуецца вялікая коль­касць самых розных праектаў — ад творчых (тэхналагічныя лялькі) да тэхнічных і нават касмічных (распрацаваны спадарожнік).

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА