Як з ігліцы зрабіць ніткі? Адказ на гэтае пытанне ведаюць школьнікі з Калінкавіч

- 11:12Образование

Як з ігліцы зрабіць ніткі? Адказ на гэтае пытанне прынёс перамогу на конкурсе даследчых работ “Я спазнаю свет” Івану Цішкаўцу, школьніку з Калінкавіч, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Месца камунікацыі

Конкурс даследчых работ “Я спазнаю свет”, ідэйнымі натхняльнікамі і арганізатарамі якога выступілі педагогі светлагорскай сярэдняй школы № 11 — Школы міру, аб’яднаў навучэнцаў з Беларусі і Расіі. Ва ўстанове адукацыі гасцінна прымалі ўдзель­нікаў конкурсу — навучэнцаў 1—4 класаў. Тэма дакладаў “О лес, ты свет!” выклікала ў дзяцей непадробленую ціка­васць.

Паводле слоў дырэктара сярэдняй школы № 11 Святланы Самуйлавай, у конкурсе было прадстаўлена 166 даследчых работ. Пераможцы вызначаны ў намінацыях “Юны даследчык”, “Юны эколаг”, “Зялёная аптэка”, “Незвычайнае ў звычайным”, “Крэатыўны падыход да даследавання”. Лепшага аратара выбралі прадстаўнікі дзіцячага журы.

— У працэсе падрыхтоўкі да конкурсу ў арганізатараў узнікла ідэя стварыць педагагічную пляцоўку, якая прадаставіць магчымасць настаўнікам пачатковых класаў, якія займаюцца арганізацыяй даследчай дзейнасці, абменьвацца думкамі, абмяркоўваць тэмы і проста размаўляць. “Педагагічная майстэрня “Крыніца” (так будзе называцца наша пляцоўка), спадзяёмся, стане месцам актыўнай камунікацыі людзей з агульнымі інтарэсамі і мэтамі, — падкрэс­ліла Святлана Андрэеўна.

Эксперымент атрымаўся

Як і многія навучэнцы, летам будучы трэцякласнік Іван Цішкавец наведваў школьны аздараўленчы лагер гімназіі. Кожны дзень у ім быў насычаным і цікавым, і ў адзін з іх хлопчык знаёміўся з лекавымі раслінамі, якія растуць на мясцовасці. Педагогі расказвалі, што звычайна з іх робяць настоі, гарбату і нават вараць суп. У дзень этнічнай культуры Іван наведаў Калінкавіцкі дзяржаўны краязнаўчы музей, дзе шмат чаго даведаўся пра народныя промыслы, у тым ліку пра ткацтва. Як аказалася, з многіх раслін нашы продкі атрымлівалі пражу і стваралі адзенне. І тут Іван задумаўся, ці можна атрымаць пражу з лекавых раслін. Ці атрымаецца з ігліцы зрабіць ніткі, ён пацікавіўся ў маці. А потым вырашыў пашу­каць адказ сам. Паколькі мама Івана — творчы педагог, які выкладае інфарматыку ў гімназіі, то дапытлівасць сына падтрымала і дапамагла рэалізаваць яго ідэю ў пас­пяховы праект.

— Удзельнічаем у даследчым конкурсе не першы раз, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Калінкавіч настаўніца інфарматыкі Вольга Цішкавец. — У мінулым навучальным годзе прадстаўлялі праект “Дзіўныя акваарэшкі”, такія арэшкі ўпершыню мы з сынам убачылі ў вадаёмах Ельскага раёна. Як аказалася, вадзяны арэх мае шмат назваў і легенду, звязаную з ім. А сёлета ўзяліся за ігліцу. Лясныя расліны могуць даць чалавеку магчымасць атрымаць ніткі для вырабу экалагічна чыстага адзення без шкоды для навакольнага асяроддзя. Сталі шукаць метады, знайшлі нават старажытныя, але ўсё ж вырашылі здабываць ніткі больш сучасным спосабам.

Вывучаючы літаратуру, Іван даведаўся, што хвоя валодае гаючымі і нават магічнымі ўласцівасцямі. Нашы продкі, адпраўляючыся на вайну, апраналі хваёвыя абярэгі, клалі іх немаўлятам у падгалоўе калыскі. Тканыя вырабы з гэтай расліны служылі абярэгам ад дрэннага вока, надавалі сіл і энергіі. Хвою з даўніх часоў і да сённяшняга дня шырока выкарыстоўваюць у лячэбных мэтах. Тканіны з хваёвага валакна здымаюць боль, рэгулююць ціск, паляпшаюць кровазварот. Вырабы з хвоі саграваюць у холад, дапамагаюць перанесці спякоту, захоўваюць цяпло лепш, чым шэрсць жывёл. Хвоя валодае бактэрыцыдным, супрацьзапаленчым дзеяннем. З даўніх часоў высушанай ігліцай пасыпалі раны. Пры прас­тудных захворваннях заварвалі ігліцу хвоі кіпенем і паласкалі атрыманым настоем горла. Экстракты з хваёвых пупышак, шышак, ігліцы спрыяюць разрэджванню слізі ў бронхах, стымулююць сардэчную дзей­насць, аказваюць станоўчае ўздзеянне на суставы. А калі прачыталі, што даўней была вядома так званая лясная шэрсць (кудзелісты матэрыял, які даставалі з хваёвых іголак), то зразумелі, што эксперымент з ігліцай атрымаецца. Дарэчы, хваёвае адзенне лічылася не толькі цёплым, але і вельмі карысным. Гаючыя ўласцівасці такой шэрсці цалкам зразумелыя: яе дзеянне падобна да дзеяння сагравальных мазяў, якія прымяняюцца з мэтай паляпшэння кровазвароту. У цэлым гэта вельмі зручны пазасезонны матэрыял.

— Ад ідэі да рэалізацыі праекта прайшло некалькі месяцаў: спачатку збіралі іголачкі (ветранае надвор’е спрыяла добраму “ўраджаю” ігліцы), затым іх выварвалі, раскачвалі качалкай, — азнаёміла з этапамі эксперымента настаўніца. — А які пах быў у доме, калі мы варылі ігліцу — сапраўдны лясны водар! Затым трэба было расслаіць іголкі на валакно. Адна іголачка магла даць ад 3 да 12 валокнаў, потым валакно звівалася, і атрымліваліся ніткі. Дзіцяці было вельмі цікава ўдзельнічаць ва ўсіх этапах эксперымента, і, вядома, нам прыемна, што праект заўважылі і журы высока ацаніла яго, адзна­чыўшы дыпломам І ступені.

Праект не толькі аб’яднаў яго ўдзельнікаў, але і наглядна паказаў сваю практычную значнасць для навакольнага асяроддзя, што немалаважна. А яшчэ педагог адзначыла, што ёй падабаецца працаваць з малымі дзецьмі.

— З вучнямі пачатковых класаў гімназіі ствараем пластылінавыя мультфільмы, — расказала В.Цішкавец. — З дапамогай пакадравай анімацыі ажыўляем герояў, і дзеці самі агучваюць яркіх персанажаў. Першы мульцік атрымаўся не толькі займальным, але і пазнавальным, бо мы стварылі мультфільм на аснове легенды аб родным горадзе. Дзецям вельмі падабаецца такая творчая дзейнасць. Да таго ж у вучняў развіваецца дробная маторыка, уседлівасць, а яшчэ яны вучацца пераадольваць страх публічнага выступлення. З узростам дзеці стануць больш упэўненыя ў сабе, у сваіх сілах і творчых здольнасцях. Гэта выдатна.

На ўроках інфарматыкі настаўніца імкнецца ўцягнуць у вучэбны працэс кожнага навучэнца, выкарыстоўваючы розныя актыўныя формы работы, урокі-праекты, урокі-конкурсы. Дзецям падабаецца гэты прадмет, гімназісты адзна­чаюць і асабіс­тыя якасці педагога — добразычлівасць, спагадлівасць, крэатыўнасць, а яшчэ гавораць, што за такім педагогам хочацца ісці наперад да дасягненняў і перамог.

— Вядома, імкнуся заха­піць юных знаўцаў, каб у іх узнікла жаданне спяшацца да мяне на заняткі, — прызнаецца суразмоўніца. — На кожны ўрок рыхтую нешта новае для дзяцей. Іх штораз чакае цікавае падарожжа ў пазнавальны свет інфармацыйных тэхналогій. Выкарыстоўваю творчыя заданні, якія дапамагаюць запа­ліць іскру цікавас­ці ў вучнях, бо лічу, што ро­зум дзіцяці — гэта не посуд, які трэба запоўніць, а факел, які трэба запа­ліць. Часам бывае, што пасля званка з урока дзеці не спяшаюцца на перапынак. З асаблівым задавальненнем інфарматыкай займаюцца вучні 6—7 класаў.

Падчас гутаркі высветлілася, што Вольга Іванаўна выбрала педагагічны шлях невыпадкова. Яна пайшла па слядах маці, настаўніцы працоўнага навучання. Маленькая Вольга з дзяцінства назірала, як мама рыхтавалася да ўрокаў, і старалася ад яе не адставаць, гуляючы, і сама вучыла лялек. 11 гадоў яна пераступала парог роднай гімназіі ў якасці вучаніцы і ўжо 13 гадоў робіць гэта ў якасці педагога і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце.

— Працаваць вельмі падабаецца, асаб­ліва з дзецьмі. Ад настаўніцкай дзейнасці атрымліваю адно задавальненне, — шчыра прызналася Вольга Іванаўна. — На маю думку, трэба зацікаўліваць сваім прадметам, каб дзецям хацелася прыходзіць на ўрокі.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва Вольгі ЦІШКАВЕЦ