Выяўленчае мастацтва ў пачатковых класах: вопыт віцебскага педагога

- 16:14Образование

Вашай увазе вопыт работы па фарміраванні і развіцці творчых навыкаў на занятках факультатыву па выяўленчым мастацтве ў пачатковых класах.

Выяўленчая творчасць навучэнцаў у пачатковых класах у аснове сваёй дэкаратыўная і маляўнічая. Аднымі з першых у пачатку навучальнага года праводзяцца заняткі на тэму “Залатая восень”. Пачынаю іх так: “Уявіце, што вам трэба намаля­ваць карціну пра восень. Падумайце, якімі фарбамі вы намалюеце неба, воблакі, старыя і маладыя дрэвы (бярозы, елкі, хвоі), лісце, зямлю, лес у цэлым”. Даю дзецям права выбару, якую восень яны хацелі б пака­заць. І стаўлю перад імі яшчэ адну задачу: “Паспрабуйце перадаць ваша стаўленне да адлюстравання восені ў пачатку работы. А ў канцы работы раскажыце мне, пра што думалі, калі малявалі”.

Аналіз дзіцячых работ праводжу ў канцы заняткаў. Лепшыя малюнкі выстаўляю перад навучэнцамі, адзначаю добрыя якасці кожнай работы. Вучу дзяцей ацэньваць малюнкі, каб у будучыні яны не паўтаралі сваіх памылак.

Адны з заняткаў факультатыву былі прысвечаны тэме “Тканіна для сукенкі Мальвіны”, узор для якой навучэнцы складалі з лісця, кветак і ягад. У пачатку заняткаў была праведзена гутарка аб рабоце тэкстыльшчыкаў, аб тым, што ў нашай вобласці ёсць найбуйнейшы ў краіне Аршанскі льнокамбінат, які выпускае на сучасных ткацкіх станках вельмі прыгожыя льняныя вырабы. Навучэнцы вызначылі характэрныя асаблівасці стварэння ўзору на тканіне, разгледзелі рытмічнае чаргаванне і паўтарэнне аднолькавых элементаў. Пасля гэтага ім было дадзена заданне падумаць над узорам тканіны для сукенкі Мальвіны. Спачатку дзеці спрабавалі выкладваць лісце ў розных напрамках, уяўлялі будучы ўзор. Затым, намазаўшы лісце з адваротнага боку гуашшу, рабілі адбіткі. Вучні фантазіравалі, дабаўляючы да атрыманага ўзору дэталі, крапіны, гарошыны, хвалістыя лініі. Пасля калектыўнага абмеркавання гэтыя работы адправіліся на выставу. Такія маленькія выставы ствараюцца пасля кожных заняткаў.

На занятках па тэме “Горад сонца” дзеці малявалі сонца. У кожнага з іх склаўся свой вобраз сонца. Многія навучэнцы ў сваіх работах адлюстравалі мару аб міры на нашай планеце, а галоўным героем усіх малюнкаў стала сонейка, вялікае і добрае, якое сагравае зямлю цёплымі промнямі. Гэтая і папярэднія работы яшчэ раз пацвярджаюць неабход­насць выкарыстання розных тэхнік малявання для развіцця фантазіі і вобразнага мыслення ў дзяцей малодшага ўзросту. Далучэнне да мастацтва беларускага народа адыгрывае станоўчую ролю ў выхаванні такога высокага пачуцця, як патрыятызм, гордасць за свой край і свой народ.

У нашай гімназіі № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава (дырэктар А.Л.Кісялёў) стала традыцыяй кожны месяц абнаўляць выставу малюнкаў навучэнцаў, а напрыканцы года лепшыя работы, выкананыя на занятках факультатыву, уручаць бацькам. Такім чынам бацькі бачаць поспехі дзяцей у выяўленчым мастацтве. За год наведвання факультатыву навучэнцы вучацца больш упэўнена карыстацца прыладамі для малявання, смела выкарыстоўваць палітру для змешвання фарбаў, набываюць элементарныя навыкі пабудовы кампазіцыі і ўменне бачыць перавагі і недахопы ў кампазіцыйным рашэнні сваіх работ і малюнкаў таварышаў. Акрамя таго, на занятках хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з рознымі відамі народнага мастац­тва, у тым ліку з творчасцю майстроў роднага краю. Вобразы, створаныя народнымі майстрамі, падахвочваюць дзяцей да творчасці, знаёмяць са здабыткамі працаўнікоў зямлі, на якой яны жывуць.

У якім бы кутку нашай Беларусі ні жыў і ні працаваў педагог, ён усюды можа знайсці найцікавейшы матэрыял, які дапаможа яму выхаваць у дзецях любоў да сваёй краіны, гордасць за родны край і развіць цікавасць да творчасці.

Інеса ПАНІЗОВІЧ,
педагог факультатыву па выяўленчым мастацтве
гімназіі № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава