Фарміруем у дашкольнікаў каштоўнаснае стаўленне да Радзімы: формы і метады работы

- 15:35Образование

Пачуццё любові да Радзімы ў дзяцей дашкольнага ўзросту пачынаецца з яркіх уражанняў ад тых месцаў, у якіх яны часцей за ўсё бываюць.

Захапляючыся прыгажосцю прыроды роднага краю, яго славутасцямі, выхаванцы праяўляюць цікавасць да жыцця, гісторыі і культуры горада. І хоць многія ўражанні яшчэ не ўсвядомлены імі глыбока, яны іграюць велізарную ролю ў станаўленні асобы маленькага патрыёта.

Каб сфарміраваць у выхаванцаў каштоўнаснае стаўленне да малой радзімы, выкарыстоўваем разнастайныя формы і метады работы. У нашым дзіцячым садзе рэалізуецца адукацыйны праект “Усё тут блізкае і роднае”. Асноўная яго мэта — фарміраванне ў выхаванцаў пазнавальнай цікавасці да гісторыі ўзнікнення Круглага і гераічнага мінулага свайго народа.

У ходзе рэалізацыі праекта былі распрацаваны: аўтарскія гульнявыя дапаможнікі “Займальны рухомы куб “Мая малая радзіма”, які дазваляе выкарыстоўваць розныя варыяцыі гульняў і практыкаванняў з дзецьмі; гексагон “Мой родны край”, пабудаваны на прыёмах ТРВЗ-тэхналогіі; гульня “Кветка Кругляншчыны”, якая знаё­міць са славутасцямі і памятнымі мясцінамі горада; лэпбукі з займальнымі і цікавымі гульнямі-падарожжамі. Узнікненню ў маленькіх грамадзян пачуцця датычнасці да жыцця раёна ў значнай меры спрыяюць мультымедыйныя прэзентацыі і віртуальныя экскурсіі “Наш гісторыка-края­знаўчы музей”, “Па старонках Чырвонай кнігі: жывёлы Круглянскага раёна”, “Рака Друць”.

Не менш важным аспектам патрыятычнага выхавання дзяцей з’яўляецца цесная ўзаемасувязь з бацькамі. У гэтым напрамку часта выкарыстоўваем чэленджы і фотаквесты. Эфектыўнай формай арганізацыі ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў з’яўляюцца і маршруты выхаднога дня. Педагогамі распрацаваны сямейныя прагулкі “Па месцах памяці герояў”, “Да памятнага знака “Падкова”, “Мінулае майго горада”. Падарожнічаючы ўсёй сям’ёй, дзеці даведваюцца шмат цікавага пра тое месца, у якім яны нара­дзіліся і жывуць.

Патрыятычныя пачуцці дзяцей развіваем і праз творчую дзейнасць. Нашы выхаванцы з’яўляюцца пераможцамі конкурсаў “Я родным краем ганаруся”, “У адзінс­тве пакаленняў — сіла краіны” і іншых. Выхаваць патрыёта — адказная і складаная задача, вырашэнне якой у дашкольным дзяцінстве толькі пачынаецца. Мы, педагогі, робім усё магчымае, каб закласці ў нашых выхаванцах правільныя каштоўнас­ці і арыенціры.

Антаніна БОРБАТ,
выхавальніца дзіцячага сада № 2 Круглага