Вучым англійскай мове: інтэрактыўны плакат як эфектыўны сродак

- 15:42Образование

Сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі прапаноўваюць шырокі спектр магчымасцей для адукацыі, істотна ўзмацняючы яе эфектыўнасць і паляпшаючы якасць вучэбнага працэсу.

У працэсе навучання англійскай мове эфектыўным сродкам з’яўляецца выкарыстанне інтэрактыўных плакатаў. Адзін з прыкладаў — інтэрактыўны плакат Easy English for everyone, які распрацаваны мной для навучэнцаў 5-х класаў. Сёлета інтэрактыўны плакат атрымаў дыплом ІІІ ступені ў абласным конкурсе “Педагагічная IT-мазаіка”.

Мэта інтэрактыўнага плаката Easy English for everyone заключаецца ў стварэнні ўмоў для эфектыўнага вывучэння англійскай мовы праз гульнявыя рэсурсы як на вучэбных занятках, так і ў пазакласнай рабоце. Ён дапаможа навучэнцам лепш засвойваць і замацоўваць лексічны і граматычны матэрыял.

Галоўныя задачы плаката:

  • павысіць матывацыю вучняў да вывучэння замежнай мовы;
  • азнаёміць з рознымі сэрвісамі Web 2.0 і далучыць навучэнцаў да іх;
  • стварыць электронны дапаможнік па вучэбным прадмеце для педагогаў і вучняў.

Інтэрактыўны плакат Easy English for everyone распрацаваны на аснове вучэбнага дапаможніка для 5 класа “Англійская мова. 5 клас: вучэбны дапаможнік у дзвюх частках”.

Плакат складаецца з 9 раздзелаў, кожны з якіх уключае 10 вучэбных заняткаў. Увесь матэрыял сістэматызаваны для зручнасці выкарыстання.

Для стварэння інтэрактыўнага плаката быў выкарыстаны анлайн-сэрвіс Genial.ly, які дазволіў уключыць тэкставы і мультымедыйны кантэнт, а таксама актыўныя элементы кіравання зместам. У плакаце выкарыстоўваюцца розныя інтэрактыўныя элементы, гульні і заданні, створаныя з дапамогай анлайн-канструктараў LearningApps, Wordwall.net, Quizlet.com, Educaplay, Conqr і інш. Акрамя таго, у працэсе стварэння плаката актыўна выкарыстоўваўся YouTube і шматлікія інструменты Google, такія як Google-прэзентацыі і Google-формы.

Дзякуючы выкарыстанню інтэр­актыўнага плаката Easy English for everyone, у вучняў з’явілася матывацыя да вывучэння замежнай мовы. Пры вывучэнні лексікі навучэнцам прадастаўляецца дэманстрацыйны матэрыял у выглядзе малюнкаў, аўдыяматэрыял для праслухоўвання і непасрэдна лексічныя адзінкі для запамінання іх напісання. Падчас выканання заданняў у навучэнцаў ёсць магчымасць убачыць свае памылкі, а значыць, яны могуць перарабіць практыкаванні. Вывучаючы граматычны матэрыял, вучні могуць выкарыс­таць відэатлумачэнне, а таксама схемы правіл. Замацаваць матэрыял дапамагаюць практыкаванні па адпаведнай тэме, якіх у нас вельмі многа.

Для выкарыстання інтэрактыўнага плаката ў адукацыйным працэсе неабходны тэхнічныя сродкі навучання з доступам у інтэрнэт: мультыборд, інтэрактыўная дошка, планшэт, персанальны камп’ютар або праектар.

Выкарыстанне інтэрактыўных практыкаванняў, прэзентацый, апытанняў і шматлікіх электронных адукацыйных рэсурсаў падчас урока англійскай мовы стварае атмасферу, якая матывуе і падштурхоўвае навучэнцаў да актыўнага абмеркавання тэмы, а ў далейшым — да самастойнага вывучэння матэрыялаў. Яркая і разнастайная форма работы дапамагае вучням лёгка засвойваць матэрыял.

Вольга БУЙКО,
настаўніца англійскай мовы
сярэдняй школы № 1 Фаніпаля Дзяржынскага раёна