Унікальны праект «3D­шпіталь: #ВЕДАЕМ! #ПАМЯТАЕМ! #ГАНАРЫМСЯ!» распрацаваны ў сярэдняй школе № 3 Дзятлава

- 13:07Новости

Унікальны праект “3D­шпіталь: #ВЕДАЕМ! #ПАМЯТАЕМ! #ГАНАРЫМСЯ!” распрацаваны ў сярэдняй школе № 3 Дзятлава.

У нашай установе адукацыі ўжо ёсць станоўчы вопыт рэалізацыі праекта-біяграфіі “Ліпічанскі Сусанін”, які дапамог уцягнуць навучэнцаў у актыўную пошукавую, творчую дзейнасць. У хо­дзе даследавання ўстаноўлена, што на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся партызанскі шпіталь, таму было прынята рашэнне аб аднаўленні яго гісторыі.

З’явілася ідэя выкарыстоўваць трэкер-тэхналогіі, што дапамагло больш актыўна прыцягнуць школьнікаў да вывучэння гісторыі партызанскага руху на Дзятлаўшчыне. У склад каманды ўвайшлі педагогі, а таксама навучэнцы, актыўныя ўдзельнікі работы маладзёжнага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў. Падключыліся і нашы сацыяльныя партнёры: аддзел адукацыі і сектар спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама, раённая газета “Перамога”, БРПА, БРСМ, маладзёжны парламент, Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей, бацькі. Узначальвае праектную дзей­насць пошукавы штаб “Памяць”.

Фрагмент віртуальнай рэканструкцыі партызанскага шпіталя

У планах было аднаўленне гісторыі дзейнасці партызанскага шпіталя, стварэнне электроннага альбома, вір­туальнага макета, інтэрнэт-сайта, якія б сталі асновай для дакументальнага фільма пра дзейнасць партызанскага шпіталя.

Мы знайшлі ўспаміны былога начальніка шпіталя Ленінскай партызанскай брыгады Івана Елізаравіча Калмыкова. Ён адзначае, што першапачаткова шпіталь знаходзіўся каля вёскі Вострава Зэльвенскага раёна, потым у вёсцы Скрундзі, дзе пад шпіталь свой дом аддаў Міхась Антонавіч Яраш. Лячыў параненых і хворых партызан доктар Лапушанскі. У жніўні 1942 года немцы наладзілі блакаду партызан. Таму шпіталь перадыслацыраваўся ў Дубароўшчынскі лес. Наступіла восень, першыя замаразкі. З дапамогай Іосіфа Юр’евіча Філідовіча была знойдзена стаянка ў Ліпічанскай пушчы, недалёка ад яго хутара. Ён прапанаваў месца сярод непраходных балот.

Так і з’явіўся шпіталь на вост­раве. Выкапалі зямлянкі пячорнага тыпу, пабудавалі пякарню, лазню, склады, усё добра замаскіравалі. Параненых дастаўлялі на спецыяльных насілках. Да пачатку другой блакады на востраў прывезлі каля 50 параненых партызан. Пастаянная работа шпіталя пачалася з 12 снежня 1942 года. Паводле звестак ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна, у склад персаналу ўвайшлі тры ўрачы, дзве медсястры і санітары.

Немцы не супакойваліся, пачалася чарговая блакада. Партызанскаму шпіталю рухацца было нельга. Па загадзе камбрыга засталіся на сваім месцы, прынялі ўсе меры засцярогі, замаскіраваліся, знялі ўсе падыходы-кладкі, якія вялі да вострава. З гэтым месцам і звязаны подзвіг Іосіфа Філідовіча, які завёў карнікаў у непраходнае балота, каб выратаваць шпіталь.

Вывучэнне фондаў Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея, перапіска з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь дазволілі ўстанавіць і дакументальна пац­вер­дзіць склад медыцынскага і абслуговага персаналу партызанскага шпіталя. За мужнасць і гераізм пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў атрад медыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Матэрыялы праекта былі прадстаўлены Настассяй Шавель, пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”, падчас міжнароднага праекта “Цягнік Памяці — 2023”. У школьным музеі “Вытокi” створана тэматычная экспазіцыя “Востраў выратавання”, інтэрактыўная экскурсія “Партызанская быль”. Пачалася работа па прысваенні ўстанове адукацыі імя партызанскага сувязнога І.Ю.Філідовіча.

Першым этапам па стварэнні жывой гісторыі партызанскага шпіталя стала віртуальная рэканструкцыя — аднаўленне аб’екта ў трохвымернай прасторы. Разгледзелі неабходнае праграмнае забеспячэнне і зрабілі выбар на карысць Blender. Прайшлі неабходнае навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку па напрамку “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі”.

Асноўнымі крыніцамі віртуальнай рэканструкцыі партызанскага шпіталя выступілі структура размяшчэння зямлянак на яго тэрыторыі, складзеная былым настаўнікам гісторыі Міхаілам Іванавічам Лук’янчыкам, фота захаваных абрысаў партызанскіх зямлянак. Вывучалі інтэрнэт-рэсурсы, літаратурныя крыніцы. Варта адзначыць, што створаная намі віртуальная мадэль партызанскага шпіталя не з’яўляецца яго гістарычна дакладнай копіяй, бо шматлікія даныя аб знешнім выглядзе, асабліва аб унутраным напаўненні зямлянак, адсутнічаюць у крыніцах, даступных для даследавання.

Падчас адкрыцця турыстычнага маршруту № 469 “Партызанскай сцяжынай па Ліпічанскай пушчы”

Наступным этапам стала правядзенне тэатралізаванай пастаноўкі аб жыцці партызанскага шпіталя. Для напісання сцэнарыя выкарыстоўваліся адноўленыя імёны медыцынскага персаналу. Вынікам стала ўключэнне партызанскага шпіталя ў турыстычны маршрут № 469 “Партызанскай сцяжынай па Ліпічанскай пушчы”. “Жывая гісторыя” партызанскага шпіталя дазволіла прыцягнуць да яго вялікую ўвагу навучэнцаў і іх бацькоў. Партызанскі шпіталь унесены ў рэестр турыстычных аб’ектаў Дзятлаўскага раёна.

Большасці ўдзельнікаў партызанскага руху ўжо няма ў жывых. Але засталіся іх лісты, успаміны, дакументы ў архівах, якія патрабуюць больш дбайнага і ўважлівага вывучэння. Прааналізаваўшы архіўныя даныя, параўнаўшы іх з успамінамі відавочцаў, нам удалося аднавіць гісторыю партызанскага шпіталя на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы, стварыць рэальную і віртуальную рэканструкцыю.

Марыя ШАВЕЛЬ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 3 Дзятлава
Фота аўтара