Педагог спецшколы Аршанскага раёна: «Мы рэабілітуем вучняў праз далучэнне да спартыўнага і грамадскага жыцця»

- 15:42Образование

Вучні спецыяльнай школы Аршанскага раёна штогод удзельнічаюць і перамагаюць у спаборніцтвах па спецыяльных алімпійскіх відах спорту — настольным тэнісе, плаванні, бочэ, боўлінгу, футболе, што праводзяцца пад эгідай Беларускага камітэта «Спешыял Алімпікс» пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У 2012 г. у гэтай установе адукацыі заснаваны Клуб юных алімпійцаў, які атрымаў сертыфікат і дыплом прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Віцебскай вобласці за ўкараненне алімпійскай педагогікі ў сістэму спецыяльнай адукацыі.

Галоўнымі спартыўнымі каманднымі дасягненнямі вучняў школы на рэспубліканскіх спаборніцтвах пад эгідай Беларускага камітэта «Спешыял Алімпікс» у 2021-м сталі 3-е месца па плаванні і 2-е па настольным тэнісе; у 2022-м — 2-е месца па бочэ і 1-е па футболе; у 2023-м яны сталі лідарамі па боўлінгу.

— Гордасць нашай школы сёння — гэта вучні Арцём і Мікіта Буянавы, Данііл Гудына, Вольга Стэльмашук, Ульяна Бельская — пастаянныя ўдзельнікі і пераможцы гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, — адзначае настаўніца адаптыўнай фізічнай культуры Алена Нікалаева. — Мы рэабілітуем дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю праз далучэнне да спартыўнага і грамадскага жыцця. Адаптыўная фізкультура — найбольш эфектыўны сродак захавання і паляпшэння здароўя. Падчас фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў нашы вучні выконваюць даступныя для іх комплексы практыкаванняў, удзельнічаюць у рухавых гульнях. На ўроках я вучу дзяцей самастойна рабіць практыкаванні, суадносіць свае намаганні з намаганнямі іншых, слухаць і разумець аднакласнікаў, дапамагаць і прымаць дапамогу. Заняткі для нас — гэта радасць ад працэсу атрымання новых ведаў і асваення новых рухальных дзеянняў, перадоленне перашкод і выпраўленне памылак, вопыт міжасобасных узаемаадносін. Любая спартыўная гульня патрабуе высокай дысцыпліны, умення падпарадкоўваць свае інтарэсы і жаданні інтарэсам калектыву.

Педагог праводзіць урокі-спаборніцтвы па футболе, валейболе, баскетболе, урокі-гульні, арганізоўвае праблемныя дыспуты, кансультацыі, сустрэчы «Спартыўная гордасць Аршаншчыны», экскурсіі ў музей алімпійскай славы і г. д.

На базе спецыяльнай школы Аршанскага раёна штогод ладзяцца гарадскія спартыўна-масавыя мерапрыемствы для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Вясёлкавыя старты», адкрыты спартыўны турнір «Свет без меж». Конкурсныя праграмы мерапрыемстваў арыентаваны на магчымасці кожнага дзіцяці.

Каманда Віцебскай вобласці, у якую ўваходзяць вучні школы, на працягу 20 гадоў прымае ўдзел у рэспубліканскім конкурсе «Усе разам» па развіцці рухальнай актыўнасці дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця. Спаборніцтвы праходзяць пад прыгожым дэвізам «Дай мне перамагчы! Але калі я не змагу, то няхай я буду адважным у гэтай спробе!».

Педагогі спецыяльнай школы сталі памочнікамі і вядучымі конкурсаў на XV Рэспубліканскім комплексным спартыўна-масавым мерапрыемстве «Усе разам» у Оршы. У 2023 г. настаўнікі і вучні школы прынялі ўдзел у канферэнцыі «Падарожжа ў часе», прысвечанай 30-годдзю грамадскага аб’яднання «Беларускі камітэт «Спешыял Алімпікс» у Рэспубліцы Беларусь.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы