«Мастацтва акружае нас паўсюль». Сваім вопытам работы дзеліцца педагог сеніцкай школы Святлана Гулевіч

- 9:00Главная, Образование

Калі настаўніца мастацтва сеніцкай сярэдняй школы № 2 Мінскага раёна Святлана Гулевіч выклікае навучэнцаў да дошкі, то просіць іх уявіць, што яны выступаюць на сцэне. Педагог заўсёды нагадвае, што ўпэўненасць у сабе і ўменне паслядоўна і прыгожа выказваць думкі — гэта таксама мастацтва, валодаць якім павінен кожны адукаваны вучань. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўнік для Беларусі

Варыянта не пайсці ў педагогіку ў Святланы Гулевіч не было. Яе мама Ніна Фёдараўна Хрытоненка і бабуля Глафіра Пятроўна Хрытоненка выкладалі ў пачатковай школе. А маленькая Святлана любіла маляваць генеалагічнае дрэва, у якім яна педагог у трэцім пакаленні.

“Для мяне школа — гэта тое месца, дзе можна ўвасобіць усе свае педагагічныя ідэі і задумы, — пачынае размову Святлана Леанідаўна. — Выбар прафесіі педагога не быў выпадковым. Я бачыла, як працуюць мае бабуля, мама, і заўсёды ўяўляла сябе на іх месцы. Калі вучылася ў школе, вельмі любіла мастацтва, літаратуру, музыку, нават пісала вершы”.

Першым яе творчыя таленты і любоў да паэтычнага слова заўважыў настаўнік рускай мовы і літаратуры Андрэй Аляксандравіч Пайгерт. Менавіта па яго ініцыятыве і з яго дапамогай быў выдадзены зборнік вершаў Святланы Гулевіч.

Пасля заканчэння факультэта мастацкай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры Святлана Леанідаўна атрымала кваліфікацыю “педагог. Рэжысёр” і пачала выкла­даць у сеніцкай сярэдняй школе мастацтва і тэатральныя дысцыпліны. Педагог прызнаецца, што задавальненне ад безадзнакавага навучання мастацтву пачала атрымліваць толькі сёння, праз тры гады педагагічнай дзейнасці. Паглядзець на гэтую дысцыпліну пад іншым вуглом дапамог удзел у пятай праграме “Настаўнік для Беларусі”.

“Удзел у праграме — гэта магчымасць паглядзець на выкладанне і метадычную работу іншымі вачыма, — тумачыць Святлана Гулевіч. — Безадзнакавая сістэма дапамагае дзецям не баяцца праяўляць сябе. Лічу, што ў адносінах да прадмета, які выкладаю, так і павінна быць. Мастацтва ў глабальным сэнсе гэтага слова цяжка ацаніць, гэта вельмі суб’ектыўная рэч. Мая задача як педагога — зрабіць так, каб дзеці палюбілі ўрокі, каб зразумелі, што ім падабаецца, каб умелі слухаць сябе і свае жаданні”.

Для таго каб трапіць у праграму “Настаўнік для Беларусі”, педагог прайшла чатыры этапы адбору, сярод якіх анкета, дыстанцыйнае інтэрв’ю, групавы тур і летні інтэнсіў. Далей — толькі павышэнне прафесійнага майстэрства і пошук новых метадаў і прыёмаў выкладання.

“Незалежна ад таго, прымае настаўнік удзел у праграме ці не, ён усё роўна павінен павышаць сваё педагагічнае майстэрства і шукаць для гэтага розныя варыянты, — дзеліцца думкамі С.Гулевіч. — Што тычыцца майго ўдзелу ў праекце, то дзякуючы яму я вызначыла для сябе шмат новых падыходаў да ўзаемадзеяння з класам, з кожным асобным дзіцем. Каб прасачыць, ці правільна арганізоўваем урок, мы павінны яго распрацоўку штомесяц адпраўляць куратарам і метадыстам. Менавіта яны знаходзяць кропкі росту для павышэння нашых педагагічных кампетэнцый. Усё гэта дае вялікую падтрымку і дазваляе ўпэўнена рухацца наперад. За паўгода ўдзелу ў “Настаўніку для Беларусі” заўважаю, што пачала інакш узаемадзейнічаць з дзецьмі, і бачу: на ўроках ім стала цікавей”.

У межах выкладання прадмета і ўдзелу ў праграме Святлана Гулевіч пачала рэалізацыю школьнага праекта па падтрымцы дзіцячых ініцыятыў. Гэтая тэма актуальная для сеніцкай сярэдняй школы № 2 па адной простай прычыне. Улічваючы, што ўстанова адукацыі мае эстэтычны ўхіл, навучэнцы спрабуюць сябе ў многіх відах мастацкай дзейнасці. Для таго каб атрымаць вынік на школьным, а пасля і на раённым, абласным узроўнях, дзецям патрэбна дапамога.

“У нашай школе многа таленавітых дзяцей, якім трэба дапамагчы зра­біць першы крок у тым ці іншым кірунку, — дадае педагог. — Калі вучні бачаць, што мо­гуць разлічваць на настаўніка, што ён іх падтрымлівае, у іх з’яўляецца больш веры ў саміх сябе. Калі я была вучаніцай, то атрымлівала такую падтрымку і ведаю, наколькі яна важная”.

Эстэтыка і смеласць

Сказаць, што ў школьным раскладзе ўрок па мастацтве адзін з самых лёгкіх, будзе вялікай памылкай. Каб выхаваць у дзіцяці эстэтычны густ, наву­чыць ба­чыць у карцінах вялікіх мастакоў сэнс ці заха­піць тэатрам, настаўніку трэба прыкласці шмат намаганняў. Але ў першую чаргу вучняў трэба зацікавіць прадметам, упэў­ніць у тым, што ён ім патрэбен і дапаможа ў жыцці.

“Калі толькі пачынаем вывучаць дысцыпліну ў 5 класе, я тлумачу дзецям, што мастацтва акружае нас паўсюль. Тое, як мы апранаемся, як размаўляем, як паводзім сябе, — гэта мастацтва, — прыводзіць прыклад педагог. — Архітэктура, якую бачым, калі ­ідзём па вуліцы, ландшафтны дызайн — таксама. Чым больш прыгажосці мы заўважаем, тым больш адукаванымі ў мастацкім плане становімся. Са старэйшымі вучнямі любім паразва­жаць, для чаго ім тыя ці іншыя веды, як яны змогуць прымяніць іх у жыцці. Мяне радуе, што на большасць пытанняў, якія задаю, дзеці ведаюць адказ”.

Урокі-разважанні — адна з найбольш цікавых форм узаемадзеяння з навучэнцамі. Іх можна праводзіць пасля наведвання выставы альбо пасля прагляду спектакля. Відавочна, што такая работа з дзецьмі ажыццяўляецца пасля таго, як была пройдзена адпаведная тэма, веды па якой візуальна замацаваны паходам у мастацкую галерэю ці ў тэатр.

“Я вельмі люблю ха­дзіць на выставы, у тэатр і дзяцей таксама прывучаю да такога спосабу самаадукацыі, — дадае Святлана Гулевіч. — Сённяшнія школьнікі не любяць, калі з імі размаўляеш на перспектыву, маўляў, калі вырас­туць, ім абавязкова спатрэбяцца тыя ці іншыя веды, каб падтрымаць размову з адукаванымі людзьмі. Дзецям трэба бачыць вынік тут і зараз, таму стараюся будаваць заняткі так, каб навучэнцы не проста набывалі веды, а адчувалі сябе неад’емнай часткай сённяшняй культуры”.

У кантэксце вывучэння сусветнага мастацтва Святлана Гулевіч асаблівую ролю надае беларускай культурнай спадчыне. Педагог і дзеці любяць параўноўваць цяперашнія традыцыі са здабыткамі мінулага. Каб паглыбіцца ў гэтую тэму, настаўніца прапанавала навучэнцам рэалізаваць праект па агучванні беларускага арнаменту.

“Мы ўсе ведаем, як выглядае наш нацыянальны арнамент, з якіх сімвалаў складаецца, — пачынае апісваць праект настаўніца. — Тыя, хто захапляецца матэматыкай, шукалі ў ім геа­метрыю. Мы ж вырашылі пайсці іншым шляхам: захацелі па­чуць, як гучыць гэтая прыгажосць, багацце, чысціня. Для ўвасаблення задумы дзеці склалі слоўнае апісанне, а тыя, хто захапляецца музыкай, будуць прыдумваць гукавое афармленне. Дзякуючы такой рабоце плануем скласці гукі ў гарманічную карціну, а пасля стварыць мелодыю. Калі абмяркоўвалі з навучэнцамі, як будзем усё гэта рэалізоўваць, яны па­дзякавалі за тое, што наша школа дае не проста веды, а дапамагае праяўляць сябе, заяўляць пра сябе. Мне як настаўніцы мастацтва і тэатральных дысцыплін па­чуць гэта было вельмі важна. Я зразумела, што мы робім усё правільна, калі падтрымліваем творчыя ініцыятывы дзяцей. Так, іх ідэі бываюць нестандартнымі, але мы не маем права не праверыць, ці змогуць яны вырасці ў нешта большае. Толькі такі падыход дапаможа выгадаваць творчых маладых людзей з унікальным мысленнем, навучыць іх паслядоўнасці і логіцы”.

Разважаючы над тым, ці можна адукаванай у мастацкім плане асобе нечаму навучыцца ў сучаснага пакалення дзяцей, настаўніца сцвярджае, што яно ў многім можа быць прыкладам для дарослых.

“Сучасныя дзеці вельмі смелыя і цікаўныя, — зазначае С.Гулевіч. — Яны не баяцца задаваць няёмкія пытанні і гаварыць праўду, калі ім нешта не падабаецца. Сёння я класны кіраўнік у 9 класе і магу сказаць, што расту разам са сваімі вучнямі. Яны прыйшлі да мяне ў гэтым годзе, але ў нас наперадзе цэлае маленькае школьнае жыццё. Галоўныя каштоўнасці ў ім — падтрымка, давер і вера ў кожнага вучня. Прыемна, што яны прыходзяць да мяне па параду, давяраюць”.

Сцэна для дзяцей

Тонкі мастацкі густ, любоў да сцэны, уменне весці дыялог з гледачамі і ўтрымліваць іх увагу сталі візітнай карткай Святланы Гулевіч. Ужо больш за пяць гадоў настаўніца выходзіць на сцэну ў якасці вядучай падчас мерапрыемстваў абласнога ўзроўню і бездакорна выконвае гэтую ролю.

“Першы вопыт выхаду на сцэну быў запамінальны ў эмацыянальным плане, — прызнаецца настаўніца. — Так склалася, што мне прапанавалі замяніць вядучую, якая захварэла. Я вельмі хвалявалася, але мяне падтрымалі сувядучыя. Яны сказалі, што падстаў перажываць няма, бо мы выходзім да дзяцей, а яны заўсёды добра сустракаюць. І гэта сапраўды так. Дзеці — самая ўдзячная публіка”.

А сцэна — самы ўдалы інструмент, які дапамагае раскрыць свае творчыя таленты і пераадолець страх выступлення перад незнаёмымі. Гэтаму навыку С.Гулевіч вучыць тых дзяцей, якія наведваюць факультатыў “Тэатральнае мастацтва”. Сёння педагог і яе выхаванцы рыхтуюцца да выступлення на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”.

“Мы рыхтуем культурна-забаўляльную праграму, галоўныя ролі ў якой выконваюць мае юныя тэатралы, — акцэнтуе ўвагу педагог. — На раённым этапе мы перамаглі, а значыць, прыйшоў час пакараць новыя вяршыні. Я дакладна ведаю: яны дасягальныя”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА