Як сфарміраваць цікавасць да чытання? Адказ ведае настаўніца пачатковых класаў Жанна Дубіна

- 10:14Образование

Без такога важнага агульнавучэбнага навыку, як чытанне, цяжка ўявіць паспяховае развіццё малодшых школьнікаў у цэлым. Але як сфарміраваць цікавасць да яго? Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адказ на гэтае пытанне ведае настаўніца пачатковых класаў Жанна Дубіна з сярэдняй школы № 1 Ляхавіч, якая лічыць, што ўсё залежыць ад правільнай матывацыі і вынікаў дзейнасці.

— Развіваць цікавасць да чытання без стварэння сітуацыі поспеху немагчыма, — гаворыць педагог. — У сваю чаргу поспех у справе нараджае матыў: “У мяне атрымліваецца, таму я хачу!”.

На дапамогу настаўніцы прыходзяць гульнявыя тэхналогіі расійскага педагога-наватара Мікалая Зайцава. Па яго методыцы Жанна Дубіна працуе ўжо 17 гадоў.

— Галоўная ўмова аўтарскай методыкі — вучыць гуляючы, — расказвае Жанна Аркадзьеўна. — Таму разам з букваром на ўроках чытання выкарыстоўваю кубікі Мікалая Зайцава. Гульні і практыкаванні з імі, складовымі табліцамі і карцінкамі прымяняю таксама на ўроках пісьма і прадмета “Чалавек і свет” у якасці асобных этапаў заняткаў. Гульнявыя прыёмы дапамагаюць аптымальна арганізаваць індывідуальную і дыферэнцыраваную работу з дзецьмі. Вучні, якія хутка справіліся з гульнявым заданнем, атрымліваюць новае: знайсці неабходныя кубікі ці склады, скласці словы і інш.

Раней настаўніца не ўяўляла, што яе выхаванцы могуць быць цалкам разняволенымі і свабоднымі на занятках і з такой хуткасцю і лёгкасцю засвойваць вучэбны матэрыял.

— Цэлы ўрок дзеці гуляюць і рухаюцца, выконваючы мае ўказанні, — заўважае Жанна Дубіна. — Хуткасць выніку і падтрымка дарослага натхняе школьнікаў і надае ім упэўненасці ў сілах, пазбаўляе страхаў перад няўдачай. Праз два з паловай месяцы работы па методыцы Мікалая Зай­цава па складах чытаюць ужо ўсе дзеці: хто хутчэй, хто марудней, але самастойна. Вельмі прыемна ба­чыць вучнёўскія твары на ўроку — адкрытыя, вясёлыя і, галоўнае, цікаўныя.  

Педагог прапануе выхаванцам усе кубікі адразу. Прытрымліваючыся прынцыпу “ад простага да складанага”, Жанна Аркадзьеўна складае спачатку аднаскладовыя словы (я, ты, ён, яна), словы з аднолькавых складоў ці са складоў, якія паўтараюцца (тата, мама), імёны дзяцей і іх родных, а затым больш доўгія. І нарэшце пераходзіць да простых сказаў.

— Пры першым знаёмстве з кубікамі арганізую гульню “Агучым кубік”: дзеці з розных кубікаў на стале выбіраюць па адным і паказваюць мне, а я прапяваю ўсе грані кубіка такім чынам, каб вучні бачылі тое, пра што спяваю, — адзначае Жанна Дубіна. — Табліцай і кубікамі школьнікі карыстаюцца не толькі на ўроках, але і на перапынках, бо з імі можна сядзець як за сталом, так і на дыване. Асабліва падабаюцца дзецям гульні з элементамі спаборніцтва.

На кожных занятках настаўніца спявае з выхаванцамі алфавіт на розныя мелодыі і складовыя табліцы. Не абыходзіць увагай чыстагаворкі і скорагаворкі, прапанаваныя Мікалаем Зайцавым.

— Яны неабходны ў якасці трэніровачных практыкаванняў для развіцця галасавога апарату (вымавіць гучна, ціха, шэптам) і тэмпу маўлення (хутка, умерана, павольна), — тлумачыць педагог. — Дзеці любяць складаць скорагаворкі, прымаўкі і прыказкі з асобных слоў, надрукаваных на картках. Такія гульні праводжу амаль на кожным уроку, бо яны натуральна ўваходзяць у яго структуру. А каб растлума­чыць сэнс кожнай прыказкі, звяртаюся да невялікіх апавяданняў Канстанціна Ушынскага, Льва Талстога, Яўгена Пермяка і іншых пісьменнікаў.

Пры гэтым, заўважае настаўніца, вельмі важна не надакучыць дзецям і не адштурх­нуць іх ад чытання, таму ўсю сваю работу будуе на аснове гульняў з максімальным выкарыстаннем рухаў і маніпуляцый, прапануе выхаванцам такія дапаможнікі, дзякуючы якім яны чытаюць гуляючы.

— Методыка Мікалая Зайцава не падобная на іншыя з-за лепшай дынамікі і эфектыўнасці, а таксама з-за творчай прасторы, — лічыць Жанна Дубіна. — Дзякуючы ёй, я навучылася працаваць з большай аддачай, а на ўроках стала цікавей не толькі дзецям, але і мне самой. Даўно не перажываю з-за таго, што яны будуць няшчаснымі, бо не разумеюць школьную праграму. Вучу дзяцей чытаць і пісаць і бачу іх шчырае імкненне навучыцца гэтаму ў адказ. Акрамя таго, бачу ўпэўненасць выхаванцаў у тым, што яны могуць працаваць яшчэ лепш. Вучні адкрываюць у сабе новыя магчымасці, якія раней не адчувалі. Важна, што іх не засмучае, калі хтосьці побач нешта робіць лепш. Імкнуся, каб кожныя заняткі завяршаліся на станоўчых эмоцыях.

Педагог упэўнена, што, працуючы па методыцы Мікалая Зай­цава, набліжаецца да запаветнай мары — вучыць і выхоўваць з радасцю.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ