Педагогі і навучэнцы педкласаў абмяняліся ў Мінску вопытам

- 16:17Новости

Міжнародны адукацыйны тур «Педагагічная прафесія: погляд юных даследчыкаў» аб’яднаў навучэнцаў і настаўнікаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці сярэдняй школы № 6 Мінска і сярэдняй школы № 16 з паглыбленым вывучэннем асобных прадметаў Электрасталі Маскоўскай вобласці, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Праграма была вельмі насычанай і разнастайнай. У першы дзень госці азнаёміліся з дасягненнямі і традыцыямі мінскай школы № 6. Вопыт работы па тэме «Мадэляванне сучаснага ўрока з выкарыстаннем візуальных платформ для сумеснай вучэбнай дзейнасці ва ўмовах педагагічнай прафілізацыі» прадставілі настаўнікі англійскай мовы Ірына Пархімовіч і Валерыя Манаенкава. Педагогі Ірына Аляхновіч і Людміла Муравейка расказалі пра фарміраванне інфармацыйнай кампетэнтнасці школьнікаў з дапамогай навучання стварэнню адукацыйных праграмных прадуктаў.

Педагогі Ларыса Гарбацэвіч і Вольга Хлябко падрыхтавалі выступленне па тэме «Валанцёрства як стартавая пляцоўка для будучага педагога». Яго лагічным працягам стала віртуальная экскурсія па жылым раёне Сухарава і экскурсія па музейнай экспазіцыі ва ўстанове, якія правялі ўдзельнікі школьнага экскурсійнага валанцёрскага агенцтва «СІГМА».

У другі дзень удзельнікі тура наведалі БДПУ. Пасля займальнай экскурсіі навучэнцаў і педагогаў віталі прадстаўнікі студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «Профіль+». Яны правялі трэнінг «У ролі настаўніка».

Трэці дзень адзначаны правядзеннем у школе навукова-практычнай канферэнцыі «Педагагічная прафесія: погляд юных даследчыкаў». У ёй прынялі ўдзел навучэнцы профільных педкласаў школ і гімназій нашай краіны, удзельнікі рэспубліканскага эксперыментальнага праекта «Апрабацыя мадэлі навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці педагогаў па педагагічнай прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі». Па выніках эксперты вызначылі 4 лепшыя работы. Сярод іх — работа 11-класніцы сярэдняй школы № 6 Мінска Ксеніі Балтуновай «Вобраз педагога ў мастацтве». Праведзенае даследаванне дазволіла выявіць асноўныя аспекты іміджу настаўніка, яго ўплыў на адукацыйны працэс і паспяховасць навучэнцаў.

Па завяршэнні тура гасцей запрасілі наведаць адукацыйна-забаўляльную праграму «Выхаванне дзяцей у беларускай народнай педагогіцы», якую падрыхтавала настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Муравейка разам з 5-класнікамі. Падвядзенне вынікаў сустрэчы адбылося пасля майстар-класа па вырабе падарункавай лялькі-здраўніцы, які правялі настаўнікі абслуговай працы Наталля Найдзен, Марына Шынкевіч і навучэнцы педагагічных класаў.

Такія адукацыйныя туры сталі ўжо традыцыйнымі, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 6 Мінска Ала Фядосава. — Пачатак супрацоўніцтва быў пакладзены ў 2017-м па ініцыятыве нашага дырэктара Галіны Гетманчук. Да пандэміі расійскія школьнікі штогод прыязджалі да нас, каб азнаёміцца з дзейнасцю педагагічных класаў, з беларускай культурай, а нашы дзеці летам наведвалі аздараўленчы лагер у Электрасталі, працавалі важатымі, валанцёрамі.

Цяперашняя сустрэча ўзбагаціла школьнікаў вопытам правядзення буйных мерапрыемстваў: апошнія заняткі праграмы факультатыўнага курса «Уводзіны ў педагагічную прафесію» якраз і арганізуюцца ў форме навукова-практычнай канферэнцыі. Прычым гэта было не сумнае, сухое мерапрыемства, а канферэнцыя з дынамічнымі перапынкамі, якія падрыхтавалі навучэнцы класаў дапрофільнай падрыхтоўкі. Акрамя таго, педагогі падзяліліся сваімі напрацоўкамі ў галіне педагагічнай прафілізацыі. Напрыклад, расійскія настаўнікі прадэманстравалі новы напрамак у выхаваўчай рабоце — правядзенне агульнашкольнага мерапрыемства «Пагаворым пра важнае», якое арганізуецца кожны панядзелак і на яго запрашаюцца знакамітыя людзі. Такое супрацоўніцтва садзейнічае павышэнню педагагічнага майстэрства педагогаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлены сярэдняй школай № 6 Мінска