Пра школьныя клопаты і спецыфіку выкладання прадмета расказвае настаўнік-метадыст Наталля Маладзечкіна

- 9:00Главная, Образование

Неабмежавана карыстацца любымі магчымасцямі штучнага інтэлекту можна, калі ў дзіцяці ўжо сфарміравана мысленне, засвоены пэўны набор прыёмаў пошуку інфармацыі, лічыць Наталля Маладзечкіна, настаўніца замежнай мовы сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска імя Героя Савецкага Саюза Н.В.Траян. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Чым вас прывабіла ў юнацтве настаўніцкая прафесія?

— Можа, у генетычным кодзе яна прапісана? Я вырасла ў вялікай настаўніцкай сям’і. Сястра маці, сваякі па лініі бацькі — многа сярод нас педагогаў. Бацькі працавалі ўсё жыццё ў цяперашняй Полацкай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны. Раней гэта была сярэдняя школа № 7 з выкладаннем шэрага прадметаў на англійскай мове, мая маці — настаўніца замежнай мовы. Мне са школьных гадоў вельмі хацелася стаць настаўніцай. Менавіта англійская мова — мой выбар з дзяцінства і, магу зараз упэўнена сказаць, маё прызванне. Хаця прыйшла да яго не адразу. Адчувала ў сабе сілы для паступлення ў Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт. Але ў пэўны складаны для сям’і момант узважыла нашы фінансавыя рэаліі і сама прыняла рашэнне застацца ў Полацку: пасля 9 класа пайсці вучыцца ў каледж, каб потым працаваць, а там ужо, як будзе лёс. Таму па першай педагагічнай адукацыі я настаўніца пачатковых класаў і матэматыкі. Па размеркаванні мяне накіравалі ў Верхнядзвінск. Тады якраз для тых выпускнікоў каледжа, у каго дыпломы з адзнакай, адкрылася магчымасць працягнуць вучобу завочна ў ВДУ імя П.М.Машэрава са скарочаным тэрмінам навучання. З двух сваіх напрамкаў я выбрала пачатковыя класы, гэта было мне бліжэй. Працавала, вучылася, набыла першую вышэйшую адукацыю. У хуткім часе мне пашанцавала. Стала ў раёне не хапаць настаўнікаў замежнай мовы, і мяне накіравалі зноў вучыцца, чаму я была вельмі рада. Так у любімай прафесіі прыйшла да той спецыяльнасці, да якой імкнулася сэрцам. А патэнцыял дзвюх іншых — таксама магутны рэсурс, які задзейнічаны ў рабоце.

— Вы ўдзельнічалі ў мностве педагагічных майстар-класаў. Пасля якога з іх упершыню адчулі, што атрымалі значны ўрок?

— Добра запомніла майстар-клас па аповесці Васіля Быкава “Жураўліны крык”. Праводзіла яго настаўніца беларускай мовы і літаратуры з гімназіі № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава Галіна Сухава. Я там апынулася выпадкова, калі была на курсах у нашым абласным інстытуце развіцця адукацыі. У групу ўдзельнікаў спецыяльна запрасілі настаўнікаў розных прадметаў, не беларускіх філолагаў. Галіна Анатольеўна перавярнула мае ўяўленні пра тое, як увогуле можна працаваць з літаратурным творам! Яна зачапіла за жывое кожнага: немагчыма было ўтрымацца, каб не падзяліцца сваімі думкамі. 45 мінут праляцелі на адным дыханні, а ў завяршэнне мы прыйшлі да нечаканых для сябе вывадаў, нават адкрыццяў — на ўзроўні ўласнага светаўспрымання. Зразумела тады, што прафесійны педагагічны майстар-клас намнога шырэйшы за прэзентацыю ў ключы “паглядзіце, я раблю вось так, магу вас навучыць”. Гэта насамрэч моцны ўрок, пасля якога адчуваеш: нешта ў табе кардынальна змянілася. Мне было вельмі цікава і карысна як удзельніку і як педагогу.

— А які з праведзеных вамі майстар-класаў найбольш запомніўся?

— Напэўна, прадстаўлены ў ходзе конкурсу “Настаўнік года — 2017”, па выкарыстанні стратэгіі актыўнай ацэнкі на ўроках. Цяжка ён даваўся, пытанняў на пачатку падрыхтоўкі было больш, чым адказаў. Дзякуй, што мне літаральна ўсім раёнам дапамагалі: хто ведаў, той расказваў і раіў, як можна лепш. Мы сканцэнтраваліся менавіта на выкладанні замежнай мовы, удзель­нікамі былі мае калегі. Прызнацца, гэта крыху прасцей, чым працаваць са шматпрадметнай групай. Канечне, хацелася паказаць усё, што ўмею. Напрыклад, задзейнічала не толькі зместавы, але і эмацыянальны складнік: я лічу, ён не менш важны. На тым абласным этапе конкурсу максімальная ацэнка за майстар-клас была 40 балаў — і я яе атрымала.

Наталля Аляксееўна Маладзечкіна на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017” у сваёй намінацыі ўвайшла ў тройку лепшых. Сярод яе вучняў — пераможцы абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, абласной канферэнцыі работ навучэнцаў даследчага характару “Эўрыка”, міжнародных конкурсаў і канферэнцый. Педагог мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”.

— Ваша любімая форма работы з дзецьмі?

— Адну складана назваць. Магчыма, выкарыстанне тэхналогій камунікатыўнага навучання, калі ўсе заданні набліжаны да рэальнага жыцця, мы з вучнямі абмяркоўваем пэўныя праблемы па тэме ўрока, складаем дыялогі. Дазваляе тэма і ўзровень класа — наладжваем дыскусію. На сёння гэта мне блізка. Без інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій зноў жа нельга. Трэба навучыць дзіця не толькі гаварыць і пісаць на замежнай мове, але і знаходзіць неабходную інфармацыю, карыстацца рознымі дапаможнымі сэрвісамі для стварэння пэўнага прадукту. Пачынаючы з элементарнага — калажа, прэзентацыі невялікай, каб суправаджаць вуснае выказванне. Гэтаму мы таксама вучым. Наш прадмет звязаны са многімі дысцыплінамі, а з інфарматыкай вельмі цесна: на камп’ютарах мы працуем, наладжваем апытанні і віктарыны, анлайн-дошкі выкарыстоўваем для прадстаўлення творчых прадуктаў. І, відаць, варта дадаць гульнявую тэхналогію. Проста я перастала ўжо яе асобна вылучаць: элементы гульні выкарыстоўваю дастаткова часта ў спалучэнні з іншымі формамі. Так эфектыўней дасягаецца мэта ўрока, якасней засвойваецца матэрыял.

— Вы згодны з меркаваннем, што рана ці позна страціць сэнс вучыць замежную мову, усё зробяць анлайн-перакладчыкі?

— Не ў захапленні я ад прагнозаў будучыні, дзе толькі машыны вучаць, ле­чаць і гэтак далей усюды — дзе там месца чалавеку? Што да нашых сённяшніх рэалій, то для правільнага карыстання перакладчыкам трэба прыкласці ўласныя веды і навыкі. Існуе багата слоў, якія аднолькава пішуцца, але маюць рознае значэнне. Не кожны анлайн-перакладчык іх распазнае правільна. Здараецца, вучань праганяе дома тэкст праз перакладчык, капіруе, прыносіць у школу — а на ўроку чытае і ў працэсе сам разумее: нешта не тое ён гаворыць. Такія сітуацыі добра выхоўва­юць, дапамагаюць правільна расставіць акцэнты. Цяперашнія анлайн-перакладчыкі па функцыі хутчэй як слоўнікі, якія раней у нас заўсёды былі пад рукой. Прычым я прытрымліваюся думкі, што неабмежавана карыстацца любымі магчымасцямі штучнага інтэлекту можна, калі ў дзіцяці ўжо сфарміравана мысленне, засвоены пэўны набор прыёмаў пошуку інфармацыі, уключаючы правілы бяспечнага карыстання інтэрнэтам і абавязкова ўменне ацэньваць дакладнасць крыніц. Калі ж няма элементарных навыкаў, гэта небяспечна. Нездарма на матэматыцы ў пачатковай школе не лічаць на калькулятарах — інакш не выпрацуецца вуснае лічэнне. Так і з мовай, вучань павінен гаварыць і чы­таць сам. А калі справа ў дапамозе, можна звярнуцца да перакладчыка.

— У чым заключаецца выхаваўчы патэнцыял урокаў замежнай мовы?

— Наш прадмет прадугледжвае шырокі спектр метапрадметных сувязей. На ўроках закранаем пытанні з розных галін: ад гісторыі з біялогіяй да здаровага ладу жыцця, рацыянальнага харчавання і сродкаў камунікацыі. Пры вывучэнні Беларусі і замежных краін стараюся максімальна задзейнічаць супастаўляльны аспект. Дзеці ў працэсе параўнання заўважаюць, што па многіх параметрах у нас лепш, чым недзе там, далёка. І глыбей разумеюць: нам ёсць чым даражыць, што берагчы і прымнажаць, чым ганарыцца.

— Ваша спецыяльнасць накладвае адбітак на стыль класнага кіраўніцтва?

— Безумоўна. У нас нават асаблівыя жарты ёсць, смешныя гісторыі з жыцця, якія сталі амаль прытчай для сваіх, бо звязаны з урокамі англійскай мовы і па-за іх кантэкстам часта незразумелыя. Увогуле, рэзка размяжоўваць урокі, мерапрыемствы, класнае кіраўніцтва — па-мойму, глупства. Педагагічная дзейнасць як тканіна: пераплеценыя ніткі ўжо не разблытаеш, можна толькі сапсаваць і страціць узор. Мы нават у паходзе, калі з вучнямі едзем на веласіпедах, можам прагаворваць на рускай, беларускай, англійскай мовах — проста цікава, як тое называецца, як гэта.

— А захапленні па-за педагагічнымі клопатамі існуюць?

— У свой час я скончыла музычную школу па класе фартэпіяна і акардэона, музыку вельмі люблю. Хор у маёй роднай школе быў моцны, гэтае захапленне засталося. Спяваю для душы і на мерапрыемствах, калі папросяць, не адмаўляюся. Яшчэ ёсць у нас дача, любім на прыродзе адпачываць. Цікавасць да турызму прывіў бацька: сам пастаянна вазіў вучняў на турзлёты-зарніцы і мяне з сабой браў. Цяпер з дзецьмі мы ў вольны час катаемся на веласіпедах, усёй сям’ёй падарожнічаем па Беларусі. Аб’ехалі многа адметных і прыгожых мясцін. Вось з валейболам у школьныя гады я не дужа сябравала. Але ў Верхнядзвінску, калі толькі прыйшла ў школу працаваць, мяне запрасілі ў валейбольную секцыю. Паспрабавала — спадабалася. Дагэтуль гуляю з задавальненнем. Як бачыце, у маіх захапленнях таксама многае звязана са школай. Інакш і не ўяўляю сябе, бо для настаўніка яго прафесія — лад жыцця.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара