Прыярытэтам сваёй дзейнасці педагогі ЦКРНіР Горак бачаць інтэнсіўны рух да інклюзіі

- 11:16Образование

Цэнтр карэкцыйна­-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Горак — установа, дзе інклюзія ўкараняецца не на словах, а на справе. Педагогі тут імкнуцца падрыхтаваць асаблівых дзетак да паўнавартаснага жыцця. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Прыярытэтам сваёй дзейнасці бачым інтэнсіўны рух да інклюзіі. Стараемся раскрыць патэнцыяльныя магчымасці, выправіць парушэнні ў развіцці дзяцей. Для гэтага ўпор робім на раннюю комплексную дапамогу. У нас створаны ўсе ўмовы для правядзення якаснай дыягностыкі праблем здароўя. Ёсць спецыялізаваны кабінет з люстэркам Гезела, наяўнасць якога дазваляе спецыялістам дакладна вызначаць спосабы карэкцыйнага ўздзеяння і асабісты адукацыйны маршрут для кожнага дзіцяці, — паведаміла дырэктар Вольга Цыркунова.

Сёння ў горацкім ЦКРНіР неабходную дапамогу атрымліваюць 129 хлопчыкаў і дзяўчынак. На адукацыйным працэсе знаходзяцца 35 дзяцей. Для астатніх арганізаваны індывідуальныя і групавыя карэкцыйна-развіццёвыя заняткі.

З выхаванцамі працуюць высокакваліфікаваныя педагогі. Усе яны — прафесіяналы, сэрца якіх цалкам адда­дзена дзецям. Сваіх вучняў яны акружа­юць увагай і клопатам, у навучанні выкарыстоўваюць перадавыя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі.

— Развіццю дзяцей спрыяе добрая аснашчанасць сучасным вучэбным і рэабілітацыйным абсталяваннем. Ва ўстанове ёсць спецыялізаваныя трэнажоры, масажнае крэсла, крэ­слы-трансформеры, сэнсарныя дошкі і сенсорныя пакоі, вулічныя комплексы па развіцці рухальнай актыўнасці. Для выхаванцаў з парушэннямі аўтыстычнага спектра прадугле­джаны персанальныя працоўныя месцы, — расказала Вольга Леанідаўна.

Шмат зроблена ў цэнтры і ў плане фарміравання інклюзіўнай прасторы. Тут рэалізоўваюцца ініцыятывы па ўключэнні дзяцей з асаблівасцямі ў агульную з норматыповымі аднагодкамі дзейнасць.

— З валанцёрскім атрадам гімназіі № 1 горада ажыццяўляем праект “Зрабі свет ярчэйшым”, у рамках якога для нашых навучэнцаў рэгулярна праходзяць гульні-забавы з прымяненнем клоўнатэрапіі. Пры падтрымцы грамадскіх арганізацый і прадпрымальнікаў рэалізуем гуманітарны праект “Інклюзіўная спартыўная пляцоўка “Да здароўя ра­зам”. Амаль усе выхаванцы ахоплены дадатковай адукацыяй, наведва­юць аб’яднанні па інтарэсах інклюзіўнай накіраванасці, — адзначыла Вольга Цыркунова.

Вынікова наладзілі ва ўстанове таксама экскурсійна-турыстычную дзейнасць. Педагогі распрацавалі інклюзіўныя маршруты, па якіх для асаблівых дзетак праводзяцца экскурсіі з мэтай пашырэння іх кругагляду і прывіцця ўмення арыентавацца ў навакольным асяроддзі.

— Разнастай­насць сумесных мерапрыемстваў спрыяе распаўсюджванню інклюзіўных тэндэнцый, змяненню пэўных стэрэатыпаў, укараненню талерантнага стаўлення да асаблівых дзяцей, — падкрэсліла Вольга Леанідаўна.

Цэнтр карэкцыйна-­развіццёвага навучання і рэабілітацыі Горак зараз — адна з лепшых устаноў спецыяльнай адукацыі ў вобласці. Эфектыўная работа мясцовых педагогаў дазваляе выпускнікам выходзіць у жыццё з высокім узроўнем сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара