Разбор заданняў для ацэнкі функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў адбыўся на базе Акадэміі адукацыі

- 12:43Клуб «Хрустальный журавль», Новости

Семінар “Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка па пытаннях развіцця і выхавання асобы навучэнца: ад тэорыі да практыкі” стаў рабочай пляцоўкай для членаў клуба “Крыштальны журавель”, паведамляе карэспандэнт  “Настаўніцкай газеты”.

Мерапрыемства прайшло на базе Акадэміі адукацыі і сабрала больш за 90 педагогаў. Як адзначыў старшыня клуба настаўнік інфарматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Іван Якіменка, мэтай семінара стала развіццё прафесійных кампетэнцый настаўнікаў па пытаннях фарміравання і ацэнкі функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў. З гэтай нагоды ў актыўнай форме была арганізавана работа па разборы заданняў для ацэнкі функцыянальнай адукаванасці ў фармаце Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі.

Экспертамі ў разборы заданняў сталі Марыя Гарбунова, начальнік цэнтра ацэнкі якасці адукацыі, і Вячаслаў Караткевіч, загадчык сектара суправаджэння Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі і міжнародных даследаванняў якасці адукацыі Акадэміі адукацыі.

Нагадаем, што падчас правя­дзення даследавання кожнаму вучню-ўдзельніку прапаноўвалася некалькі серый заданняў. Камусьці камп’ютар размеркаваў заданні па чытацкай і матэматычнай адукаванасці, камусьці — па прыродазнаўчанавуковай і фінансавай.

Фармат заданняў быў не зусім прывычны: яны ў адпаведнасці з кожным відам адукаванасці былі аб’яднаны ў блокі — вучэбныя сітуацыі. Вучэбная сітуацыя ў сваю чаргу ўключала сем ці восем заданняў, аб’яднаных агульнай тэмай-праблемай. Такая тэма-праблема магла тычыцца самых розных сфер чалавечага жыцця: асабістай, сямейнай, грамадскай, адукацыйнай, навуковай, прафесійнай. 

Святлана Германовіч, настаўнік-метадыст, настаўніца рускай мовы і літаратуры Раманаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, гаварыла пра ролю маніторынгавых даследаванняў па выз­начэнні ўзроўню сфарміраванасці функцыянальнай адукаванасці школьнікаў.

Ала Мільман, дацэнт кафедры педагогікі, прыватных методык і педагагічнага менеджменту ВАІРА, настаўнік-метадыст, азнаё­міла са шляхамі фарміравання і развіцця функцыянальнай адукаванасці праз работу з тэкстам.

Святлана Гін, прафесар кафед­ры педагогікі і прыватных методык ГАІРА, правяла педагагічны дыялог “Методыка работы з несу­цэльнымі тэкстамі на ўроку”.

Другі дзень семінара быў прысвечаны дэманстрацыі педагагічнага вопыту — настаўнікі працавалі ў прадметных групах, кожная з якіх фарміравала складнікі функцыянальнай адукаванасці сродкамі вучэбных прадметаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з сайта Акадэміі адукацыі