Тэматычная змена «Ад захаплення — да прафесіі» для навучэнцаў профільных 8—9 педагагічных класаў сталічных устаноў адукацыі праходзіць у Мінскім гарадскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лідар», перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Кожны дзень змены для старшакласнікаў насычаны цікавымі падзеямі, прыносіць новыя эмоцыі і яркія ўражанні.
У цыкле прафарыентацыйных мерапрыемстваў «Панарама паспяховага педагагічнага вопыту» прынялі ўдзел партнёры змены. Студэнты Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ прадставілі канцэртную праграму «Гадзіна інклюзіўнага асяроддзя» і майстар-клас «Уводзіны ў інклюзіўнае асяроддзе». Студэнты Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа выступілі з прафарыентацыйнай праграмай «Каледж тваіх магчымасцей». Удзельнікі студэнцкага клуба выпускнікоў педагагічных класаў «Профіль+» БДПУ правялі практыка-арыентаваныя заняткі «У ролі настаўніка». А педагогі сярэдняй школы № 28, у якой дзейнічаюць профільныя педагагічныя класы, арганізавалі для навучэнцаў інтэрактыўныя заняткі «Майстэрня творчага педагога».
Марафон тэматычных мерапрыемстваў для ўдзельнікаў педагагічнай змены працягнулі заняткі, аб’яднаныя агульнай тэмай: «Педагог: уводзіны ў прафесію». Філасофскі стол «Псіхалогія ў прафесіі: важна, займальна, карысна» быў арганізаваны для навучэнцаў педагогамі Мінскага гарадскога педкаледжа. Настаўнікі гімназіі № 20 Мінска правялі для дзяцей трэнінг псіхалагічнай матывацыі «Хачу — магу — трэба» і майстар-клас «Педагог — прафесія далёкага дзеяння».
З энтузіязмам навучэнцы прынялі ўдзел у практыка-арыентаваных занятках, арганізаваных сярэдняй школай № 126 Мінска: квест-гульні «Шлях да поспеху», крэатыў-шоу «Свая гульня», квізе «Экскурс у свет прафесій» і сэлфі-забегу «Буду профі». У кожным з прапанаваных мерапрыемстваў былі адлюстраваны розныя грані прафесіі педагога, каб даць удзельнікам як мага больш карыснай інфармацыі.
З дапамогай займальнай гістарычнай рэтраспектывы «Вялікія педагогі свету», падрыхтаванай настаўнікамі і вучнямі 11-х педкласаў сярэдняй школы № 44 Мінска, экакейса «Планета Зямля», прапанаванага выкладчыкамі факультэта прыродазнаўства БДПУ, будучыя педагогі не толькі прынялі ўдзел у розных відах педагагічных майстэрняў, але і асвоілі прынцыпы іх правядзення.
Педагогі цэнтра «Медыяцыя і права» арганізавалі для ўдзельнікаў змены трэнінгавыя заняткі «Кола супольнасці». У гульнявой форме навучэнцы азнаёміліся з паняццем «медыяцыя», даведаліся пра стратэгіі наладжвання эфектыўных міжасобасных сувязей і пра спосабы спрыяльнага вырашэння канфліктаў. Асаблівую ўвагу трэнеры ўдзялілі тэхніцы работы з групавымі канфліктамі, у тым ліку ў класным калектыве — навыку, які асабліва актуальны для будучага настаўніка.
Дзякуючы культурна-спартыўнай прафарыентацыйнай праграме «З БДПУ — у будучыню!» педкласаўцы на адзін дзень адчулі сябе сапраўднымі студэнтамі ўніверсітэта і ацанілі, што студэнцтва — гэта не толькі вучоба і экзамены, але і нясумнае, насычанае рознымі падзеямі жыццё, лепшы час, каб праявіць сябе і раскрыць свае таленты.
Арганізатары тэматычнай змены спадзяюцца, што яе ўдзельнікі адкрыюць для сябе новыя грані педагагічнай прафесіі, сцвердзяцца ў сваім выбары. А змена ў «Лідары» стане штуршком для развіцця ў любімай справе.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлены камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама