Пра сваю сістэму падрыхтоўкі да ЦЭ расказвае настаўніца сярэдняй школы № 3 Хойнікаў Святлана Анісенка

- 9:00Главная, Образование

Настаўнік са стажам і з вынікамі дзейнасці, прадстаўнік педдынастыі і гордасць Хойніцкага раёна — так у аддзеле адукацыі характарызуюць настаўніцу беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Хойнікаў Святлану Васільеўну Анісенка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта Настаўніцкай газеты.

Дзякуючы сістэме работы, якую выпрацавала педагог, яе вучні паспяхова зда­юць ЦЭ па беларускай мове, ёсць і 100-бальныя вынікі. Да таго ж яна эфектыўна працуе як раённы трэнер па падрыхтоўцы вучняў да інтэлектуальных конкурсаў і алімпіяд.

— Мая маці Вольга Ула­дзіміраўна была настаўніцай пачатковых класаў, больш за 30 гадоў працавала ў нашай 3-й школе, дзе я вучылася і дзе ўжо амаль 24 гады выкладаю. Бацька Васіль Мікалаевіч працаваў настаўнікам нямецкай мовы ў Казялужскай сярэдняй школе. У Баранавіцкім педкаледжы я атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў, а на настаўніка беларускай мовы і літаратуры вучылася завочна ў Мазырскім педінстытуце. Любоў да роднай мовы яшчэ ў школе мне прывілі настаўніцы Вольга Арсенцьеўна Васькевіч і Браніслава Антонаўна Ляшчынская, я была ўдзельніцай моўных і літаратурных алімпіяд і конкурсаў, — расказвае Святлана Ва­сільеўна.

Сёння ў сярэдняй школе № 3 Хойнікаў, як ні ў адной іншай школе раёна, большасць выпускнікоў пасля 11 класа зда­юць экзамен па беларускай мове. Летась з 49 выпускнікоў такіх жадаючых было 28. Сярэдні бал, які атрымалі вучні, быў 71. У 2020 годзе ўпершыню ў Хойніцкім раёне вучаніца Святланы Васільеўны Вераніка Гарбар набрала 100 балаў на ЦТ па беларускай мове. Летась мэтанакіраваныя і старанныя вучаніцы Лізавета Дземчанка і Ксенія Кузьменка набралі 100 балаў на ЦЭ.

— Падрыхтоўка вучняў да ЦЭ і ЦТ павінна праводзіцца ў сістэме “ўрок — факультатыўныя заняткі (школьныя і міжшкольныя) — самастойная работа вучняў — індывідуальныя кансультацыі вучняў (непасрэдныя і праз сацыяльныя сеткі)”, — гаворыць педагог. — У пачатку навучальнага года на першых занятках даю вучням стартавы (дыягнастычны) тэст, каб выявіць прабелы ў ведах і мець падмурак для далейшай работы.

Упор на падрыхтоўку да ЦЭ і ЦТ робіцца, як правіла, у 10—11 класах, калі ідзе паглыбленае паўтарэнне курса роднай мовы. Але ў старшых класах часу вельмі мала. За 45 мінут урока трэба паспець і праверыць дамашняе заданне, і растлумачыць тэму ўрока з апорай на тэарэтычныя веды вучняў, і замацаваць веды, уменні і навыкі праз выкананне практычных заданняў, і выявіць прабелы пры вывучэнні тэмы.

Таму пачынаць гэтую работу мэтазгодна з 5 класа, калі закладваецца асноўны моўны фундамент (арфаграфіі, фанетыкі, арфаэпіі, лексікі і сінтаксісу). Педагог дае слоўныя і наглядныя тлумачэнні з выкарыстаннем табліц, схем, мультымедыйных прэзентацый. Пасля кожнай тэмы праводзіць слоўнікавыя дыктанты, арфаграфічныя і акцэнталагічныя хвілінкі, віктарыны, прапаноўвае лінгвістычныя загадкі, заданні тыпу “карэктар” па выпраўленні наўмысна дапушчаных памылак. З 5 класа выкарыстоўвае міні-тэсты — у канцы ўрока на дыягнастычна-карэкцыйным этапе або на тэматычным уроку падагульнення і сітэматызацыі ведаў па пэўным раздзеле. З 8 класа настаўніца праводзіць вучэбныя тэставыя работы па беларускай мове.

Святлана Васільеўна ладзіць гульні, конкурсы чытачоў, творчых работ. Нядаўна, напрыклад, у школе прайшоў конкурс “Што? Дзе? Калі?”, прысвечаны гераічным і трагічным падзеям у творах В.Быкава, А.Куляшова і А.Савіцкага — пісьменнікаў-юбіляраў 2024 года.

У старшых класах асноўная падрыхтоўка вучняў да экзаменаў ажыццяўляецца на факультатыўных занятках. Для выканання тэставых заданняў педагог выкарыстоўвае зборнік ЦЭ (2023 год) і зборнікі ЦТ розных гадоў, а таксама матэрыялы з інтэрнэт-рэсурсаў Акадэміі адукацыі, РІКВ і інш.

— Прымяняю як слоўныя метады (тлумачэнне, гутаркі), так і наглядныя (табліцы, схемы, кластары, прэзентацыі і інш.), — адзначае Святлана Васільеўна. — Асноўны ўпор раблю на практычныя і тэставыя заданні. Спачатку тэсты рашаем калектыўна, потым вучні робяць гэта самастойна (па 10 заданняў). Пры праверцы тлумачым іх, прагаворваем правільныя адказы (словы, словазлучэнні, сказы, а не нумары адказаў), успамінаем адпаведныя правілы, а таксама тлумачым няправільныя адказы. Пры гэтым арганізоўваю калектыўныя і групавыя формы работы, напрыклад, метад “Правер свайго сябра” (узаемаправерка), “Роўны вучыць роўнага” (той, хто правільна выканаў заданне, тлумачыць яго іншым вучням).

Некаторыя вучні лічаць, што беларускую мову зда­ваць прасцей, чым рускую, маўляў, у ёй як чуецца, так і пішацца. Такім смелым настаўніца адразу прапаноўвае напісаць словы пясчаны і гарадскі. Многія робяць памылку: ставяць літару “ш” замест “с” у першым выпадку і літару “ц” замест “д” у другім слове. Складана пісаць тэсты тым дзецям, якія не валодаюць патрэбным аб’ёмам беларускамоўнай лексікі. А для гэтага трэба шмат чытаць літаратуры на роднай мове, выконваць лексічныя заданні. Чытанне фарміруе зрокавую памяць, вучні лепш запамінаюць напісанне пэўных слоў, расстаноўку знакаў прыпынку. Некаторыя моўныя заданні Святлана Васільеўна бярэ ў якасці практыкаванняў з літаратурных твораў. Творчыя работы вучняў (сачыненні, вучэбныя пераказы) таксама выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы да экзамену.

Якія найбольш частыя памылкі ў вучняў? Святлана Ва­сіль­еўна адзначае, што дзецям цяжка адрозніць вытворныя прыназоўнікі, іх блыта­юць з іншымі часцінамі мовы, напрыклад, насустрач вясне (насустрач — гэта вытворны прыназоўнік). Наступная цяж­касць — правапіс прыслоўяў: наспех трэба пісаць разам, на памяць, на хаду, на бягу — асобна. Часам дзеці не веда­юць значэння пэўных слоў. Здараюцца і казусы, напрыклад, у сачыненні слова ныр­кі (русск. почки) пішуць замест слова пупышкі (якія распускаюцца на дрэвах). Такім знаўцам можна параіць карыстацца не Google, а слоўнікам, выконваць больш лексічных заданняў і практыкаванняў, дзе трэба рабіць пераклад з рускай мовы.

— Узнікаюць цяжкасці і з фразеалагізмамі. Веды пра іх трэба напрацоўваць гадамі, бо здагадацца пра сэнс тых, што не на слыху, амаль немагчыма, — адзначае педагог. — Напрыклад, што зна­чыць сурвэтку вязаць? Абгаворваць каго-небудзь: як рад за радам вяжацца сурвэтка, так і плёткі распаўсюджваюцца. Або як растлумачыць, што значыць верзці грушы на вярбе? Гаварыць абы-што. Фразеалагізмы часта сустракаюцца ў алімпіядных заданнях. Напрыклад, трэба падабраць адпаведнік па сэнсе: большому кораблю — большое плаванье (вялікаму каню — вялікі хамут), два сапога — пара (як дзве кроплі вады, абое рабое). Бываюць заданні, дзе трэба ўста­віць пэўны фразеалагічны кампанент, напрыклад, лічэбнік: як … кроплі вады, у … сценах сядзець, ведаць як двойчы … , як свае … пальцаў.

Важнае значэнне пры пад­рыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ маюць самастойная дзейнасць вучняў, іх моцная ўнутраная матывацыя, навыкі самастойнай работы і самакантролю. Падрыхтоўка да выпрабаванняў уключае яшчэ і работу з бацькамі, інфармаванне аб асноўных пытаннях, звязаных з экзаменамі, а таксама работу са школьным псіхолагам (дыягностыка трывожнасці, трэнінгі, кансультацыі). У дзяцей варта выпрацоўваць уменне валодаць сабой, мабілізаваць сябе на работу (з дапамогай правільнага дыхання, практыкаванняў для зняцця мышачнага напружання і інш.).

— Працэс падрыхтоўкі да экзаменаў доўгі і карпатлівы, і толькі пры мэтанакіраванай і сумеснай дзейнасці настаўнікаў, вучняў і баць­коў можна дасяг­нуць станоўчых вынікаў, — падкрэслівае Святлана Васільеўна. — Для настаўніка такая работа з’яўляецца не толькі праверкай прафесіяналізму, але і магчымасцю павысіць свой прафесійны ўзровень. Як адзначаў яшчэ Сенека, навучаючы іншых, мы вучымся самі.

Эфектыўныя метады і сродкі навучання пры падрыхтоўцы да ЦЭ на асноўных этапах урока

Этап праверкі дамашняга задання.

  1. Тлумачэнне лінгвістычных тэрмінаў, запісаных на дошцы: агульны назоўнік, якасны прыметнік
    (6 клас); дапасаванне, прымыканне, кіраванне (8 клас).
  2. Віктарына па тэарэтычным матэрыяле.
  3. Напісанне слоўнікавага дыктанта на пэўнае правіла (выкарыстоўваю словы са зборнікаў ЦЭ (ЦТ).
  4. Выкананне міні-тэста.

Этап актуалізацыі ведаў.

  1. Арфаграфічныя хвілінкі на паўтарэнне аднаго або некалькіх правіл.
  2. Творчае спісванне: л..пух, р..знае, ч..рствы, ш..снаццаць, аранж..рэя.
  3. Акцэнталагічныя хвілінкі: фартух, садавіна, навіна, крапіва, вусы, спіна.
  4. Лінгвістычныя загадкі: чаму “светлавалосы” пішацца разам, а “светла-карычневы” праз злучок?
  5. “Карэктар”. Выпраўленне памылак у словах ці сказах, запісаных на дошцы.
  6. Моўныя разборы.

Этап тлумачэння новага матэрыялу.

  1. Складанне кластара на аснове правіла.
  2. Прапанаванне падказак для запамінання правіла.
  3. Праблемнае пытанне: чым адрозніваецца залаты пярсцёнак ад залатога сэрца?
  4. Тлумачэнне некаторых моўных заканамернасцей: правапіс не (ня) з дзеясловам, з дзеепрыслоўем; утварэнне ступеней параўнання прыметнікаў, прыслоўяў.

Дыягнастычна-карэкцыйны этап.

  1. Абагульняючыя практыкаванні: знайсці трэцяе лішняе, скласці свой рад прыкладаў, размеркаваць словы па групах.
  2. Міні-тэсты, тэставыя заданні пасля вывучэння пэўнай тэмы ці раздзела (“Практыкум па беларускай мове: падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання без рэпеты-
    тара”).
  3. Далучэнне вучняў да самастойнага складання тэставых заданняў, пастаноўкі пытанняў па матэрыяле падручніка.

Парады настаўніку пры падрыхтоўцы вучняў да ЦЭ

  1. Стварайце ўмовы для развіцця маўлення і пашырэння слоўнікавага запасу вучняў.
  2. Фарміруйце ўпэўне­насць, што мова — гэта сістэма, а ўсе раздзелы мовазнаўства ўзаемазвязаны.
  3. Патрабуйце ад вучняў правільнай фармулёўкі адказу на пытанне, грунтоўнага валодання тэрміналогіяй.
  4. Пры выкананні тэставых заданняў стварайце ў класе ўмовы, блізкія да тых, што будуць пры здачы ЦЭ і ЦТ.
  5. Складайце тэставыя заданні з улікам тыповых памылак вашых вучняў.
  6. Стварайце сітуацыю пос­пеху.
  7. Настройвайце сябе на тое, што вашы вучні разумныя, добра падрыхтаваныя і вельмі творчыя, таму што вы самі добра падрыхтаваны спецыяліст і творчы педагог.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара