У Стоўбцах адбылося светлае і радаснае свята. Гэты дзень не пазначаны чырвоным колерам у календары, але ён падарыў людзям цудоўныя эмоцыі і шчырую веру ў лепшае. Адкрыты першы ў Стаўбцоўскім раёне дзіцячы дом сямейнага тыпу.
У Стоўбцах на вуліцы Бярозавай з’явіўся ўтульны і светлы дом, у якім будуць жыць Кацярына Рыгораўна і Аляксандр Анатольевіч Васільевы і шасцёра іх выхаванцаў. Дом менавіта з’явіўся, бо яшчэ ў пачатку восені на ўчастку нічога не было. Будаўнікі пастараліся і ўсяго за тры месяцы ўзвялі і поўнасцю падрыхтавалі для пражывання двухпавярховы будынак. Гэта стала цудоўным навагоднім падарункам для новых гаспадароў, бо сям’я заехала ў новы дом яшчэ 30 снежня. А надоечы адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця новага дзіцячага дома сямейнага тыпу. Павіншаваць Васільевых і іх дзетак сабралася многа гасцей, прыехаў і губернатар Мінскай вобласці Сямён Барысавіч Шапіра. “Штогод у нашай краіне адкрываюцца новыя дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, гэта сведчыць пра тое, што краіна наша развіваецца, што ў нас ёсць сродкі і накіроўваюцца яны ў неабходных напрамках. Гэта правільна, калі нашы грошы ідуць на такую годную, святую справу, — адзначыў старшыня Мінаблвыканкама. — Дзякуй вам, паважаныя Кацярына Рыгораўна і Аляксандр Анатольевіч, за тое, што вы выхоўваеце і будзеце выхоўваць дзяцей, за тое, што дорыце ім часцінку свайго сэрца і сямейнае цяпло”.
У новым доме сем пакояў і ўсе неабходныя падсобныя памяшканні. Пакоі прасторныя і светлыя, прыгожа і з густам абстаўленыя, абсталяваныя неабходнай сучаснай тэхнікай. На падворку цудоўная дзіцячая пляцоўка, гараж, хлеў. Цяпер маці, бацька і шасцёра дзетак асвойваюцца на новым месцы, прывыкаюць. Усе — і малыя, і дарослыя — прызнаюцца, што дом ім вельмі падабаецца.
Васільевы — простыя і шчырыя людзі. Яны выгадавалі шасцёра родных дзяцей, а цяпер выхоўваюць яшчэ шасцёра, якія таксама ўжо сталі для іх роднымі. Кацярына Васільева і сама расла ў шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася сямёра дзетак, таму яна не ўяўляла сябе без вялікай дружнай сям’і і мноства дзяцей. Тры хлопчыкі і тры дзяўчынкі, якія нарадзіліся ў сям’і Васільевых, сёння ўжо дарослыя. Малодшаму з іх — 19 гадоў, у старэйшых ёсць свае дзеткі. Калі дзеці сталі пакідаць бацькоўскую хату, Васільевы зразумелі, што ў іх сэрцах яшчэ так многа цяпла, так многа любові, якую можна было б падарыць дзецям. Тады і ўзнікла жаданне ўзяць на выхаванне чужых дзетак. Так Васільевы амаль 8 гадоў назад прынялі ў сваю сям’ю двух братоў: Арцёма, якому тады было амаль 8 гадоў, і шасцігадовага Віталіка. Крыху пазней усынавілі сямімесячнага Уладзіка. Амаль год назад да гэтай вясёлай хлапчуковай кампаніі далучыліся браты Саша і Сярожа, ім тады было 8 і 9 гадоў адпаведна. І зусім нядаўна, літаральна некалькі тыдняў назад, у сям’і з’явілася першая прыёмная дзяўчынка — сямігадовая Люда.
Усе дзеткі любяць і паважаюць сваіх прыёмных бацькоў, яны выхаваныя і прывучаныя да працы. Раней сям’я жыла ў вёсцы, дзе была свая гаспадарка. Дзеці дапамагалі бацькам вырошчваць агародніну, даглядаць жывёлу, весці хатнюю гаспадарку. Арцём, самы старэйшы з хлопчыкаў, — першы бацькаў памочнік. Сёлета тата даверыў яму мотаблок, і хлопец удала з ім упраўляецца на агародзе. Віталік — самы гаспадарлівы. Ён любіць гатаваць ежу, дапамагае маці весці хатнюю гаспадарку. Хлопчык спакойны і цярплівы, ён любіць майстраваць што-небудзь, у школьных гуртках асвойвае розныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, некаторыя яго работы адзначаны дыпломамі конкурсаў. А маленькі Сашка, наадварот, гарэза і непаседа. Ён вельмі непасрэдны, артыстычны і вясёлы і нікому ў сям’і не дае сумаваць. Прыёмныя маці і тата прызнаюцца, што хоць характары ва ўсіх дзяцей розныя, кожнага з іх яны любяць аднолькава. “А без любові выхоўваць дзяцей нельга і немагчыма”, — дадае Кацярына Рыгораўна.
Гэты сямейны дзіцячы дом — першы на Стаўбцоўшчыне і 41-ы ў Мінскай вобласці. Менавіта сямейныя формы выхавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, сёння ў прыярытэце. “За апошнія 10 гадоў мы закрылі 10 устаноў інтэрнатнага тыпу, дзякуючы з’яўленню дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, — расказвае Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — На Міншчыне засталася толькі адна школа-інтэрнат у Радашковічах, і колькасць дзяцей там штогод скарачаецца. Таксама адзначу, што з 2007 года значна скарацілася колькасць дзяцей, якія пражываюць у сацыяльна небяспечных умовах. У Мінскай вобласці гэтая лічба стала ўтрая меншай: у 2007 годзе такіх дзетак было дзевяць тысяч, сёння — крыху больш за тры тысячы”.
Мерапрыемства ў Стоўбцах завяршылася за вялікім сямейным сталом у новым доме. Дзеткі расказвалі пра сябе і чыталі вершы. Усе паэтычныя радкі — пра маму, тату і сям’ю. За кубачкам гарбаты Васільевы расказалі Сямёну Барысавічу Шапіру, што спыняцца на шасці выхаванцах не збіраюцца, і ў бліжэйшы час у іх новым доме паселяцца яшчэ дзеткі. Вялікага любячага сэрца гэтых цудоўных людзей хопіць на ўсіх.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара і БелТА.