Пінскія педагогі паспяхова працуюць у класах інтэграванага навучання і выхавання

- 11:07Образование

Асаблівая ўвага — пазакласным мерапрыемствам: падчас класных і інфармацыйных гадзін, розных свят і спартыўных спаборніцтваў дзеці наладжваюць больш цесныя і нефармальныя зносіны не толькі адно з адным, але і з педагогам, расказвае карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Калі ў 2020 годзе мне прапанавалі такі клас, дзе 4 з 19 дзяцей былі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, было крыху страшна, — прызнаецца настаўніца пачатковых класаў Кацярына Маркевіч з сярэдняй школы № 8 Пінска. — Малодшыя школьнікі, асабліва першакласнікі, патрабуюць павышанай увагі і індывідуальнага падыходу ў рабоце. А калі сярод іх яшчэ і дзеці з АПФР — тым больш. Акрамя ведаў, неабходна навучыць пачаткоўцаў спакойным і добразычлівым адносінам да асаб­лівых равеснікаў, стварыць у класе роўныя для ўсіх умовы.

Дзеці з АПФР займаюцца па спецыяльнай праграме, але разам з іншымі наведваюць заняткі па выяўленчым мастацтве, музыцы, працоўным навучанні, асновах бяспечнай жыццядзейнасці і фізкультуры. Асаблівая ўвага — пазакласным мерапрыемствам: падчас класных і інфармацыйных гадзін, розных свят і спартыўных спаборніцтваў дзеці наладжваюць больш цесныя і нефармальныя зносіны не толькі адно з адным, але і з педагогам.

За 4 гады выхаванцы Кацярыны Маркевіч навучыліся многаму. Так, вучні актыўна ўдзельнічалі ў школьным тыдні талерантнасці, дзе малявалі плакаты на тэму “Зрабі свет ярчэйшым”, а таксама ў мерапрыемстве “Адносся да людзей так, як ты хацеў бы, каб адносіліся да цябе”.

— Павысіць інклюзіўную культуру вучняў вельмі добра дапамагаюць спартыўныя мерапрыемствы, — расказвае педагог. — Так, спартыўнае свята “Я! Ты! Ён! Яна!” праводзілася разам з асаблівымі дзецьмі з іншых класаў. Гэтае мерапрыемства яскрава паказала школьнікам, што іх равеснікі з абмежаванымі магчымасцямі валодаюць не меншымі валявымі якасцямі і таксама могуць дасягаць высокіх вынікаў. Дзеці з нецярпеннем чакаюць акцыю “Падарунак на Новы год”. У над­звычай цёплай атмасферы прахо­дзяць віншаванні аднакласнікаў з Днём абаронцаў Айчыны, Міжнародным жаночым днём і іх днямі нараджэння. Нават перапынкі дапамагаюць выбудоўваць канструктыўныя адносіны паміж асаблівымі вучнямі і іх здаровымі равеснікамі.

Па словах Кацярыны Маркевіч, работа ў інтэграваным класе патрабуе вялікай вытрымкі і разнастайных ведаў, якія даволі часта не адносяцца да педагогікі. Настаўніца знаходзіцца ў пастаянным пошуку неабходнай інфармацыі, якая дапамагае разабрацца ў асаблівасцях узаемадзеяння з асаблівымі выхаванцамі і іх бацькамі, каб пабудаваць у класе эфектыўнае інклюзіўнае асяроддзе.

З набытым вопытам педагога ўжо не пужае работа з дзецьмі з АПФР. Больш за тое, Кацярына Маркевіч зразумела, што з імі можна паспяхова працаваць у розных відах дзейнасці.

— Галоўнае — далікатна ра­біць заўвагі, не павышаць голасу і не баяцца цяжкасцей, — гаво­рыць настаўніца.

З цягам часу формы работы з асаб­лівымі дзецьмі пашырыліся. Сёння настаўніца без страху адпраўляецца з імі ў сумесныя экскурсіі, няхай і не на вялікую адлегласць. Вучням падабаецца выву­чаць вуліцы і аб’екты роднага Пінска. Так, летась у рамках гарадскога конкурсу інклюзіўных турыстычных маршрутаў “Дарогі адкрыты кожнаму” выхаванцы педагога пабывалі ў музеі Беларускага Палесся і на дзіцячых спектаклях у мясцовым Палескім драматычным тэатры, а таксама дружнай кампаніяй прайшліся па гістарычных мясцінах райцэнтра. 

— Каб працаваць у інклюзіўным класе, трэба верыць ва ўласныя сілы, знаходзіцца ў няспынным пошуку новых рашэнняў, быць гатовым да любых нечаканасцей і заўсёды памятаць: у такім класе дзеці не толькі вучацца, але і наладжваюць зносіны, у тым ліку з бацькамі, — лічыць Кацярына Маркевіч. — Радуе, што выхаванцы гатовы прыйсці на дапамогу адно аднаму і прымаюць асаблівасці іншых
людзей.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ