Тамара Буяк: даследаванні вучаць не толькі глядзець, але і бачыць, не толькі слухаць, але і чуць

- 9:00Главная, Образование

“Які цудоўны гэты свет!” — з такой думкай выходзяць навучэнцы з урокаў настаўніцы біялогіі і хіміі Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці Тамары Буяк, усведамляючы, што яны могуць не толькі бачыць, але і разумець усё тое, што іх акружае. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Прафесію настаўніка выбрала па поклічы сэрца, — расказвае Тамара Аляксандраўна. — З дзяцінства падабалася гуляць у школу, ву­чыць сваіх сябровак і выстаўляць ім адзнакі. Сярэднюю школу скончыла добра, толькі дзве чацвёркі мела — па рускай мове і чарчэнні. Без ваганняў падала дакументы ў Брэсцкі інстытут імя А.С.Пушкіна на спецыяльнасць “Біялогія і хімія” факультэта прыродазнаўства. Гэтыя прадметы мне падабаліся больш за ўсё ў школе, мабыць, таму, што наша настаўніца біялогіі і хіміі Алена Ільінічна Хвясюкевіч была прыкладам высокай культуры, аптымізму і дабрыні. Пасля размеркавання ў 1990 го­дзе прыехала ў Казлоўшчыну ра­зам з мужам Святаславам Ула­дзіміравічам Буяком, які працуе ў школе настаўнікам дапрызыўнай падрыхтоўкі і фізічнай культуры, а цяпер яшчэ і кіраўніком па ваенна-патрыя­тычным выхаванні. Сям’я педагогаў — гэта падтрымка, узае­мадапамога і адзінае цэлае.

Як у школе, так і ў інстытуце дзяўчына была лідарам, узначальвала камсамольскую арганізацыю, была членам Брэсцкага абласнога педагагічнага атрада (наведвала дзіцячыя дамы, інтэрнаты, працавала ў піянерскіх лагерах). Нездарма жыццёвым крэда Т.А.Буяк сталі словы Т.Паляковай “От тебя зависит твое счастье, от твоего горенья и участья”. Актыўная жыццёвая пазіцыя захавалася ў Тамары Аляксандраўны да сённяшняга дня. Акрамя правя­дзення ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, настаўніца рыхтуе навучэнцаў да алімпіяд, кіруе напісаннем навукова-даследчых работ, супрацоўнічае з Акадэміяй адукацыі, праводзіць экспертную праверку школьных падручнікаў. Педагог з’яўляецца старшынёй ГА “Беларускі саюз жанчын” пры сельскім Савеце, актыўна ўдзельнічае ў прафсаюзным руху. Напярэдадні 8 Сакавіка за плённае сацыяльнае партнёрства, рэалізацыю праграм галіновага прафсаюза Т.А.Буяк адзначана нагрудным знакам федэрацыі. 

Сярод асноўных задач, якія ставіць перад сабой педагог, — развіццё інтэлектуальных і творчых здольнасцей школьнікаў, актывізацыя іх пазнавальнай актыўнасці з дапамогай займальнай інфармацыі, гульняў, актыўных форм навучання, фарміраванне ў іх цэласнай карціны свету.

— Рыхтуючыся да ўрока, заўсёды прадумваю яго практычную накіраванасць, знач­насць, — расказвае Тамара Аляксандраўна. — Пры падборы заданняў на замацаванне акцэнт раблю на пытаннях і задачах практычнага, тэхнічнага, жыццёвага зместу, каб навучэнцы маглі сабе і навакольным задаць пытанні “чаму?”, “навошта?”, “у чым прычына?”, а атрымаўшы адказы на іх, атрымалі новыя веды і маглі іх прымяніць у канкрэтных жыццё­вых сітуацыях.

Адбор вучэбнага матэрыялу настаўніца праводзіць у адпаведнасці з узроўнем ведаў вучняў і іх навучальнасці, пры гэтым вызначае межы абавязковага ўзроўню вучэбнай інфармацыі, якую паведамляе ўсім навучэнцам, і максімуму для больш глыбокага вывучэння матэрыялу. Яна імкнецца так арганізаваць зносіны, каб адчуць задаволенасць сумеснымі дзеяннямі з дзецьмі, рэалізаваць патэнцыял навучэнцаў, стварыць для іх псіхалагічную бяспеку, камфорт і, як вынік, сітуацыю поспеху на ўроку.

Т.А.Буяк аддае перавагу праблемнаму навучанню, праектнай дзейнасці, інфармацыйна-камунікацыйным, гульнявым тэхналогіям, накіраваным на навучанне школьнікаў самастойнаму крытычнаму мысленню, уменню лагічна думаць, абапіраючыся на веданне фактаў, рабіць абгрунтаваныя высновы і прымаць адпаведныя рашэнні. 

Каб актывізаваць пазнавальную дзейнасць школьнікаў, каб яны глыбей адчулі прыгажосць прыроды, еднасць з ёй, педагог выкарыстоўвае вусную народную творчасць.

— Мастацкі матэрыял павінен мець пазнавальную і эстэтычную каштоўнасць, каб пры яго аналізе навучэнцы маглі набываць веды аб прыродзе, выяўляць заканамернасці і ў той жа час перажы­ваць эстэтычныя пачуцці, звязаныя з мастацка-вобразным пазнаннем рэчаіснасці, — тлумачыць настаўніца.

Напрыклад, у курсе “Батаніка” педагог прапаноўвае загадку:

Беленькая нитка загуляла прытко,

Под землей ходила, землю шила, шила.

А потом снаружи заплелась потуже.

Заплелась в моточек, завилась в клубочек.

Пры вывучэнні тэмы “Прарастанне насення” праблемная сітуацыя ствараецца з дапамогай прыказак “Весной день год кормит”, “День прозевал — урожай потерял”, “С агротехникой лад — урожай богат”.

— Многія могуць сказаць, што выкарыстанне паэзіі, апавяданняў, загадак, прыказак адцягвае ўвагу навучэнцаў ад асноўнага вучэбнага матэрыялу. Але пры сур’ёзнай падрыхтоўцы, захаванні меры гэтыя прыёмы дапамагаюць зра­біць заняткі эмацыянальнымі, запамінальнымі, цікавымі, што спрыяе лепшаму засваенню праграмнага матэрыялу. А яшчэ падахвочвае вучняў да творчай дзейнасці: “Хоть щеночек наш и мал, у него есть… (ареал)” або “Спуск в этот биоценоз крут, а биоценоз называется… (пруд)”, — заўважае педагог.

Актывізацыі пазнавальнай дзейнасці садзейнічае і выкарыстанне рыфмаваных радкоў з тэрмінамі:

Подберезовик с березой

Обменялись веществом.

Мы такие отношенья

Микоризою зовем.

На сваіх уроках Тамара Аляксандраўна прымяняе наглядны матэрыял, які грунтуецца на прынцыпах біяэтыкі. Для ілюстравання біялагічных працэсаў часта дэманструюцца відэафільмы. Напрыклад, пры правядзенні дэманстрацыйнага доследу “Назіранне за рухам і рэакцыямі на раздражненне дажджавога чарвяка” ў 8 класе навучэнцам прапаноўваецца відэаролік “Рух дажджавога чарвяка”. Дзеці даведваюцца, дзякуючы чаму ён перамяшчаецца, які лад жыцця вядзе.

Пры правядзенні ўрокаў біялогіі ў 7 класе метад гульнявога мадэлявання дазваляе вучням самастойна пабудаваць кветку і адлюстраваць працэс апылення.

Дакрануцца ўжывую да свету прыроды, паназіраць за птушкамі, кузуркамі, земнаводнымі і нават за млекакормячымі ў натуральных умовах дазваля­юць экскурсіі, якія педагог арганізоўвае з 6 класа. Так, напрыклад, пры правядзенні экскурсіі ў 8 класе па тэме “Краявідная разнастайнасць жывёл лесу (гарадскога ландшафту)” школьнікі ро­бяць запісы, фатаграфуюць жывёл, назіраюць за птушкамі ў бінокль, здымаюць відэа. Вынікі экскурсій абмяркоўваюцца, праводзіцца выстава фотаработ, малюнкаў усіх навучэнцаў.

— Разнастайнасць форм і метадаў работы не дазваляе навучэнцам засумаваць на ўроку, а калі ім не сумна, то значыць цікава. А цікавасць — гэта велізарны фактар, які ўплывае на поспех выхавання такіх маральных якасцей, як дабрыня, міласэрнасць, давер, на фарміраванне этычных норм і правіл паводзін у дачыненні да сябе, людзей і ўсіх жывых арганізмаў, — адзначае Тамара Буяк.

Цікавае ў будзённым

Т.А.Буяк фарміруе ў навучэнцаў даследчыя кампетэнцыі. Школьнікі паспяхова прымаюць удзел у конкурсах, навукова-­практычных канферэнцыях.

У 2023 годзе сямікласніца Варвара Ламака атрымала дыплом ІІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Тэма яе работы — “Аналіз стану паветра г.п.Казлоўшчына па фітатаксічнасці ліставога ападу бярозы павіслай”. Летась скарбонка юных даследчыкаў папоўнілася дыпломам І ступені абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу дзіцячых навукова-практычных праектаў эколага-біялагічнай тэматыкі “Празрыстыя воды Нарачы” і дыпломам ІІ ступені абласнога конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ (тэма даследавання “Уплыў антрапагенных фактараў на ўтрыманне мікрапластыку ў вадаёмах г.п.Казлоўшчына”). 

У школе дзейнічае навуковае таварыства “Эйкас”, у якім навучэнцы ўдзяляюць асаблівую ўвагу вывучэнню відавой разнастайнасці птушак, флоры школьнага парку і наваколля школы, вывучэнню вадаёмаў Казлоўшчыны, право­дзяць энтамалагічныя даследаванні.

Большасць навучэнцаў прымалі ўдзел у міжнародным праекце “Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці”. У яго межах былі выкананы заданні па напрамках: “Забруджванне прыродных вадаёмаў мікрасмеццем: праблема, метады вывучэння”, “Інвентарызацыя водных аб’ектаў Беларусі”, “Даследаванне крыніц і вытокаў рэк”, “Вызначэнне нітратаў у пітной вадзе”, “Складанне стужкі рэк — прытокаў Нёмана”.

— Заданне па вызначэнні наяўнасці нітратаў у калодзежах Казлоўшчыны і найбліжэйшых вёсак было цікавым і карысным не толькі для навучэнцаў, але і для жыхароў гэтых населеных пунктаў, — расказвае Тамара Аляксандраўна. — У выніку даследавання якасці вады выяўлена, што ў пасёлку і вёсках ёсць калодзежы, у якіх утрыманне нітратаў у 2—3 разы перавышае норму, і ўжыванне вады з гэтых калодзежаў можа негатыўна адбіцца на здароўі людзей.

Праграма факультатыўных заняткаў “Дзікая прырода Беларусі” прадугледжвае экалагічныя даследаванні, якія школьнікі могуць праводзіць непасрэдна на прыро­дзе, назіраючы за жывёламі ў натуральных умовах, не парушаючы іх знаходжання ў асяроддзі пражывання. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Тып Кольчатыя чэрві” навучэнцы праводзяць даследаванні па ўтварэнні перагною дажджавымі чарвякамі ў прыродных умовах. Для вывучэння ладу жыцця вод­ных малюскаў школьнікі назіраюць за імі каля вадаёма, робяць запісы і фатаграфуюць іх. Даследа­ваць ролю жаб у знішчэнні шкоднікаў агародных культур навучэнцам прапануецца ў летні перыяд на дачных участках або школьным агародзе. Для гэтага яны будуюць невялікія агароджы вакол градкі, туды запускаюць земнаводных і затым назіраюць за імі, робячы адпаведныя запісы і фота­здымкі.

Зацікаўленыя навучэнцы атрымліва­юць індывідуальныя заданні па даследаванні канкрэтных аб’ектаў у жывой прыродзе. Напрыклад, “Асаблівасці размнажэння травяной жабы”, “Гнездаванне белага бусла на тэрыторыі мікрараёна пасёлка і найбліжэйшых вёсак”, “Уплыў антрапагенных фактараў на рост і развіццё першацветаў”.

— Даследаванні ў жывой прыродзе ву­чаць школьнікаў заўважаць прыгожыя бакі жывых арганізмаў, выхоўваюць у іх назіраль­насць: вучаць не толькі гля­дзець, але і ба­чыць, не толькі слухаць, але і чуць. Менавіта на аснове гэтых даследаванняў нараджаюцца самастойныя меркаванні, фарміруюцца ўменні абагульняць, заўважаць змяненні, якія прыводзяць да паступовага назапашвання і паглыблення ведаў. У навучэнцаў фарміруецца пазіцыя “не праходзь міма”. Яны заўважаюць не толькі незвычайнае, дзіўнае, але і ў штодзён­ным, звыклым пачынаюць знаходзіць цікавае, — падкрэслівае Тамара Буяк.

 Наталля КАЛЯДЗІЧ