Тыдзень, прысвечаны творчасці дзіцячага пісьменніка, прайшоў у дзіцячым садзе «Залаты ключык» Жодзіна

- 15:24Образование

У лютым споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння В.В.Біянкі. Тыдзень, прысвечаны творчасці дзіцячага пісьменніка, прайшоў у дзіцячым садзе № 17 “Залаты ключык” Жодзіна.

Тэматычны тыдзень у дзіцячым садзе — форма работы для педагогаў нашай установы адукацыі не новая, але разнастайнасць выбранай тэматыкі прыемна здзіўляе. На пастаяннай аснове ў дзіцячым садзе праводзяцца тыдзень баць­коўскай любові, тыдзень беларус­кай мовы, у мінулым годзе быў праведзены тыдзень тэатра. У бягучым навучальным годзе, грунтуючыся на адной з задач установы адукацыі — фарміраванне асноў маральна-патрыя­тычнага выхавання дашкольнікаў з дапамогай далучэння да твораў дзіцячай мастацкай літаратуры, педагогі прыйшлі да адзінай думкі — укараніць у практыку мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці дзіцячых аўтараў. Так з’явіўся план правядзення тэматычнага тыдня, прысвечанага творчасці В.Біянкі. Да таго ж у 2024 годзе спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння выдатнага дзіцячага пісьменніка. Чым не нагода ўдзяліць увагу творчасці аўтара?

У першы дзень тэматычнага тыдня намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці Таццянай Хадаронак была падрыхтавана кніжная выстава творчасці В.Біянкі. Арганізацыя развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя дазволіла выкарыстоўваць выставу на працягу тыдня ў розных узроставых групах. У гэты ж дзень дзяцей азнаёмілі з біяграфіяй аўтара і правялі гутарку па першым творы аўтара “Чый нос лепшы?”.

У другі дзень выхавальнікі старшых груп адправіліся з дзецьмі на экскурсію ў гарадскую бібліятэку, дзе іх чакаў квест, заснаваны на творах аўтара. Для гэтага выхавальнікамі ў групах была праведзена папярэдняя работа — чытанне твораў В.Біянкі, якія ляглі ў аснову пазнавальнага квеста. Акрамя таго, дзеці азнаёміліся з выставай “Ляснымі сцежкамі Віталія Біянкі”, змаглі самастойна пагартаць ілюстраваныя кнігі аб прыродзе і нават змайстравалі закладкі для кніг у выглядзе персанажа кнігі “Мышаня Пік”.

Яркай падзеяй тыдня стаў тэатральны дзень. У групах выхавальнікі падчас нерэгламентаванай дзейнасці арганізавалі тэатральныя паказы, выкарыс­тоўваючы розныя віды тэатраў, а ў музычнай зале малышы сабраліся на паказ лялечнага спектакля паводле твора “Хвасты”.

На працягу тыдня педагогі з дзецьмі слухалі аўдыязапісы твораў, праглядзелі мультфільм “Як Мурашка дадому спяшаўся”, разгадвалі загадкі і кросенсы пра герояў казак і апавяданняў Віталія Біянкі, ляпілі і малявалі герояў па матывах яго твораў і чыталі, вельмі шмат чыталі. Малышоў азнаёмілі з творамі “Ліс і Мышаня”, “Купанне медзведзянят”, “Падкідыш”, “Снежная кніга”, “Снягірушка-мілушка”, “Лясныя хаткі” і інш.

У нашым дзіцячым садзе вя­дзецца актыўная работа з кнігай. Выхавальнікі далучаюць да пра­цэсу чытання бацькоў выхаванцаў. Цікавай формай з’яўляецца буккросінг — абмен кнігамі. Гэтым разам буккросінг быў арганізаваны сярод педагогаў. Выхавальнікі актыўна абменьваліся кнігамі з калегамі, каб за гэты кароткі прамежак часу расказаць пра неверагодныя прыгоды жывёл — герояў твораў В.Біянкі.

Праведзеная работа дазволіла педагогам павы­сіць сваю кампетэнтнасць у пытанні арганізацыі работы па мастацка-маўленчай дзейнасці, накіраванай на фарміраванне маральна-патрыя­тычных пачуццяў праз далучэнне да твораў дзіцячай мастацкай літаратуры, выкарыстоўваючы творы аб прыродзе В.Біянкі, якія раскрываюць таямніцы роднага краю, дапамагаюць выхоўваць такія пачуцці, як дабрыня, спагадлівасць, храб­расць, дружалюбнасць і суперажыванне. А дзеці змаглі паглыбіцца ў свет лясных насельнікаў, пазнаё­міліся з жыхарамі вада­ёмаў і лугоў, адчулі характар і даведаліся аб ла­дзе жыцця кожнага героя пісьменніка-чараўніка, які ўмеў бачыць цуды ў простых рэчах.

Таццяна ХАДАРОНАК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дзіцячага сада № 17 Жодзіна