Як выкладаць матэматыку творча і цікава? Прафесійныя сакрэты Анжалікі Шапавалавай

- 9:00Главная, Образование

Настаўніца матэматыкі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Анжаліка Шапавалава ў прафесію прыйшла свядома. Аб педагогіцы яна марыла з дзяцінства і крок за крокам рухалася ў выбраным сэрцам напрамку. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Я заўсёды ведала, што пайду па жыцці толькі настаўніцкім шляхам, прычым выкладаць буду матэматыку. Чаму мена­віта гэты прадмет? У мяне матэматычны склад розуму, лічбы неверагодна мяне прываб­ліваюць. Вялікі ўплыў аказалі таксама школьныя педагогі, якія і зараз з’яўляюцца для мяне прыкладам, — паведаміла Анжаліка Міхайлаўна.

Запаветны настаўніцкі дыплом Анжаліка Шапавалава атрымала ў МДУ імя А.А.Куляшова. Пасля скончыла там магістратуру і маладым педагогам прыйшла працаваць у першы абласны ліцэй.

— З той пары мінула ўжо дзевяць гадоў, але і цяпер дакладна памятаю пачатак працоўнай дзейнасці. Было шмат хваляванняў, часам не ўсё ўдавалася. У той перыяд мяне падтрымалі калегі і кіраўніцтва ліцэя. Дзякуючы іх парадам і метадычным падказкам, з прафесійным станаўленнем я справілася хутка і лёгка, — расказала Анжаліка Міхайлаўна.

Сёння Анжаліка Шапавалава — вопытная настаўніца з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. За амаль дзесяць гадоў плённай працы яна выбудавала свае алгарытмы паспяховага навучання. Педагог упэўнена: калі зацікавіць навучэнцаў і абудзіць іх пазнавальную актыўнасць, матэматыка стане простай і даступнай для ўспрымання.

— Матэматыка — складаная, але захап­ляльная навука. Калі настаўнік зможа выклі­каць інтарэс дзяцей, цяжкасцей з за­сваеннем прадмета не ўзнікне. Імкнуся рознымі спосабамі паказаць вучням дзівосны свет формул і ўраўненняў. Прымяняю задачы, звязаныя з рэчаіснасцю. Гэта спрыяе разуменню навучэнцамі таго, што матэматыка паўсюль вакол нас, — патлумачыла Анжаліка Міхайлаўна.

На сваіх занятках Анжаліка Шапавалава шырока ўжывае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Настаўніца распрацавала серыю аўтарскіх прэзентацый, якія візуальна раскрываюць тэмы па геаметрыі. У яе арсенале і тэхналогія крытычнага мыслення. Анжаліка Міхайлаўна стараецца, каб вучні на ўроках разважалі, дыскутавалі, аналізавалі, рабілі высновы і адстойвалі свой пункт гледжання.

— Не забываю і пра творчасць. Спрабую здзівіць дзяцей нестандартнымі формамі правядзення заняткаў. Неяк з дзесяцікласнікамі мы займаліся на вуліцы: клас па­дзяліўся на каманды, рашэнне задач пісалі крэйдай на асфальце. Такі ўрок запомніўся і падарыў вучням незабыўныя ўражанні, — расказала Анжаліка Шапавалава.

Вельмі значным яна лічыць індыві­дуальны падыход да навучэнцаў. Настаўніца пераканана: аднолькавых дзяцей не бывае, усе — унікальныя.

— Для кожнага вучня шукаю асаблівую траекторыю навучання з улікам яго здольнасцей. Бо аднаму дзіцяці для разумення тэмы дастаткова мінуты, а другому не хо­піць і цэлых заняткаў. Па гэтай прычыне заданні рыхтую толькі дыферэнцыраваныя, а яшчэ часта ствараю сітуацыі поспеху для навучэнцаў. У сукупнасці гэта моцная матывацыя, — адзначыла педагог.

Па меркаванні Анжалікі Шапавалавай, важны аспект якаснай адукацыі — узаемадзеянне педагога з вучнямі.

Яна шмат гутарыць з дзецьмі, заўсёды гатова выслухаць іх і дапамагчы.

— Не вяду класнае кіраўніцтва, але выхаванню ўдзяляю вялікую ўвагу. Сустракаюся з дзецьмі ў пазаўрочны час, наведваю з імі мерапрыемствы, бываю на экскурсіях. У такія моманты мы душэўна гаворым пра жыццёвыя каштоўнасці, пра тое, якім павінен быць добры чалавек. Выкарыстоўваю і выхаваўчы патэнцыял заняткаў. Матэматыка — навука, якая прыводзіць у парадак розум, развівае працавітасць, мэтанакірава­насць, упартасць, акуратнасць. Рэгулярна нагадваю навучэнцам аб тым, што ў далейшым ім спатрэбяцца не толькі веды, але і навыкі, якія яны набываюць на ўроках, — падкрэсліла Анжаліка Міхай­лаўна.

Выпрацаваная Анжалікай Шапавалавай сістэма выкладання прыносіць адпаведныя вынікі. Яе вучні дэманструюць высокую паспяховасць, бліскуча здаюць ЦТ і ЦЭ, пераможна выступаюць на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы.

Анжаліка Міхайлаўна паспявае не толькі выкладаць. Ужо некалькі гадоў яна працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, адказвае за арганізацыю адукацый­нага працэсу ва ўсім ліцэі.

— Пастаянна знаходжуся ў нейкіх клопатах і справах, але яны мне ў радасць. Штодня з задавальненнем іду на работу і ў іншай сферы сябе нават не ўяўляю. Педагогіка даўно стала прызваннем. Мяне неверагодна натхняюць нават маленькія дасягненні вучняў, — запэўніла Анжаліка Шапавалава. — У планах — працяг­ваць прафесійнае самаразвіццё, каб яшчэ больш творча адкрываць навучэнцам таямніцы матэматычнага свету.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара