Практычная дзейнасць і тактыльныя адчуванні: фарміруем экалагічныя ўяўленні ў выхаванцаў з асаблівасцямі развіцця

- 15:15Образование

У ЦКРНіР Івацэвіч распрацавалі праект «Прырода і мы» для фарміравання экалагічных уяўленняў у сваіх выхаванцаў з асаблівасцямі развіцця ў даступнай і займальнай форме, з выкарыстаннем практычнай дзейнасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

— Дашкольнікі з інтэлектуальнай недастатковасцю могуць засвойваюць пэўны аб’ём ведаў аб прыродзе, але іх уяўленні фарміруюцца павольна, — адзначае намеснік дырэктара ўстановы Іна Дубіна. — У працэсе рэалізацыі праекта «Прырода і мы» пашыраецца кругагляд дзяцей, яны вучацца эмацыянальна рэагаваць на прыгажосць, у іх выхоўваюцца беражлівыя адносіны да таго, што акружае.

Педагогі цэнтра зрабілі дыдактычныя гульні прыродазнаўчай накіраванасці («Пакармі жывёл», «Хто дзе жыве?», «Пабудуй шпакоўню для птушачак» і г. д.), распрацавалі канспекты заняткаў і назіранняў у прыродзе, макеты «Дзікія жывёлы», «Ферма», «Жывёлы гарачых краін і поўначы», «Агарод». Усё сістэматызавалі па сезонах і аформілі ў друкаваным варыянце.

— Увагу дзяцей з асаблівасцямі развіцця цяжка прыцягнуць словам. Адсутнасць маўленчых навыкаў ускладняе працэс засваення ведаў, — гаворыць выхавальніца Наталля Гарэўская. — Таму на занятках і ў штодзённым жыцці я выкарыстоўваю гульні, якія выклікаюць эмацыянальны водгук. Дапамагаючы вавёрачцы збіраць арэшкі, дзеці вучацца праяўляць клопат і знаёмяцца з умовамі жыцця дзікіх жывёл зімой. Многія гульні падводзяць да абагульнення і класіфікацыі. Гуляючы з макетам «Ферма», выхаванцы расстаўляюць свойскіх жывёл на гаспадарчым двары: карова ў хляве, гусі ў саджалцы, кот на даху і г. д. Жывёлы прадстаўлены ў выглядзе аб’ёмных цацак, таму іх можна вывучаць падрабязна. Засваенне ведаў аб прыродзе ажыццяўляецца ў працэсе рухавых гульняў, гульняў-імітацый («Зайка шэранькі сядзіць»). Але самае важнае, каб дзіця магло ўбачыць на свае вочы дрэва, траву, насякомае, адчуць пах кветкі, пачуць спевы птушак, даць божай кароўцы прапаўзці па руцэ, прасачыць за мурашкамі, адшукаць іх сцежкі.

Падчас прагулак выхаванцы цэнтра заўважаюць пэўныя прычынна-выніковыя сувязі ў прыродзе, вывучаюць сезонныя змены, слухаюць вершы, выконваюць гульнявыя заданні і даступныя доследы, робяць маленькія адкрыцці. Дашкольнікаў з інтэлектуальнай недастатковасцю больш за ўсё цікавіць практычная дзейнасць: з вялікім задавальненнем яны саджаюць цыбулю і даглядаюць яе, назіраюць за яе ростам, робяць браслеты з сабраных кветак, кормяць птушак у кармушцы, удзельнічаюць у экалагічных акцыях.

Педагогі цэнтра далучаюць дзяцей да пасільнай дапамогі ў кветніку, а восенню выхаванцы збіраюць лісце і насенне раслін, звяртаюць увагу на іх разнастайнасць. Свае ўражанні хлопчыкі і дзяўчынкі адлюстроўваюць у малюнках, лепцы фігурак птушак, жывёл і насякомых, вырабах з прыроднага матэрыялу.

Навучыць дзіця любіць прыроду немагчыма без падтрымкі бацькоў. Сумесны з дарослымі збор прыроднага матэрыялу, стварэнне тактыльных мяшочкаў не толькі выклікаюць эмацыянальны водгук у душах дзяцей з асаблівасцямі развіцця, але і ўплываюць на развіццё тактыльных адчуванняў. Педагогі змайстрававалі тактыльныя пано з прыроднага матэрыялу з маляўнічымі сюжэтамі ўсіх пор года. Усе выхаванцы цэнтра імкнуцца дакрануцца да сапраўднай кары дрэва, кошыка з шышак, пушыстых грудак птушачак.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы