IQ у квадраце: як вёска Бароўка Лепельскага раёна стала цэнтрам дзіцячых інтэлектуальных гульняў

- 13:22Увлечения

Як вёсцы Лепельскага раёна ўдалося стаць цэнтрам дзіцячых інтэлектуальных гульняў, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася падчас візіту ў Бароўскую сярэднюю школу імя Г.К.Жукава.

IQ у квадраце

Ужо шмат гадоў у Бароўскай сярэдняй школе імя Г.К.Жукава дзейнічае аб’яднанне па інта­рэсах “Інтэлектуальныя гульні”. Яго неафіцыйная назва — клуб “IQ у квадраце”. Развіццём логікі, эрудыцыі і кругагляду з дзецьмі займаецца педагог з 40-гадовым стажам Яўгеня Ерыцян.

— У Бароўскай школе настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства я працую ўжо 21 год, — расказвае Яўгеня Рафаэлаўна. — Я родам з Арменіі, як жонка афіцэра часта пераязджала з сям’ёй з месца на месца. А потым мы пасяліліся ў Бароўцы і жывём тут ужо шмат гадоў. Гэтая вёска стала мне роднай, як і школа, і мае вучні. Я даўно заўважыла, што многім дзецям не хапае інфармацыі на ўроках, яны хочуць ведаць больш. Для такіх дапытлівых і існуе наша аб’яднанне па інтарэсах, якое кожны год набывае ўсё большую папулярнасць. З часам на базе ўстановы адукацыі пачаў праходзіць рэгіянальны інтэлектуальны турнір “Бароўская сава”, які спачатку збіраў толькі школьнікаў Лепельшчыны. Потым гэтае спаборніцтва выйшла на абласны ўзровень, зараз у планах атрымаць статус рэспуб­ліканскага.

Сёння вёска Бароўка — месца сустрэчы юных інтэлектуалаў. Мясцовыя жыхары кажуць, што само вясковае асяроддзе гэтаму садзейнічае — цішыня, свежае паветра. Жартуюць — можа, тут нават нараджаюцца інтэлектуаламі? Але кіраўнік клуба “IQ у квадраце” Яўгеня Ерыцян адзначае: нейкіх асаблівых “інтэлектуалаў ад нараджэння” ў яе клубе няма. Пры жаданні і пэўных намаганнях развіць логіку, аналітычнае мысленне магчыма ў звычайных вучняў. Галоўнае — зацікавіць дзіця, абудзіць у яго прагу да нязведанага.

Вёска Бароўка — самы маленькі населены пункт рэспублікі, які праводзіць свой інтэлектуальны турнір. У красавіку тут адбудзецца “Малая Бароўская сава — 2024”, удзел у гульні прымуць у тым ліку і пачаткоўцы. Зараз яшчэ ідзе прыём заявак ад каманд.

— Сучасныя школьнікі амаль нічым не адрозніваюцца ад папярэдніх пакаленняў дзяцей, — заўважае Яўгеня Ерыцян. — Можа, захапленні ў іх і іншыя, але цяга да рэбусаў, загадак ва ўсіх аднолькавая. Клуб пачынаўся яшчэ ў 2010 годзе, сёння ў нас 2 каманды для вучняў з 5 па 11 клас. У апошні час нашым аб’яднаннем зацікавіліся і навучэнцы 3 і 4 класаў. Яны вельмі дапытлівыя, адкрытыя да ведаў! І, што адметна, шмат чыта­юць. Аднойчы мы праводзілі для пачаткоўцаў турнір, і ў выніку 3 клас выйграў у 4-га! Але нават не гэта здзівіла, а тое, што ўдзел у гульні прымалі ўсе дзеці без выключэння — не было тых, хто сядзеў моўчкі. Усе працавалі аднолькава.

Інтэлектуальны брэнд

Традыцыйна ў бароўскім турніры прымаюць удзел школьнікі з Віцебска, Полацка, Наваполацка, Чашнікаў, Гарадка — часам гэта больш за 20 каманд! Але сёння “Бароўскую саву” добра ведаюць і па-за межамі вобласці.

— Нашым турнірам ужо зацікавіўся клуб з Барысава, а значыць, мы паступова выхо­дзім на рэспубліканскі ўзровень, — працягвае Яўгеня Рафаэ­лаўна. — Зараз “Бароўская сава” — гэта інтэлектуальны брэнд. На пачатку існавання клуба мы з камандай “Віртуале” ездзілі на розныя гульні па ўсёй рэспубліцы. А потым дырэктар нашай школы Дзіана Мысіна прапанавала правесці раённы турнір у нас. Першы такі адбыўся ў красавіку 2016 года, агульны для дзяцей з 5 па 11 клас, у ім удзельнічалі 20 каманд з розных устаноў адукацыі Лепельшчыны. Прызнаю­ся, было цяжка, таму што ўзровень ведаў у пяцікласнікаў і амаль што выпускнікоў, зразумела, розны. Тады мы вырашылі право­дзіць дзве “савы” — “Бароўскую саву” ў кастрычніку для вучняў з 8 па 11 клас і “Малую Бароўскую саву” для 5—7 класаў у красавіку. Прычым існуе як агульны кубак, так і асобны для Лепельскага раёна. І, вядома, салодкія прызы — тарты, марожанае, такіх падарункаў вельмі чакаюць маленькія эрудыты.

Яўгеня Ерыцян падкрэслівае, што развіццё інтэлекту, логікі — гэта працэс даўжынёй у жыццё. Няма меж дасканаласці, а вучоба не заканчваецца ніколі. Нават удзельнікі вядомай тэлегульні “Што? Дзе? Калі?” кожны раз вучацца чамусьці новаму.

— Заняткі нашага аб’яднання па інтарэсах пабудаваны па сістэме “гуляем спазнаючы”, — тлумачыць педагог. — Кожная сустрэча — віктарыны, конкурсы. Таксама ёсць група ў інтэрнэце, дзе мы абменьваемся рознымі цікавымі фактамі, разам рашаем задачы на логіку.

Педагог цесна ўзаемадзейнічае і з бацькамі сваіх вучняў. Для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў рэкамендуе літаратуру для развіцця агульнай эрудыцыі, у асноўным кнігі савецкіх пісьменнікаў, а таксама глядзець мультфільмы тых часоў. Яны не толькі вучаць дзяцей вечным каштоўнасцям, але і змяшчаюць шмат карыснай інфармацыі пра навакольны свет, культуру, гісторыю.

Ёсць кім ганарыцца

Самай першай камандай, з якой пачыналася “Бароўская сава”, была “Віртуале”: у 2016 го­дзе яны выйшлі ў фінал школьнага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па інтэлектуальных гульнях — увайшлі ў лік лепшых 40 каманд з 428. А капітан “Віртуале” Іван Мурзін, калі ўжо быў студэнтам юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, стаў уладальнікам “Крыштальнай савы”. У 2021 годзе ў камандзе БДУ ў спецыяльнай асенняй дабрачыннай серыі Іван быў прызнаны лепшым удзельнікам. Сёння многія былыя гульцы аб’яднання “IQ у квадраце” прымаюць удзел у розных інтэлектуальных турнірах рэспублікі. А Іван Мурзін і яшчэ адна былая ўдзельніца клуба Дзіяна Ерыцян зараз з’яўляюцца вядучымі турніру “Бароўская сава”.

— Дзіяна сама напісала адну з гульняў для “Малой Бароўскай савы”, а нашы знаўцы Іван Мурзін і Юльяна Часнакова — аўтары турніру “Малой Бароўскай савы — 2023”, — дадае кіраўнік аб’яднання па інтарэсах.

Яўгеня Рафаэлаўна асабліва адзначае, што Бароўская школа вясковая, таму невялікім камандам клуба “IQ у квадраце” спаборнічаць з гарадскімі няпроста. Але канкурэнцыя матывуе!

— Менавіта мы сёння з’яўляемся адным з рэгіянальных цэнтраў інтэлектуальных гульняў, — дадае настаўніца. — Шмат для папулярызацыі турніру ро­біць і адміністрацыя Бароўскай сярэдняй школы, яе дырэктар Дзіана Мысіна. Нам ёсць кім і чым ганарыцца.

Лепельшчына вядомая і сваім клубам інтэлектуа­лаў “Ра”, які ўжо больш за два дзясяткі гадоў працуе на базе Лепельскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Віктара Радзько. Яго ўдзельнікі неаднаразова прымалі ўдзел у рэспуб­ліканскім тэлепраекце “Я ведаю!”. Адзін з праектаў клуба — інтэлект-рынг “Кубак PROвінцыі”, у якім штогод прымаюць удзел каманды з усёй Беларусі. Асаблівую цікавасць выклікаюць аўтарскія гульні “Пін-код” і “Больш — менш”. Праходзіць тут і інтэлектуальнае першынство “Гульні розумаў: катэгорыя “Умняшка” для 1—2 класаў. Такія спаборніцтвы дазваляюць педагогу шукаць адказы на пытанні: які інтэлектуальны патэнцыял у пакалення альфа? Якія методыкі эфектыўныя ў рабоце з імі?

Асаблівую ўвагу пры развіцці інтэлекту трэба ўдзяляць базавым навыкам: успрыманню, памяці і лагічнаму мысленню.

Тут на дапамогу прыйдуць:

  • Загадкі. Рэбусы, шарады — эфектыўны трэнінг для дзіцячага мозгу. Такія практыкаванні падобныя на размінку перад заняткамі спортам, толькі “качацца” будуць не мышцы, а мозг.
  • Задачкі на логіку. Напрыклад, “выберы лішняе”, “размясці малюнкі па парадку” і г.д. Калі загадкі — гэта ў першую чаргу трэніроўка хуткасці мыслення, то задачы ўжо накіраваны на аналіз сітуацыі. Яны вучаць дзяцей трымаць у галаве адначасова некалькі варыянтаў рашэння для пошуку лепшага з іх.

Практыкаванні, накіраваныя на развіццё інтэлекту, асабліва важныя для пачаткоўцаў — дзяцей ва ўзросце 6—10 гадоў. Гэты час трэба не прапусціць! Варта прапаноўваць ім крыжаванкі, судоку. Неацэнную карысць прынясуць заняткі шахматамі, папулярнай сёння ментальнай арыфметыкай, нават більярдам. Добра запісаць дзіця і ў гурток па робататэхніцы, дзе яно будзе вывучаць розныя прыстасаванні — ад простых мадэлей да складаных механізмаў. Дамашнім гульням на развіццё інтэлекту рэкамендуецца адводзіць мінімум 20 мінут кожны вечар.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі