Чаму тэатр моды «Світа» БарДУ паказвае пастаноўкі, а не калекцыі адзення

- 14:18АРТ-квартал, Новости

25 гадоў аматараў творчасці радуе народны тэатр моды БарДУ “Світа” — самы тэатральны з усіх тэатраў моды. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З дня заснавання тэатра (шмат гадоў назад у Баранавіцкім дзяржаўным вышэйшым педагагічным каледжы, на аснове якога потым быў утвораны БарДУ) ім кіруе Марына Лукашэвіч. Абараніўшы ў 2006 годзе пасля перамогі ў рэспубліканскім конкурсе “Арт-вакацыі” званне народнага, юныя тэатралы пацвярджаюць яго рэгулярна.

— У словазлучэнні “тэатр моды” галоўнае слова “тэатр”, — тлума­чыць Марына Васільеўна. — За 25 гадоў ні разу калекцыі аддзення не былі прадстаўлены, скажам, на конкурсе “Млын моды”, хаця, напэўна, маглі б прэтэнда­ваць на перамогу. Затое ў рэпертуары творчага калектыву некалькі дзясяткаў сапраўдных тэатральных пастановак, пад якія спецыяльна шыюцца арыгінальныя касцюмы. Іх прыдумляюць члены клуба “Эскіз”, які дзейнічае пры тэатры моды. Цяпер ім кіруе студэнтка 3 курса Надзея Жалязоўская, дагэтуль крэатыўных аматараў-дызайнераў 5 гадоў курыравала Юлія Вараб’ёва. Шыюць тэатральныя ўборы ў Баранавіцкім дзяржаўным каледжы тэхналогіі і дызайну. А вось аксесуары, якія дапаўняюць вобразы, студэнты ствараюць сваімі рукамі.

У тэатры, як і ў клубе, займаюцца юнакі і дзяўчаты з розных факультэтаў: інжынернага, педагагічнага, лінгвістычнага. Усяго іх амаль 80 чалавек. Ва ўніверсітэцкі тэатр навічкі прыходзяць дзякуючы праекту “Таленты БарДУ”. Апынуўшыся ў тэатральным калектыве, студэнты наладжваюць сяброўскія, даверлівыя адносіны.

У сваіх пастаноўках, праектах, канцэртных нумарах студэнты ўзнімаюць сур’ёзныя тэмы — кахання, сяброўства, патрыятызму, сацыяльныя праблемы.

Тэма новай пастаноўкі, незвычайная ідэя, запамінальныя вобразы ў кіраўніка тэатра нараджаюцца спантанна пад уздзеяннем нейкага моцнага ўражання — ад выставы ці падзеі, пачутай музыкі ці ўбачанай прэм’еры. Зыходзячы з тэмы і ідэі, прыдумваецца сюжэт.

— Калі вобразы нараджаюцца ў думках, яны не даюць спакойна жыць, есці, спаць. Яны просяцца хутчэй на сцэну. І пачынаеш абдумваць, як іх увасобіць у жыццё, — дзеліцца сакрэтам стварэння спектакляў Марына Лукашэвіч. — Нашы пастаноўкі — звычайна дзейства з 2—3 актаў з пралогам і эпілогам. У іх часта выкарыстоўваюцца вершы ўласнага сачынення студэнтаў. Заўсёды старанна падбіраюцца відэакантэнт, музычнае суправаджэнне. Харэаграфічная аснова кожнага спектакля — гэта таксама плён творчасці ўдзельнікаў нашага калектыву. Галоўныя харэографы — студэнткі-старшакурсніцы лінгвістычнага факультэта, якія ў дзяцінстве займаліся танцамі. У вялікім праекце мо­гуць быць задзейнічаны тры дзясяткі чалавек. Рэпетыцыі, як правіла, праходзяць кожны дзень. Заўсёды прыемна і карысна пачуць прафесійную параду ад загадчыка аддзела культуры і творчасці БарДУ Ганны Грэзе.

Напрыклад, ідэя музычна-паэтычнай кампазіцыі “Непатрэбны” зарадзілася ў кіраўніка тэатра моды пасля наведвання выставы работ візажыста і фотамастака з Віцебска Ганны Малахоўскай. Яна ў такім відзе мастацтва, як са­цыяльны крэатыўны макіяж, закранула тэму немагчымасці абортаў. Галоўны герой тэатральнага дзейства — ненароджаны хлопчык ва ўлонні маці, які вядзе дыялог з гледачом, а таксама са сваёй мамай, расказваючы, як моцна ён хоча жыць, кім хоча стаць. У спектаклі паказаны асноўныя прычыны, па якіх дзеці не нараджаюцца ў сем’ях. Гэта жаночая боязь адзіноты, фінансавая нестабільнасць, наяўнасць некалькіх дзяцей у сям’і… Таксама паказана, што звычайна дзеці нараджаюцца там, дзе паміж блізкімі людзьмі ёсць любоў, давер і шчасце. Завяршае пастаноўку рашэнне галоўнай гераіні нара­дзіць малыша, якое адлюстроўваецца ў харэаграфічнай пастаноўцы пад песню “Прекрасное далёко”. Гэты спектакль вось ужо некалькі гадоў карыстаецца вялікай папулярнасцю ў гледачоў у Дзень абароны дзяцей.

Марына Куняўская
Фота з архіва тэатра