Патрыятычнае выхаванне метадам праектаў: вопыт педагогаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №8 Магілёва

- 17:11Новости

Станаўленне грамадзянска­-патрыятычнай культуры — першачарговы аспект выхавання падрастаючага пакалення. Пачынаць закладваць асновы патрыятызму трэба з ранняга дзяцінства. Педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8 Магілёва выкарыстоўваюць у гэтым напрамку розныя формы работы.

За апошнія некалькі гадоў у нашай установе рэалізаваны рэспубліканскія інавацыйныя праекты па фарміраванні грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў праз арганізацыю дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў і фарміраванне сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове турыстычна-края­знаўчых медыяпадарожжаў. Найбольшую эфектыў­насць у ажыццяўленні інавацый паказаў метад праектаў, які дазваляе прывіваць дзецям прыхільнасць і любоў да сваёй сям’і, роднай вуліцы, горада, краіны.

Напрыклад, праект “Мой горад” дазволіў азнаёміць выхаванцаў з гісторыяй узнікнення Магілёва, з легендай аб паходжанні назвы горада і яго славутасцямі. На занятках з педагогамі дзеці вывучалі асаблівасці малой радзімы, а затым разам з бацькамі падарожнічалі па розных месцах горада і стваралі пазнавальныя відэаролікі і медыяпадарожжы. Цяпер усё гэта шырока прымяняецца ў адукацыйным працэсе.

Значны след у памяці выхаванцаў пакінуў пазнавальны праект “Мая вуліца Якубоўскага”. Дзеці даведаліся пра біяграфію Івана Якубоўскага, чалавека, у гонар якога названа вуліца, дзе яны жывуць. Выхаванцам расказалі пра асабістыя якасці, подзвігі і дасягненні героя. Творчы праект “Аляксей Пысін — наш знакаміты зямляк” дазволіў хлопчыкам і дзяўчынкам вывучыць творы паэта — ураджэнца магілёўскай зямлі. З цікавасцю малышы ўдзельнічалі і ў праектах “Мой любімы дзіцячы сад”, “Прафесія маіх бацькоў”, “Заводы і фабрыкі Магілёва”, “Беларуская нацыянальная кухня”, “Мая Беларусь” і іншых.

Асабліва запомніўся дзецям праект “Дзень Перамогі”. Выхаванцы старшых груп наведалі Магілёўскі спецыяльны дом для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў, дзе па­знаёміліся з ветэранам вайны і працы Фёдарам Іванавічам Крываногавым. Праз яго апавяданні малышы даве­даліся, якія выпрабаванні прайшлі салдаты-героі, абараняючы нашу родную зямлю.

Метад праектаў зарэкамендаваў сябе. Ён дазваляе педагогам дакладна планаваць работу па выхаванні ў дзяцей павагі да гісторыі свайго народа, гордасці за Радзіму, закладваць асновы грамадзянскасці і патрыятызму. Работу ў такім рэчышчы плануем працягваць. Зараз прыступілі да ажыццяўлення новага маштабнага сеткавага праекта “Мы памятаем, мы ганарымся!”, прысве­чанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ірына ЗАГОРСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8 Магілёва