Чацвёртакласніца Маларыцкай раённай гімназіі Марыя Вагнер пад кіраўніцтвам настаўнікаў Марыны Сіпчук і Алёны Жалтковіч падрыхтавала даследчую работу “Подзвіг лётчыкаў на Маларытчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Усё далей адыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, але жыве памяць пра гераізм мінулага, не сціхае боль, не затуманьваецца слава подзвігу нашага народа. Праўнукі і прапраўнукі тых, хто не вярнуўся з крывавых палёў і мужна абараняў незалежнасць Радзімы, не шкадуючы сіл працаваў у тыле, дастойна нясуць Вахту Памяці.
— Неяк падчас наведвання гімназічнага краязнаўчага музея “Спадчына” пачула ад экскурсавода, што на малой радзіме няма такога населенага пункта, дзе б нямецка-фашысцкія захопнікі не раccтралялі ці не закатавалі мірных жыхароў, — гаворыць Марыя Вагнер. — Сёння ў рaёне 77 помнікаў воінскай славы і пахaванняў, 42 аб’екты маюць стaтус гіcторыка-культурнай каштоўнаcці, у тым ліку і 31 воінcкае пахаванне. Экскурсавод паведаміла, што на мяжы Маларыцкага і Брэсцкага раёнаў 7 мая 2016 года прайшоў мітынг, падчас якога ўсталявалі памятны і інфармацыйны знакі на месцы падзення самалёта Іл-4 і на месцы пахавання лётчыка Мікалая Мінчанкі. Мяне гэта зацікавіла, і я вырашыла сабраць больш інфармацыі, каб затым расказаць сваім аднакласнікам.
У кнізе Яраслава Пархуты “Зямля бацькоў нашых: падарожжа па родным краі” ёсць раздзел “Цар-дуб”. У ім расказваецца пра тое, як у 1980-я гады да кіраўніка школьнага музея Пажэжынскай школы Васіля Масюка, пры якім працавала пошукавая група, з вёскі Старое Раматова прыйшла Марыя Сыч. Жанчына расказала, што ў чэрвені 1944 года яна, будучы сувязной, ляснымі сцежкамі прабіралася ў партызанскі атрад. Недалёка ад цар-дуба сустрэла абарванага, схуднелага чалавека. Ён назваўся савецкім лётчыкам, бамбардзіроўшчык якога быў збіты нямецкімі знішчальнікамі, калі вяртаўся з баявога задання. Мужчына папрасіў звязацца з партызанамі. Марыя Сыч прывяла знясіленага лётчыка ў атрад, а што з ім было потым і як склаўся яго лёс, не ведала.
Вывучэнне архіваў нічога не дало. Юныя следапыты напісалі ў абласную газету. Неўзабаве ў Пажэжын прыехала жонка памерлага ўжо Рамана Рагаўцова, якая паведаміла: калі адбылася паветраная трагедыя, з ім быў пілот Мікалай Мінчанка, які адразу загінуў. Штурман Валянцін Чыгір застаўся жывы. Ён, як і Раман Рагаўцоў, выкінуўся з палаючай машыны, прызямліўся недзе паблізу цар-дуба, доўга прабіраўся лясамі і таксама трапіў да партызан.
Марыя Вагнер пабывала на месцы падзення самалёта і сабрала дадатковую інфармацыю. Так, ноччу з 13 на 14 чэрвеня 1944 года ў ваколіцах вёскі Дубрава (цяпер населены пункт у Брэсцкім раёне) упаў падбіты немцамі савецкі бамбардзіроўшчык Іл-4. Мясцовыя жыхары расказвалі, што пажар бушаваў там усю ноч. Ад страшэннага выбуху разарвала на кавалкі не толькі самалёт, але і лётчыка. Знойдзеныя астанкі разам з дакументамі пахавалі жыхары непадалёк ад месца падзення баявой машыны.
Пошукі збітага Іл-4 і членаў яго экіпажа пачаліся ў 2011 годзе. Удалося знайсці фрагменты левага і правага рухавікоў самалёта з захаванымі нумарамі 888370 і 888883. Па іх і выйшлі на след экіпажа. Зрабілі запыт у Падольскі ваенны архіў. Неўзабаве адтуль прыйшоў адказ: рухавікі з указанымі нумарамі былі ўсталяваны на бамбардзіроўшчыку Іл-4.
Самалёт належаў 9-му гвардзейскаму авіяцыйнаму Палтаўскаму Чырванасцяжнаму палку далёкага дзеяння (3-й эскадрыллі). Ён вылецеў з аэрадрома Белай Царквы (Украіна) для бамбардзіроўкі фашысцкага аэрадрома “Малашэвічы” на тэрыторыі Польшчы ў складзе трох чалавек: камандзіра старшага лейтэнанта Мікалая Мінчанкі, штурмана лейтэнанта Валянціна Чыгіра і стралка-радыста старшага сяржанта Рамана Рагаўцова. З задання бамбардзіроўшчык не вярнуўся, бо быў падбіты.
Камандзір экіпажа аддаў загад пакінуць борт. Першым выскачыў з парашутам стралок-радыст. Раман Рагаўцоў прызямліўся ў раёне вёскі Старое Раматова. Яго выратавала сувязная Марыя Сыч. Другім пакінуў самалёт (таксама з парашутам) Валянцін Чыгір. Яго знайшла сувязная партызанскага атрада Вольга Дзібук, якая пражывала ў вёсцы Брадзяцін. Штурман, верагодна, выскачыў з малой вышыні, бо атрымаў раненне нагі. А вось 28-гадовы камандзір, напэўна, не паспеў пакінуць паветраны карабель, ратуючы жыццё сяброў.
Мікалай Мінчанка, які з 1944 года лічыўся зніклым без вестак, нарадзіўся ў 1916 годзе на станцыі Папаская Харкаўскай вобласці Украінскай ССР. У 1936-м закончыў вучобу ў аэраклубе Улан-Удэ, быў курсантам Балашоўскай ваеннай авіяцыйнай школы.
Па-рознаму склаўся лёс лётчыкаў, якія выжылі. Раман Рагаўцоў змог своечасова паведаміць пра сваё месцазнаходжанне. У 1962 годзе ў званні падпалкоўніка ён закончыў службу на Украіне. Валянціну Чыгіру толькі праз месяц удалося звязацца з камандаваннем. Увесь гэты час лётчык знаходзіўся ў адной сям’і, якая яго даглядала.
Пра вынікі свайго даследавання Марыя Вагнер расказала аднакласнікам, якія ўважліва і з цікавасцю яе выслухалі. Аповед нікога не пакінуў раўнадушным. Пра такія факты Вялікай Айчыннай вайны нельга забываць, каб ведаць, якой цаной была заваявана мірная будучыня, і памятаць імёны тых, хто да апошняй кроплі крыві абараняў Радзіму і паклaў на алтар Перамогі ўласнае жыццё.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара