Мемарыяльная выстава “Памяць жывая” адкрылася ў Маціевіцкай базавай школе Жабінкаўскага раёна. З гэтай нагоды ва ўстанове адукацыі прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Адкрыццю выставы папярэднічаў мітынг у вёсцы Корды ля абеліска з імёнамі камсамольцаў, загінуўшых у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Юныя патрыёты з першых дзён акупацыі вялі актыўную падпольную дзейнасць супраць гітлераўцаў. У маі 1942 года мсціўцы самаробнай бомбай узарвалі варожы эшалон з баявой тэхнікай, які накіроўваўся на фронт. Падчас наступнай дыверсійнай аперацыі камсамольцы падпалілі паліцэйскі ўчастак у вёсцы Якаўчыцы. Фашысты, раззлаваныя дзёрзкімі дзеяннямі падпольшчыкаў, неўзабаве арыштавалі іх і расстралялі. Сёння пра гераізм камсамольцаў нагадвае абеліск з імёнамі адважных юных патрыётаў. Ганаровыя госці і школьнікі Жабінкаўшчыны ўшанавалі іх памяць, усклаўшы да помніка з абноўленай шыльдай вянкі і кветкі.
Мемарыяльная выстава ў Маціевіцкай базавай школе, гісторыя якой налічвае амаль 120 гадоў, адкрылася ў рамках 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў па ініцыятыве раённай пракуратуры і пры падтрымцы мясцовых органаў улады. Разам з тым абласная пракуратура і галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама далі старт маладзёжнаму творчаму конкурсу “Памяць і боль беларускай зямлі”, накіраванаму на захаванне гістарычнай памяці і фарміраванне ў школьнікаў стваральных адносін да мінулага роднай краіны. Маціевіцкія вучні і педагогі прынялі актыўны ўдзел у конкурсе ў адной з намінацый, звязаных з арганізацыяй тэматычнай выставы.
— Яе ідэя належыць метадысту Жабінкаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ірыне Сазінавай, — расказала дырэктар школы Галіна Парафянюк. — Выстава “Памяць жывая” прысвечана гісторыі барацьбы кордаўскіх камсамольцаў з гітлераўцамі, якія акупіравалі раён ужо на другі дзень вайны. На працягу некалькіх гадоў вучні збіралі матэрыялы пра жыццё і дзейнасць юных падпольшчыкаў, запісвалі сведчанні відавочцаў і родных загінуўшых пра зверствы акупантаў, рыхтавалі даследчыя работы пра мсціўцаў.
З фотаздымкаў экспазіцыі на наведвальнікаў глядзяць маладыя твары камсамольцаў, якія ў юным узросце ахвяравалі сабой дзеля мірнага неба для нашчадкаў. Гэта не толькі суровы напамін пра вялікую цану Перамогі, але і яркі прыклад самаадданай любові да Радзімы.
Цікавую і пазнавальную экскурсію па выставе для гасцей правялі школьнікі. У будучыні экспазіцыя стане выдатным месцам для ўрокаў мужнасці.
Гады акупацыі Жабінкаўшчыны абярнуліся масавымі расправамі над мірным насельніцтвам. Адной з трагічных старонак гісторыі стаў лёс мясцовых камсамольцаў. Адразу пасля аб’яднання ў верасні 1939 года Заходняй і Усходняй Беларусі ў вёсцы Корды была створана камсамольская арганізацыя на чале з Мікалаем Марчуком. З прыходам фашыстаў пачаліся арышты і расстрэлы сельскіх жыхароў. Гэта не спужала камсамольцаў, а прымусіла рашуча дзейнічаць.
Юнакі актыўна збіралі зброю і патроны, медыкаменты, прадукты і адзенне, якія затым перадавалі ў партызанскія атрады імя Чапаева і Чкалава. Мікалай Дзяркач, Уладзімір і Мікалай Пракапчукі ўладкаваліся на мясцовую чыгунку, каб таемна назіраць за рухам варожых эшалонаў і перадаваць сабраную інфармацыю партызанам. Мікалай Марчук пісаў лістоўкі з заклікамі барацьбы з акупантамі. На жаль, падпольшчыкам не ўдалося пазбегнуць крывавай расправы, пра якую сёння нагадваюць страшныя ўспаміны вяскоўцаў.
Пасля вайны памяць пра мужных камсамольцаў увекавечылі. У 1954 годзе ў Жабінцы на месцы расстрэлу Мікалая, Андрэя і Уладзіміра Пракапчукоў, Мікалая Дзеркача і Барыса Ячніка ўсталявалі стэлу, а ў 1985-м у вёсцы Корды — абеліск з імёнамі 18 жыхароў, загінуўшых ад рук акупантаў.
— Адкрыццё выставы — важная падзея ў жыцці не толькі школы, дзе атрымліваюць веды ўсяго 50 дзяцей, але і раёна, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская. — Моладзь павінна добра ведаць праўду пра гераічнае мінулае і мужных продкаў, актыўна адкрываць невядомыя старонкі Вялікай Айчыннай вайны падчас пошукавай дзейнасці. Захаваць гістарычную памяць дапамагаюць 47 ваенна-патрыятычных клубаў і 40 Школ міру, створаных у вобласці, а таксама ваенна-патрыятычныя класы, дзе займаюцца амаль 700 вучняў. Гледзячы на самаахвярныя подзвігі сваіх равеснікаў з далёкага мінулага, сучасная моладзь лепш разумее, як трэба любіць Радзіму, шанаваць мір і якой цаной ён выпакутаваны.
Пракурор Брэсцкай вобласці Віктар Клімаў уручыў дырэктару школы Галіне Парафянюк падзячнае пісьмо за работу па захаванні гістарычнай праўды, а першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў — падзяку за выхаванне юных патрыётаў, дастойных памяці савецкіх камсамольцаў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара