Педагогі Буйнавіцкай сярэдняй школы аказваюць дапамогу аграрыям

- 13:15Новости

Педагогі Буйнавіцкай сярэдняй школы аказваюць дапамогу аграрыям. Гэтымі летнімі днямі спецыялісты выходзяць на відавую праполку ячменю.

Народная мудрасць гаворыць: “Што пасееш, тое і пажнеш”. Прыказка вельмі дакладна адлюстроўвае значэнне пасяўной кампаніі для аграрыяў: менавіта ад яе поспеху залежыць не толькі вынік уборачнай, але і тое, наколькі “сытай” будзе наступная зіма. Спецыялісты галіны адукацыі Лельчыцкага раёна з году ў год спяшаюцца на дапамогу ў гэтай важнай справе, зараз яны заняты работай на сельскагаспадарчых палях.

— Пастаянна аказваем дапамогу ў відавой праполцы, а таксама высаджваем бульбу на калгасных палях, каб у будучым навучальным годзе зрабіць харчаванне дзяцей таннейшым і больш разнастайным, — адзначыла дырэктар Буйнавіцкай сярэдняй школы Валянціна Перагуд. — Сельгасработы вядуцца нашым дружным калектывам, размяркоў­ваем занятасць на працягу ўсяго летняга перыяду.

Настаўнікі-прадметнікі, класныя кіраўнікі, тэхнічны персанал, ды і сама дырэктар актыўна працуюць не складаючы рук і не шкадуючы сіл. Больш за тое, яны рады змяніць абстаноўку і апынуцца па-за школьнымі сценамі.

— З задавальненнем памянялі рабочую атмасферу для таго, каб ярка ўвайс­ці ў лета, настроіцца на далейшую пазітыўную работу з дзецьмі, — працягвае Валянціна Георгіеўна. — Пасля навучальнага года проста неабходна зрабіць перазагрузку: змяніць на час від дзейнасці, пераключыцца, каб пазбегнуць у тым ліку прафесійнага выгарання. Акрамя таго, наш калектыў не толькі дапамагае хлебаробам у вырошчванні якаснага і чыстага збожжа, гэта яшчэ і выдатная магчымасць больш згурта­ваць наш дружны калектыў і атрымаць асалоду ад свежага паветра.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі