Проня пад вёсламі: школьнікі з Чавус асвойваюць водныя кіламетры на каноэ

- 14:38Новости

Маляўнічыя берагі, стракатанне конікаў і ўспаміны пра гераічны подзвіг землякоў. Для навучэнцаў Чавускай абласной сярэдняй школы гэтае лета запомніцца сплавамі на каноэ па Проні. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У гэтай школе ў спецыялізаваных спартыўных класах вучыцца каля 100 дзяцей з усёй вобласці. Сплавы для іх ужо сталі традыцыйнымі, але да гэтага года іх прывычным маршрутам была Бася — невялічкая рэчка даўжынёй 5 км. Сёлета, каб адзначыць 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, яны перамясціліся на Проню. Усе ведаюць гісторыю фарсіравання Проні, аперацыю “Баграціён”. Менавіта тут быў зыходны пункт гэтых падзей, менавіта ім прысвечаны мемарыял на беразе Проні. Таму сёлета наведванне гэтых мясцін — у прыярытэце школьнікаў. Настаўнікі школы адзначаюць: цяперашнія вучні амаль не ведаюць гэтую раку — яна знаходзіцца далекавата ад школы, да яе нязручна дабірацца, але яно таго варта.

— Проня даволі складаная для сплаву, мае даўжыню 14 км. І мы вырашылі праверыць дзяцей на вынослівасць. На выпадак, калі яны стомяцца, намецілі пункты для прывалу, каб сысці з маршруту і адпачыць. Аднак водныя кіламетры аказаліся для іх невялікай нагрузкай — яны лёгка прайшлі б яшчэ столькі ж без перапынку, таму прывал мы зрабілі ўжо напрыканцы маршруту, — гаворыць настаўнік біялогіі і хіміі Андрэй Пахоменка.

Сплаў адбыўся пакуль толькі для першай групы з 22 чалавек. У падарожжа яны адправіліся на 6 каноэ. Хутка будуць складваць рукзакі і ўдзельнікі прышкольнага лагера.

— У адрозненне ад байдарак, у гэтых лодках няма фіксаванай колькасці плыўцоў, таму пяцікласнікі спакойна сябе адчувалі і ў групах па 5 чалавек. Іншы тут і тып веславання. На байдарках — двухлопасцевыя вёслы, а ў каноэ — адналопасцевыя па абодва бакі. Таму каманда павінна з’яднацца, навучыцца разумець лодку, рэагаваць на ўсе перашкоды, якія могуць сустрэцца на шляху, напрыклад, карчы ці паварот ракі. Яна ў нас вельмі звілістая, таму паварочваць трэба хутка, — тлумачыць Андрэй Мікалаевіч.

У першай групе ўсе былі навічкі, акрамя некалькіх дзевяцікласнікаў. Вопытныя школьнікі сталі галоўнымі інструктарамі на лодках.

— У нашай школе вучацца ў асноўным біятланісты і цяжкаатлеты, — працягвае педагог. — Першыя на прыродзе трэніруюцца пастаянна, а вось цяжкаатлеты — толькі ў зале. Таму мы спецыяльна бяром іх з сабой на сплавы. Пры веславанні ўключаюцца іншыя групы мышцаў, якія не задзейнічаны пры стандартным трэніровачным працэсе. Да таго ж менавіта прыроднае асяроддзе, непрывычная для іх аэробная нагрузка спрыяюць псіхалагічнаму камфорту, бо нават летам іх трэніроўкі прахо­дзяць у зале.

Такія сплавы маюць яшчэ адну мэту. Не ўсе нашы выпускнікі стануць выдатнымі спартсменамі і не ўсе іх фізічныя паказчыкі дазволяць ім пасту­піць ва ўніверсітэты на спецыяльнасці, звязаныя са спортам, з трэніровачным працэсам. Але ва УВА ёсць і спецыяльнасці, звязаныя з турызмам. Таму мы хочам паказаць, што, калі не атрымаецца звязаць жыццё са спортам, у іх ёсць выдатная альтэрнатыва.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва школы