У чым адметнасць рэсурснага цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі, створанага ў Ленінскім раёне сталіцы

- 9:00Главная, Образование, Портфолио

Унікальны рэсурсны цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі “Педагагічны кластар будучыні” створаны ў Ленінскім раёне сталіцы. У чым яго адметнасць, як арганізавана работа і якія мэты ставяць перад сабой яго ўдзельнікі, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Рэсурсны цэнтр пачаў працаваць у гэтым навучальным годзе. Нельга сказаць, што да гэтага часу ў Ленінскім раёне ўдзялялі мала ўвагі вучням педагагічных класаў і маладым настаўнікам. Хутчэй наадварот. Таму і вырашылі паспрабаваць новую форму работы, якая прадугледжвае сістэматычны падыход і структураванасць.

У раёне дзесяць устаноў адукацыі, дзе створаны педагагічныя класы, маладых педагогаў больш за 200. Усе яны і сталі галоўнымі героямі праекта, удзельнікамі кластара. Было вырашана падзя­ліць іх на тры аддзяленні: першая — вучні педагагічных класаў і маладыя настаўнікі першага года работы, другая — тыя, хто другі год выкладае, а трэцяя складаецца з педагогаў, якія працуюць трэці і чацвёрты год. У пад­раздзялення свой куратар з ліку кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна.

За год было праведзена шмат мерапрыемстваў, майстар-класаў, педагагічных экскурсій. Удзельнікі кластара мелі магчымасць пазнаёміцца з лепшымі настаўніка­мі, дырэктарамі і ўзяць ад іх усё самае лепшае. Другі раз у раёне прайшоў фестываль “PROшколу”. Ён сабраў больш за 150 удзельнікаў з ліку вучняў педагагічных класаў і маладых спецыялістаў. Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням патрыятычнага выхавання: экскурсія ў Хатынь, дыялогавыя пляцоўкі, наведванне знакавых месцаў. Куратары пры рабоце з удзельнікамі праекта не пакінулі без увагі і надзённыя пытанні, з якімі сутыкаюцца маладыя спецыялісты: як правільна спланаваць сваю дзейнасць, як выбраць самае галоўнае, як спраўляцца са складанымі і нечаканымі сітуацыямі падчас урокаў, як працаваць з дзецьмі, якія маюць асаблівасці ў развіцці. Галоўная мэта педагагічнага кластара будучыні — каб маладыя спецыялісты заставаліся на сваіх працоўных месцах і паспяхова развіваліся.

Слова куратарам

Юлія Кулакоўская, дырэктар школы № 134 імя Т.С.Марыненка:

— Я курырую вучняў педагагічных класаў і настаўнікаў першага года работы. Мой асабісты вопыт паказвае, што дзеці любяць маладых педагогаў. Але мала быць маладым, неабходна быць яшчэ і цікавым чалавекам. І ў рамках кластара мы імкнёмся гэтаму навучыць. Вучням педагагічных класаў стараемся паказаць іх будучую прафесію так, каб яны пераканаліся ў правільнасці свайго выбару, каб да нас далучыліся тыя, каму сапраўды гэта цікава. Вось і зараз у школьным летнім лагеры прадстаўнікі педагагічных класаў працуюць у атрадах з настаўнікамі і студэнтамі педагагічнага каледжа. Гэта дасць магчымасць зразумець, наколькі ім падабаецца працаваць з дзецьмі, ці падыходзіць ім такая прафесія.

Пры рабоце са спецыялістамі, якія толькі прыйшлі ў школу, вялікую ўвагу ўдзяляем вырашэнню педагагічных задач: як зрабіць так, каб дзеці слухалі, каб урок быў прадукцыйным, якія метады можна выкарыстоўваць. Важна, каб наша мо­ладзь бачыла, што сучасны педагог працуе не толькі з крэйдай ля дошкі, і ву­чылася выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі, штучны інтэлект у сваёй педагагічнай практыцы на карысць вучням. Шмат увагі ўдзяляем пытанням лічбавізацыі адукацыйнага працэсу: што рабіць, каб мабільны тэлефон, камп’ютар сталі памочнікамі ў атрыманні якасных ведаў.

Я сама па сабе актыўная і люблю, калі вакол бурліць дзейнасць. І мае маладыя спецыялісты такія ж. Разам праводзім мазгавыя штурмы, дзелімся новымі ідэямі і напоўнены рашучасцю іх ажыццявіць. Не паспеў скончыцца гэты навучальны год, а мы ўжо 25 мерапрыемстваў прыдумалі на наступны. (Усміхаецца.) Я пераканана: калі прафесійнае жыццё напоўнена падзеямі, то работа ператвараецца ў хобі. І не стамляе. Удзельнікі кластара на сваім вопыце мелі магчымасць пераканацца ў тым, што ад іх саміх залежыць, наколькі будзе насычаным і цікавым іх прафесійнае жыццё. Ніхто не павінен зрабіць гэта за іх. А мы, старэйшае пакаленне настаўнікаў, гатовы іх заўсёды падтрымліваць і дапамагаць.

Наталля Кучынская: Сучасны педагог — гэта чалавек высокай культуры, шырокага кругагляду, глыбокіх ведаў. Гэта патрыёт і прафесіянал. Добры, шчодры, актыўны і крэатыўны. Ад якасці яго работы залежыць лёс чалавека і лёс краіны

Алеся Зяневіч, дырэктар сталічнай гімназіі № 28 імя У.Караткевіча:

— Узаемадзеянне з педагогамі другога года работы — гэта пошук адказаў на хвалюючыя і актуальныя пытанні: як выха­ваць патрыёта, як дапамагчы кожнаму дзіцяці, якія спосабы навучання і выхавання найбольш эфектыўныя, якімі прафесійнымі сакрэтамі могуць падзяліцца лепшыя прадстаўнікі сферы адукацыі. Сёння настаўнік — гэта чалавек дасведчаны ў розных кірунках, патрыёт сваёй краіны, які ведае яе гісторыю і культуру, таму важным было сумясціць метадычную падрыхтоўку з правядзеннем мерапрыемстваў, якія б паспрыя­лі станаўленню асобы педагога. І сталі прыкладам для далейшай дзейнасці ўжо са сваімі класамі.

Напрыканцы навучальнага года для ўдзельнікаў кластара, якія працуюць у школе другі год, была арганізавана экскурсія ў Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь. Пасля знаёмства з фондамі ўстановы з маладымі настаўнікамі сустрэлася начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Наталля Кучынская. Дарэчы, яна мае непасрэдныя адносіны не толькі да стварэння рэсурснага цэнтра, але і да яго актыўнай дзейнасці. Падчас размовы з ёй маладыя калегі падзяліліся сваімі дасягненнямі на працоўнай ніве. Яны розныя, але ўсе на карысць дзецям.

Таццяна Тарасава, дырэктар школы № 54 імя Я.У.Клумава:

— Мае падапечныя гатовы да новага этапу работы — самаўдасканалення і пад­рыхтоўкі да прысваення другой кваліфікацыйнай катэгорыі. Сёння мала быць добрым настаўнікам, неабходна быць выдатным класным кіраўніком з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, які вучыць сябраваць, спачуваць, любіць і ганарыцца сваёй краінай.

Праводзячы майстар-класы і іншыя мерапрыемствы, я вельмі хацела, каб маладыя настаўнікі атрымалі гатовы метадычны прадукт і маглі выкарыстоўваць карысную інфармацыю на сваіх занятках. У новым навучальным годзе кластар працягне работу. Я падхаплю выпускнікоў А.М.Зяневіч. Па-ранейшаму асаблівае месца будзе адведзена выхаваўчым момантам. Таксама плануем зрабіць акцэнт на трэнінгах з псіхолагамі, што дапаможа настаўнікам бачыць у класе кожнага вучня, прафесійна будаваць дыялог з бацькамі школьнікаў. Абавязкова наведаем карэкцыйныя цэнтры, збіраем­ся праводзіць майстар-класы не толькі ў Ленінскім раёне, але і на ўзроўні горада. Самы вялікі плюс такой работы — пастаян­ная дапамога маладому настаўніку, якая забяспечвае яму магчымасці для развіцця.

Слова ўдзельнікам кластара

Надзея Галаско, нас­таўніца англійскай і кітайскай мовы гімназіі № 40 (другі год працуе ва ўстанове адукацыі):

— Не шкадую, што далучылася да кластара. Кожная сустрэча і мерапрыемства чымсьці запомніліся. Цікава было ўпершыню пабываць у іншых школах, у Прэзідэнцкай бібліятэцы. Самае каштоўнае — абмен меркаваннямі і парады вопытных настаўнікаў. Гэта цудоўная магчы­масць і цікавы фармат. Вельмі карыснымі аказаліся заняткі, дзе мы разбіралі педагагічныя сітуацыі, з якімі сутыкаюцца настаўнікі на ўроках. Прымала ўдзел у фестывалі “PROшколу”. Дзякуючы кластару, я зразумела, што школа прадастаўляе шмат магчымасцей для самарэалізацыі. Гэта творчая работа. Бу­ду абавязкова рэкаменда­ваць сваім вучням выбі­раць прафесію настаўніка.

Настасся Чурыла, вучаніца 10 “А” педагагічнага класа сталічнай школы № 134:

— Я мару стаць настаўніцай французскай мовы. Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, з задавальненнем падбіраю матэрыя­лы для ўласных урокаў у рамках педагагічнай практыкі. Гэты год быў вельмі насычаным і выніковым для мяне. Заняла 2-е месца ў міжнароднай анлайн-алімпіядзе па французскай мове ў рамках першага міжнароднага лінгвістычнага форуму, атрымала дыплом І ступені ў Герцэнаўскай алімпіядзе, удзельнікамі якой былі маладыя настаўнікі французскай мовы. Мы з аднакласнікамі і класным кіраўніком, а таксама маладымі педагогамі занялі 2-е месца на фестывалі “PROшколу”. Акрамя таго, каманда нашай школы прыняла ўдзел у фестывалі “Вектар поспеху”. Запомнілася экскурсія ў Полацк на малую радзіму Т.С.Марыненка, імя якой носіць наша ўстанова адукацыі. Дзякуй педагагічнаму кластару за такія падзеі.

Кацярына Ярмоленка, настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 54 імя Я.У.Клумава (трэці год працуе ва ўстанове):

— Кластар — гэта выдатная магчымасць дзяліцца вопытам з аднадумцамі, адкрываць для сябе новыя напрамкі і выхо­дзіць за межы камфортных стандартных урокаў. Удзел у праекце я прымала ў тандэме са сваёй калегай Вікторыяй Хацкевіч, таксама настаўніцай нямецкай мовы. Сёлета мы ра­зам падняліся на некалькі прыступак вышэй, сталі больш крэатыўнымі і знаходлівымі. Часам здавалася, што ўжо ўсё знаёма і новага нічога не прыдумаеш, аднак падчас мазгавога штурму нараджаліся ідэі, якімі мы з радасцю дзяліліся з калегамі з іншых устаноў адукацыі. Было прыемна, што нашы прапановы знаходзілі падтрымку. Падчас майстар-класаў, круг­лых сталоў, семінараў настаўнікі, якія выкладаюць розныя прадметы, аб’ядналіся і разам працавалі дзеля агульнай мэты — зрабіць урокі больш цікавымі. Як вынік — новыя фішкі ў выкладанні, разуменне складаных аспектаў у рабоце, новыя знаёмствы і цёплая атмасфера сустрэч.

Лізавета Руткевіч, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 224 (трэці год працуе ва ўстанове):

— Удзел у кластары дапамог мне хутчэй адаптавацца да работы, даведацца шмат новага і карыснага, пазнаёміцца з іншымі маладымі педагогамі. Самае моцнае ўражанне засталося пасля майстар-класа Аляксанд­ры Сакуле­віч, фіналісткі конкурсу “Настаўнік года — 2023”. Уразілі яе прыёмы і аповед пра ўдзел у конкурсе. Самым галоўным дасягненнем у сваёй дзейнасці лічу тое, што ў гэтым навучальным годзе ўзяла 1 клас. Было страшна, хвалявалася, ці змагу ўсіх навучыць чытаць і пісаць. Атрымалася. Канечне, я застаюся ў прафесіі.

Марына ЖДАНАВА