Алег Мікалаевіч і Ірына Тадэвушаўна Грунюшкіны некалі вучыліся ў адным класе Вердаміцкай сярэдняй школы Свіслацкага раёна і ўжо больш за чвэрць стагоддзя працуюць тут. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Алег Мікалаевіч — дырэктар, які спалучае адміністрацыйную дзейнасць з любімай справай: працягвае выкладаць фізіку і працоўнае навучанне. Ірына Тадэвушаўна — настаўніца геаграфіі, дэфектолаг.
— На наш лёс паўплывала класны кіраўнік, былая настаўніца фізікі і матэматыкі Галіна Мікалаеўна Апон, — гаворыць Алег Мікалаевіч. — Яна параіла мне паступіць у Мазырскі педагагічны інстытут на настаўніка працоўнага навучання і фізікі, а будучай жонцы — у Брэсцкі педагагічны інстытут на факультэт дашкольнай адукацыі. Вучыліся ў розных гарадах, бачыліся толькі на канікулах, ды і тое не заўсёды атрымлівалася. Я быў актыўным удзельнікам будатрадаў, захапляўся байдаркамі, а Ірына Тадэвушаўна летам дапамагала бацькам.
Але хутка лёс звёў маладых людзей у адной вёсцы. Ірыну Тадэвушаўну, якая скончыла вучобу на год раней, размеркавалі працаваць загадчыцай дзіцячага сада ў вёску Сакольнікі Свіслацкага раёна, а праз год у мясцовую школу накіравалі і Алега Мікалаевіча. Там і пажаніліся. Сем гадоў працавалі ў мясцовай школе. Потым ім прапанавалі перайсці ў родную школу. Так Грунюшкіны вярнуліся на малую радзіму і з 1998 года працуюць у Вердаміцкай сярэдняй школе. У розны час займалі пасады намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, педагога-арганізатара і выкладалі свае прадметы.
— Я марыў быць настаўнікам, гэта маё. У мяне ёсць пэўныя дасягненні, — прызнаўся Алег Мікалаевіч. — Напэўна, прыходзіць час, калі трэба змяніць від дзейнасці, але не прафесію. Так было падчас работы настаўнікам, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Потым я стаў кіраўніком. Аднак нельга быць адміністратарам і ў той жа час не мець хоць некалькі гадзін настаўніцкай дзейнасці. Цяпер наведваю ўрокі і гляджу на ўсё як адміністратар, а раней больш займаўся з дзецьмі даследчай работай. Як настаўнік фізікі рыхтаваў іх да тэсціравання. А ўрокі працоўнага навучання працягваліся шматгадзіннымі заняткамі ў майстэрні, разам з вучнямі распрацоўвалі праекты для ўдзелу ў алімпіядах. Даводзілася больш паглыбляцца ў тэму, і гэта было цікава. Радавала, што дзеці атрымлівалі добрыя вынікі на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, прымалі ўдзел у заключным. І сёння на ўроках больш увагі стараюся ўдзяляць практычнаму складніку.
Кіраўнік установы адукацыі лічыць, што калі ўвесь дзень працуе розум, то ўвечары павінны папрацаваць і рукі. Любімаму занятку — апрацоўцы драўніны — ён прысвячае ўвесь вольны час. Прагульваючыся па ваколіцах, лясах, шукае нарасты на дрэвах, незвычайныя па форме сучкі. У руках майстра яны ператвараюцца ў прыгожыя рэчы, такія як рамкі для фотаздымкаў і люстэркаў, чарапашкі, барсукі і іншыя жывёлы, розныя вырабы з народнымі сюжэтамі.
Ірына Тадэвушаўна вельмі любіць геаграфію. Аднак пасля таго, як прайшла перападрыхтоўку, з 2014 года працуе яшчэ і настаўнікам-дэфектолагам.
— З аднаго боку, хацелася б больш паглыбіцца ў свой прадмет, але сумяшчаю ў рабоце два кірункі. Аддаць перавагу нечаму аднаму складана, — падзялілася І.Т.Грунюшкіна і дадала: — Працаваць пад кіраўніцтвам мужа больш адказна. Калі ён дасць слабінку мне, то тады трэба і камусьці іншаму. Стараюся не падводзіць мужа. Дзякуючы таму, што мы заўсёды разам, мне лёгка. Калі, напрыклад, трэба падрыхтавацца да нейкага конкурсу, а я сумняваюся, ці атрымаецца, то муж заўсёды падтрымае, дасць добрыя парады, дапаможа. Тады ў мяне іншы настрой — і ўсё атрымліваецца.
Алег Мікалаевіч расказаў, што жонка не толькі яго памочнік ва ўсім, але і галоўны суддзя і крытык:
— Яна больш аб’ектыўна ацэньвае маю работу і можа зрабіць заўвагу, якую іншыя не агучаць. Толькі той чалавек, які цябе любіць і паважае, можа сказаць праўду.
Разам яны выгадавалі дзвюх дачок, якія скончылі Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Алеся працуе інжынерам у РУП “Брэстаўтадор”, мае сям’ю. Шчаслівыя бабуля і дзядуля радуюцца дваім унукам. А Юлія працуе праграмістам на прадпрыемстве “Савушкін прадукт”.
Грунюшкіны ні разу не пашкадавалі, што выбралі прафесію педагога. Сёння яны радуюцца поспехам сваіх выхаванцаў, ганарацца дасягненнямі ўстановы адукацыі.
А славіцца школа ў першую чаргу сваімі спартыўнымі перамогамі. У абласным аглядзе-конкурсе на самую спартыўную школу сярод сельскіх устаноў адукацыі Вердаміцкая сярэдняя школа на працягу апошніх трох гадоў займае прызавое месца. Школьнікі адпраўляюцца на вучобу ў вучылішча алімпійскага рэзерву. І ўсё дзякуючы настаўніку фізічнай культуры і здароўя, дапрызыўнай падрыхтоўкі Андрэю Анатольевічу Ганчаву. Немалаважную ролю адыгрываюць і арганізацыя фізічнай падрыхтоўкі дзяцей, выдатная спартыўная база.
Добрыя вынікі дае работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў. Сведчанне гэтага — шматлікія перамогі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах і патрыятычных марафонах, навукова-практычных канферэнцыях. Цікавасць у дзяцей рознага ўзросту выклікае школьны музей “Ваенная гісторыя Беларусі”. Вучняў усіх устаноў адукацыі Свіслаччыны аб’ядноўвае распрацаваная ў Вердаміцкай сярэдняй школе ваенна-патрыятычная гульня “Факел”.
Алег Грунюшкін упэўнены: вёска жыве, пакуль ёсць школа. Прыемна адчуваць павагу да настаўнікаў з боку аднасяльчан. Так было заўсёды: настаўнік ў вёсцы — паважаны чалавек. А Грунюшкіны яшчэ і жывуць насупраць школы, як кажуць, вокны ў вокны. Прачнуўся раніцай і бачыш любімую школу, дзе цябе чакаюць калегі і дзеці, куды ідзеш з задавальненнем.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара