Выпускнік Чачэрскай школы № 1 Уладзімір Пернікаў — пра сваю школьную дарогу і сваіх педагогаў

- 16:47Новости

Кожны раз, калі прыязджаю ў родны Чачэрск, абавязкова іду на Замкавую гару да помніка загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны вызваліцелям горада. Таксама на некалькі хвілін у задуменні спыняюся каля будынка сярэдняй школы № 1, якая сёлета адзначыць 120-­годдзе.

Тут я вучыўся шэсць гадоў. Скончыўшы школу, мы, выпускнікі 10 “А” класа, адчулі за спінай крылы для самастойнага жыцця і разляцеліся хто куды з наказамі-павучаннямі, якія нам далі бацькі і настаўнікі. Ім мы шчыра ўдзячны і многім абавязаны. Іх мы ніколі не забудзем.

Мая школьная дарога пачалася ў 1946 годзе, калі давялося вучыцца спачатку ў двух ацалелых пасля вайны хатах, дзе адначасова займаліся 1—4 класы з настаўнікамі Зінаідай Сільвест­раўнай і Мікалаем Іванавічам (проз­вішчы іх, на жаль, не памятаю), а пасля — у будынку былога графскага палаца, які разам з будаўнікамі і нас­таўнікамі аднаўлялі і мы, вучні. Адзенне на нас было самае рознае, бо школьная форма з’явілася толькі ў 60-я гады. Насілі, хто што адшукаў ці здабыў, ажно да чырвонаармейскіх і нямецкіх пілотак і пашытых з прастрэленых шынялёў фашысцкай набрыдзі штаноў, сукенак, фуфаек-целагрэек, іншага не раз і не два перакроенага аддзення.

Я.Л.Дуброўскі

Першым дырэктарам нашай школы пасля вайны быў адзін з кіраўнікоў партызанскага ру­ху ў раёне Яўген Лукіч Дуброўскі, з якім у атрадзе знаходзілася і яго жонка настаўніца Слава Сямёнаўна. Ён не толькі ўдзельнічаў у баявых аперацыях, але і з вялікай рызыкай здабываў у акупіраваным райцэнтры важныя разведданыя. Пазней Яўген Лукіч быў прызначаны на адказную пасаду рэдактара раённай газеты “Смерть оккупантам”.

Настаўнікам працы ў нас быў былы камандзір Чачэрскага партызанскага атрада імя Калініна 1-й Гомельскай партызанскай брыгады Іван Пракопавіч Зубаў, пад кіраўніцтвам якога народныя мсціўцы ў адной з лясных засад знішчылі 38 фрыцаў на чале з палкоўнікам. Настаўніцай пачатковых класаў працавала былая партызанка Таццяна Кандратаўна Сувалава, геаграфіі — матрос-балтыец Васіль Васільевіч Гусакоў, а настаўнікам ваеннай падрыхтоўкі — афіцэр у адстаўцы Аляксандр Фёдаравіч Бахвалаў.

П.А.Сакалоўскі

Пасля таго як партыйныя органы даручылі Яўгену Лукічу ўзнача­ліць адстаючы калгас, нашым дырэктарам стаў былы франтавік казак Павел Антонавіч Сакалоўскі. З поля бою яго, параненага, выцягнула на сабе медсястра, якая стала яго жонкай і працавала ў школе бібліятэкарам.

Удзельнікам Вялікай Айчыннай было што расказаць пра сваё мужнае змаганне з ворагам, але такога яны не рабілі ні на класных га­дзінах, ні на агульнашкольных сходах. Па-першае, з-за прыроднай сціпласці, па-другое, з-за ўпэўненасці ў тым, што з газет, радыё, іншых крыніц інфармацыі мы ведалі аб іх подзвігах, і, па-трэцяе, школьнікі — дзеці вайны і на свае вочы бачылі гібель мірнага насельніцтва ад аўтаматных чэргаў, шыбеніцы з павешанымі землякамі, папялішчы спаленых хат, зведалі голад, холад, жорсткі прымус і іншыя здзекі нацыстаў, пралілі горкія слёзы па родзічах, якія ўжо ніколі не вернуцца дадому.

Жудасці вайны зведалі многія, калі не ўсе, мае равеснікі, і тыя веды аб ёй прымнажаліся на класных га­дзінах аповедамі настаўнікаў аб гераізме Аляксандра Матросава, Зоі Касмадзям’янскай, Марата Казея, Ліліі Карастаянавай і інш., радыёперадачамі, кіно, чытаннем газет. Такім чынам адбывалася патрыятычнае выхаванне, умацоўвалася любоў да роднай зямлі, вера ў лепшую будучыню.

Нашы настаўнікі былі розныя па характары, але нязменныя ў адным: кожны валодаў высокім педагагічным майстэрствам і ўмеў выкладаць свой прадмет так, што ты яго грунтоўна засвоіш і не правалішся пры паступленні ў тэхнікум ці вышэйшую навучальную ўстанову. Гэта я ведаю на прыкладзе свайго класа. Той, хто меў намер вучыцца пасля школы далей, ажыццявіў задуманае.

Нельга было не захапляцца ўрокамі настаўніка гісторыі Уладзіміра Мікалаевіча Новікава. Ён не даваў нікому з вучняў ні хвіліны для расслаблення. Часта пры апытанні ў яго адначасова былі задзейнічаны два чалавекі. Адзін пісаў на дошцы даты, а другі адказваў на пытанні, прычым не толькі самога настаўніка, але і вучняў, якіх ён прызначаў для гэтага. Працаваў увесь клас.

Піянеры на школьным двары. 1969 г.

Па заканчэнні чвэрці на адным уроку трэба было ўспомніць увесь пройдзены матэрыял. На партах пуста, а адказы кароценькія (з месца не трэба было ўставаць), і па іх настаўнік кожнаму вучню выстаўляў адзнаку, якая магла быць рашаючай (ніжэйшай ці вышэйшай за бягучыя ацэнкі). Нельга пералічыць усе педагагічныя прыёмы гісторыка, але яшчэ пра адзін скажу. Ён мог аднаго і таго ж вучня або некалькіх адразу коратка апытваць на кожным уроку, і мы канстатавалі: ло­віць на двойку. Таму і вучылі яго ўрокі як след. А расслабляліся, калі ў жартаўліва-сур’ёзным тоне ён прамаўляў “Сёння ты зарабіў “чатыры” (або “тры” ці “пяць”) плюс-мінус адна трыста дваццаць пятая” ці нешта падобнае на гэта. А было і так, што прапаноўваў (з абгрунтаваннем, вядома) камусьці з нас паставіць сваю адзнаку таму, хто каля дошкі адказваў на яго пытанні. Такая гульня нам вельмі падабалася.

Шмат пазнавальнага і цікавага было на ўроках настаўнікаў фізікі Івана Маркавіча Гарбачова (у яго атрымаць чацвёрку было ой як няпроста!), рус­кай і беларускай мовы Яўгеніі Фёдараўны Пазняковай і Фаіны Захараўны Левінай, матэматыкі Вольгі Васільеўны Ермаковай, нямецкай мовы Валянціны Іванаўны Ліпчанскай.

Пра нас­таўніка геаграфіі Майсея Барысавіча Кадзіна (чалавека-эрудыта, які, здаецца, ведаў усё і якога мы лічылі крыху дзіваком) хачу раска­заць асобна. Ні ў якой іншай школе раёна не дэманстраваліся тады дыяфільмы, а ў Кадзіна — калі ласка. Прычым з такімі нюансамі: пры паказе Каўказскіх гор ён казаў (жартам ці ўсур’ёз — не ведаю), што з іх ён па-за­ліхвацку з’язджаў на лыжах. Седзячы спінай да карты і тлумачачы новы матэрыял, ён беспамылкова паказваў указкай тыя краіны, рэкі, гарады, якія называў. І патрабаваў амаль на кожным уроку ад вучняў, якіх апытваў, паказаць самую паўднёвую кропку Савецкага Саюза — горад Кушку.

Добра помніцца мне і настаўнік хіміі Барыс Навумавіч Фаерман, які не толькі даваў нам глыбокія веды, але і любіў пажартаваць. Іншым разам пры ўваходзе ў клас, калі мы яшчэ не адышлі ад шумлівага перапынку, казаў: “Вы што, не ведалі: калі з-за вугла паказаўся нос, дык праз тры мінуты з’явіцца сам Фаерман?”

1 верасня 1978 г.

Самым каштоўным у савецкай школе былі прамыя кантакты настаўнікаў з вучнямі, калі жывыя зносіны, як кажуць, вочы ў вочы, узаемаразуменне і высокая адказнасць выходзілі на першы план. Педагогі настойліва раілі нам многа чытаць, любіць кнігу. Шмат задавалася вучыць на памяць — як вершаў, так і прозы. Асаблівая ўвага ўдзялялася напісанню дыктантаў, пераказаў, сачыненняў на вольную тэму, прамым вусным кантактам пры перадачы ведаў ад настаўнікаў вучням.

Асобна трэба сказаць пра работу школьнікаў на працягу трох тыдняў ці нават месяца на калгасных палях на ўборцы ўраджаю і пра абавязковую дапамогу бацькам ва ўсіх хатніх і гаспадарчых справах.

Такая форма навучання і выхавання школьнікаў садзейнічала актывізацыі іх разумовай дзейнасці і развіццю лагічнага мыслення. Невыпадкова выпускнікі нават сельскіх школ без рэпетытараў паспяхова здавалі экзамены ў самыя прэстыжныя вышэйшыя навучальныя ўстановы Савецкага Саюза і займалі ў жыцці актыўную пазіцыю.

Вяртаючыся ў думках да тых 40—50-х школьных гадоў мінулага стагоддзя, хачу сказаць, што яны былі цяжкімі. У малодшых класах было адзін-два падручнікі на ўсіх вучняў і матэрыял трэба засвойваць на ўроку. З-за адсутнасці паперы пісалі пёравымі ручкамі на абрыўках кардону, старых газетах, кавалках шпалер. Пазней, калі з’явіліся сшыткі, на ўроках чыстапісання нас вучылі каліграфічнаму почырку. Чарніла здабывалі з сажы і воўчых ягад (пладоў крушыны). Наглядныя дапаможнікі нярэдка настаўнікі рыхтавалі разам з вучнямі пасля ўрокаў.

У школе працавалі розныя гурткі, буфет, спартыўныя секцыі, у двары праводзілася ранішняя зарадка, там жа былі абсталяваны турнікі, лесвіцы, валейбольная пляцоўка і г.д. Кожны клас, пачынаючы з 4-га, выпускаў сваю насценгазету, а была ж яшчэ і агульнашкольная. У іх расказвалася пра лепшых вучняў, цікавыя піянерскія і камсамольскія справы, размяшчаліся карыкатуры пра лайдакоў. У кожным класе дзейнічалі так званыя санітарныя тройкі, члены якой правяралі чысціню рук, абутку і адзення вучняў.

З 5 класа ўсе здавалі пераводныя экзамены, і калі хто “засыпаўся” на іх, заставаўся другагоднікам. З непаспяваючымі вучнямі настаўнікі пасля ўрокаў праводзілі дадатковыя заняткі. Калі па выніках за год хтосьці па адным-двух прадметах меў нездавальняючыя адзнакі, яму давалася заданне на лета, якое ён павінен быў выканаць. У адваротным выпадку заставаўся на другі год.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ,
выпускнік сярэдняй школы № 1 Чачэрска 1956 года
Фота з архіва ўстановы адукацыі