Кожнаму сваё: у спецыяльных групах садзіка № 1 Лепеля прастору для дзяцей падзялілі на камфортныя зоны

- 16:45Новости

У дзіцячым садзе № 1 Лепеля робяць усё, каб дзеткам з асаблівасцямі развіцця было ўтульна, як дома: педагогі падышлі да працэсу крэатыўна і падзялілі адукацыйную прастору на пазнавальныя і камфортныя зоны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У садзе, дзе функцыянуюць тры спецыяльныя групы для дзетак з парушэннямі маўлення і дзве групы інтэграванага навучання і выхавання, створана аптымальнае адаптыўнае асяроддзе.

— Педагагічную дапамогу ў нас атрымліваюць 75 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з іх 10 дзяцей-інвалідаў, — гаворыць загадчыца сада Валянціна Цішкевіч. — З імі займаюцца 4 настаўнікі-дэфектолагі, выхавальнікі па суправаджэнні дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра, педагог-псіхолаг. У рабоце выкарыстоўваем комплексны падыход — прафесійная каманда спецыялістаў стварае ўсе ўмовы для паспяховага развіцця і сацыялізацыі кожнага дзіцяці.

І педагогам гэта добра ўдаецца. Па-першае, дасканала аналізуюцца асаблівасці кожнага выхаванца. Па-другое, прастора ў садзе арганізавана такім чынам, каб індывідуальная работа выхавальнікаў па суправаджэнні дзяцей не перашкаджала іншым адпачываць і гуляць. Таксама вельмі важны момант — заніраванне прасторы.

— Адна з самых важных — зона сенсорнага развіцця, — расказвае настаўнік-дэфектолаг Вольга Пугачова. — Яна развівае нервовыя клеткі галаўнога мозга дзяцей і іх сенсорную ўспрымальнасць, а таксама здольнасць назіраць, аналізаваць і сінтэза­ваць інфармацыю. Важнае значэнне мае і зона развіцця маўлення (маўленчы куток).

— Ёсць у нас таксама зона творчай дзейнасці — для малявання, лепкі, — гаворыць педагог-псіхолаг Таццяна Галец. — Гэта зона максімальнай свабоды самавыяўлення. А ў зоне адасаб­лення — за шырмай — дзеці могуць пагартаць любімую кніжку, пагуляць з цацкай ці проста адпачыць ад дзіцячага калектыву.

— У зоне тэатра дзеці разнявольваюцца, вучацца паводзіць сябе натуральна,  — дадае выхавальніца Святлана Аўтух, — рэпеціруюць ролі, робяць матэ­рыял для спектакляў — малююць, клеяць. 

— Ёсць і зона рухальнай актыўнасці, — працягвае гаворку кіраўнік фізічнага выхавання, выхавальніца групы інтэграванага навучання і выхавання Нас­тасся Ачапоўская. — Рухі дзяцей з парушэннямі маўлення часам слаба скаардынаваны, агульная рэакцыя запаволена. Таму ў гэтай зоне створана максімальна бяспечнае асяроддзе, якое стымулюе рухальную актыўнасць.

— У кожнай зоне мы размясцілі для дзяцей алгарытм дзеянняў у выглядзе малюнкаў, — расказвае выхавальнік па суправаджэнні дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра Кацярына Кашпар. — У спальным пакоі і раздзявалцы знаходзяцца алгарытмы адзявання-раздзявання. Ва ўмывальным пакоі — алгарытм умывання. У кутку прыроды — алгарытмы, якія вучаць, як даглядаць расліны, жывёл. Кожны выхаванец у групе выбірае для сябе любімую зону: для аднаго гэта зона адасаблення, для другога — зона вучэбнай дзейнасці.

Увесь гульнявы матэрыял у садку размешчаны ў каробках ці шафах з выявамі таго, што там знаходзіцца. Забараняльныя знакі наклеены на дзверцах, якія адчы­няць нельга. Мэбля знаходзіцца на ўзроўні росту дзяцей, а цацкі — у адкрытых, даступных месцах.

— Прастора для ўсіх у нас агульная, але працуюць нашы педагогі з кожным індывідуальна, — заўважае Валянціна Цішкевіч. — Інакш у нашай рабоце не дасягнуць добрых вынікаў.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі