Выхаванцы лагера «Рысяняты», які працуе ў школе № 1 Смілавіч, і летам займаюцца авіямадэльным спортам

- 16:18Новости

Выхаванцы аздараўленчага лагера “Рысяняты” ваенна­-патрыятычнага профілю, які працуе ў сярэдняй школе № 1 Смілавіч, нават летам працягваюць займацца авіямадэльным спортам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адпаведны гурток год назад у школе стварыў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Генадзь Іванавіч Жыгалковіч. Сёння гэты кірунак — адзін з самых папулярных сярод навучэнцаў.

“Аб’яднанне па інтарэсах, якім кіруе Генадзь Іванавіч, называецца “Ваенна-спартыўны комплекс”, і яно ў тым ліку мае авіямадэльны ўхіл, — тлумачыць дырэктар сярэдняй школы № 1 Смілавіч Ірына Батура. — Падчас заняткаў вучні атрымліваюць навыкі як у авіямадэляванні, так і ў кіраванні беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Наша каманда прымала ўдзел у шэрагу спаборніцтваў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў па згаданым кірунку і паказала добрыя вынікі. Так, вясной гэтага года на абласных спаборніцтвах па авіяма­дэльным спорце мы занялі 3-е месца”.

У майстэрні, дзе право­дзяцца заняткі па канструя­ванні лятальнай тэхнікі, больш чым 70 відаў самалётаў. Ірына Чаславаўна расказала, што нават на перапынках дзеці бегаюць туды, каб дарабіць тую частку тэхнікі, на якой спыніліся, альбо каб пачаць працаваць над новай мадэллю. Цяпер, падчас канікул, самалётам можна ўдзя­ляць больш часу, і дзеці гэтаму вельмі рады.

“Авіямадэльным спортам вырашылі займацца пасля таго, як наведалі Мінскі аэраклуб, — прыгадвае гісторыю знаёмства з самалётамі дырэктар установы адукацыі. — Мы там вельмі ўразіліся ўбачаным і падумалі, што было б нядрэнна арганізаваць падобны гурток у школе”.

Ідэю прапанавалі педагогі, яна спадабалася і школьнікам: цяжкасці іх не спужалі. Як думаеце, што самае складанае ў вырабе самалёта? Канечне ж, зрабіць дакладны чарцёж і не памыліцца ў ім ні на міліметр. Для таго каб самалёт ляцеў на пэўнай вышыні і змог пераадолець доўгую дыстанцыю, трэба зрабіць вельмі скрупулёзныя вылічэнні. Якраз гэтаму Генадзь Іванавіч і вучыць дзяцей.

“Важна правільна разлічыць і сілу цяжару, і даўжыню крылаў, — дадае І.Батура. — На першы погляд здаецца, што тут усё вельмі проста, але гэта не так. Можна сказаць, тое, чым зай­маюцца навучэнцы, — гэта ювелірная работа. І вельмі важна, што хлопчыкі і дзяўчынкі самі, без прымусу, прыходзяць да нашага кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні і просяцца далучыцца да гуртка”.

Пакуль працуе лагер, выхаванцы выконваюць работу над тымі элементамі, якія патрабуюць дапрацоўкі. А тыя, хто ўпершыню трымае мадэль самалёта ў руках, вучацца яго запускаць пад правільным вуглом і з неабходнай амплітудай. З верасня, калі пачнецца новы навучальны год, дзеці будуць канструяваць новыя мініяцюры.

“У тым, што жадаючых запісацца ў гурток будзе многа, мы нават не сумняваліся, — падсумоўвае Ірына Батура. — Хто ведае: магчыма, у кагось­ці любоў да канструя­вання самалётаў стане першым крокам у будучую прафесію”.

На першы погляд здаецца, што тут усё вельмі проста, але гэта не так. Можна сказаць, тое, чым займаюцца навучэнцы, — гэта ювелірная работа. І вельмі важна, што хлопчыкі і дзяўчынкі самі, без прымусу, прыходзяць да кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні і просяцца далучыцца да гуртка.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА