Лідскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі летам падрыхтаваў цудоўны падарунак для дзяцей — спектакль імерсіўнага тэатра. Гледачы разам з акцёрамі пражываюць падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Як аб’яднанне па інтарэсах імерсіўны тэатр пачаў працаваць на базе цэнтра творчасці ў верасні 2023 года. Пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Аліны Юзэфаўны Шарлан, якая таксама вядзе заняткі ў тэатр-студыі “Майстар” і клоўн-мім тэатры “Майстар-ОК”, юнакі і дзяўчаты рабілі пастаноўкі і паказвалі іх у цэнтры. Цікава было не толькі самім выхаванцам, але і гледачам, якіх яны актыўна ўцягвалі ў працэс. Менавіта ў Аліны Юзэфаўны і ўзнікла ідэя пастаноўкі спектакля, які можна было б паказваць у аздараўленчых лагерах усяго раёна.
А.С.Комлік, М.А.Мельячэнка і педагог дадатковай адукацыі Л.І.Шчапук
— Сістэмай дадатковай адукацыі нашага раёна ў летні перыяд ахопліваецца вялікая колькасць навучэнцаў, — расказала дырэктар Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Марыя Аляксандраўна Мельячэнка. — На базе цэнтра, акрамя аб’яднанняў па інтарэсах, функцыянуюць яшчэ і розныя пляцоўкі — ад інтэлектуальных да забаўляльных. Ёсць гульнявыя праграмы, з якімі мы штогод наведваем аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем. У гэтым годзе вырашылі рэалізаваць праект імерсіўнага тэатра, які прадугледжвае ўцягнутасць гледача ў тэатральную пастаноўку. Наш праект прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму хацелася, каб дзеці не проста прыйшлі і паглядзелі тэатральную пастаноўку, як яны робяць гэта звычайна, а каб пранікліся тым, што адбывалася ў гады вайны, сталі ўдзельнікамі спектакля. Заўважылі, калі падчас любога нашага мерапрыемства дзеці спяваюць песню пра Вялікую Айчынную вайну ці паказваюць інсцэніроўку, яны робяць гэта вельмі шчыра, так, што кранае сэрца гледача. Відавочна, што і самі запамінаюць такія выступленні. Так і нарадзілася ідэя пастаноўкі на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Упраўленне адукацыі Лідскага райвыканкама падтрымала ідэю.
Культарганізатар Аляксей Сяргеевіч Комлік заняўся распрацоўкай сцэнарыя, арганізацыяй пляцовак для пастаноўкі. А іх спатрэбілася некалькі.
Пры ўваходзе ў актавую залу цэнтра творчасці гледачы атрымліваюць тэатральныя касцюмы і навушнікі, праз якія слухаюць тэкст і падказкі, што ім трэба рабіць, куды ісці. Усё дзейства пачынаецца ў актавай зале. Тут праходзіць выпускны вечар чэрвеня 1941 года перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.
— Спачатку мы прапаноўваем гледачам адчуць сябе ўдзельнікамі выпускнога вечара, патанцаваць, пагаварыць з акцёрамі, — расказвае Аляксей Комлік. — І тут раптам гучыць сірэна — нібыта пачалася вайна. Акцёры накіроўваюць гледачоў на іншую лакацыю, дзе разгараецца сцэнічны бой, удзельнікамі якога становяцца ўсе прысутныя. Потым разгортваюцца сцэны палону, допыту нашых ваеннапалонных, іх уцёкі і як кульмінацыя — перамога ў вайне. Стараемся максімальна ўцягнуць дзяцей у дзейства. Наша пастаноўка больш для старшакласнікаў, якія разумеюць і ўсведамляюць боль людзей, што прайшлі праз пекла Вялікай Айчыннай вайны. А для меншых дзетак робім пастаноўку, больш зразумелую для іх, але яны таксама праходзяць усе чатыры лакацыі.
У 190 аб’яднаннях па інтарэсах Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі займаецца 2140 хлопчыкаў і дзяўчынак. Акрамя памяшканняў самаго цэнтра, задзейнічаны яшчэ 5 дзіцячых пакояў па месцы жыхарства. Педагогі дадатковай адукацыі таксама праводзяць заняткі ва ўстановах адукацыі.
Новы спектакль імерсіўнага тэатра паглядзелі ўжо школьнікі, якія наведвалі аздараўленчыя лагеры з дзённым находжаннем. Як падзялілася кіраўнік цэнтра творчасці, дзецям вельмі спадабалася. Яны былі ўражаны і з задавальненнем прымалі ўдзел у пастаноўцы.
Унікальнасць праекта ў тым, што спектакль можна паказваць у любым месцы, ці то ў аздараўленчым лагеры, ці то ва ўстанове адукацыі. Усё можна арганізаваць нават пад адкрытым небам. У жніўні імерсіўны тэатр плануе наведаць аздараўленчыя лагеры Лідскага раёна.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара