Конкурс эрудытаў «Слова роднае — вечнасці след»: выхаванне паважлівых адносін да беларускай мовы

- 15:04Журнал "Народная асвета", Образование

Дзейнасць бібліятэк ва ўстановах адукацыі непарыўна звязана з духоўна-маральным, эстэтычным і патрыятычным выхаваннем.

Ж.І.ЛАДЗЯТА, бібліятэкар першай кваліфікацыйнай катэгорыі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа

Далучэнне маладога пакалення да чытання, фарміраванне патрэбнасці ў вывучэнні айчыннай літаратуры і культуры, прывіццё любові да роднага слова – тыя напрамкі дзейнасці, на якіх павінен рабіць акцэнт бібліятэкар пры правядзенні мерапрыемстваў для навучэнцаў каледжа.

Адным з такіх мерапрыемстваў стаў конкурс эрудытаў «Слова роднае – вечнасці след», які прапануецца вашай увазе.

Мэты конкурсу: выхаванне ў навучэнцаў пачуцця гордасці за мову свайго народа, далучэнне моладзі да скарбаў народнай мудрасці.

Задачы:

  • вызначыць ролю беларускай мовы ў развіцці культуры, літаратуры, мастацтва;
  • абудзіць у моладзі жаданне глыбей зазірнуць у таямніцы роднай мовы, папоўніць слоўнікавы запас;
  • спрыяць развіццю ў навучэнцаў пазнавальнага інтарэсу і камунікатыўнай кампетэнцыі.

За дзень да мерапрыемства навучэнцы пада­юць заяўкі і праходзяць адбор. Сем чалавек, якія атрымалі найбольшую колькасць балаў, становяцца ўдзельнікамі конкурсу.

Пытанні для адборачнага этапу. За кожны правільны адказ – 1 бал.

  1. У якую моўную сям’ю ўваходзіць беларуская мова? (Індаеўрапейскую.)
  2. Як называецца старажытная форма пісьма, у якой паведамленні перадаюцца малюнкамі? (Піктаграфія.)
  3. Якую назву мае працэс утварэння слоў па законах і правілах мовы? (Словаўтварэнне.)
  4. Якую частку слова заўсёды знойдзеш у зямлі? (Корань.)
  5. Якія займеннікі паказваюць на чысціню рук? (Вы-мы-ты-я.)
  6. Як называецца знак азбукі? (Літара.)
  7. Якія дзве літары можна з’есці? (А–М.)
  8. У назве якой дзяржавы на канцы тры Я? (Аўстрыя.)
  9. Чым канчаецца тыдзень? (Літарай Ь.)
  10. Што ў сярэдзіне вішні? (Літара Ш.)
  11. Што ёсць у азёрах і рэках, а ў акіянах няма; ёсць у дрэвах і травах, а ў кветках няма? (Літара Р.)
  12. Якія словы маюць сто зычных? (Стог, стол, стогн, стоп.)
  13. Назва якога дрэва складаецца з трох аднолькавых галосных і трох аднолькавых зычных? (Баабаб.)
  14. Што гэта за гасцінец, які нельга прывезці ў падарунак? (Дарога.)

Ход конкурсу

І. Арганізацыйны этап

Вядучы вітае эрудытаў і членаў журы, знаёміць іх з тэмай і ўмовамі конкурсу: удзельнікі выконваюць 9 заданняў па рашэнні журы; на выкананне кожнага задання эрудытам адводзіцца ад 2 да 5 хві­­лін; навучэнцы фіксуюць свае адказы ў бланках і аддаюць іх членам журы, пасля гэтага вядучы называе правільныя адказы; у канцы конкурсу журы падводзіць вынікі.

ІІ. Асноўны этап

Удзельнікі займаюць месцы за гульнявымі сталамі.

Заданне 1. Устанавіце адпаведнасць паміж фразеалагізмамі і іх значэннямі. За кожны правільны адказ – 2 балы.

Фразеалагізмы

  1. Агарод гарадзіць.
  2. Аддаць Богу душу.
  3. Валіць праз пень-калоду.
  4. Ухапіцца за саломінку.
  5. Іграць першую скрыпку.
  6. На злобу дня.
  7. На мякіне не правядзеш.
  8. Станавіцца на хвост.
  9. Пад ботам.
  10. Пальма першынства.
  11. Садом і Гамора.
  12. Сусветная туга.

Значэнне фразеалагізмаў:

а) рабіць няўмела, абы як;

б) варожа ставіцца да каго-небудзь;

в) беспарадак, хаос;

г) памерці;

д) задумваць справу, з якой многа клопатаў;

е) адчай, расчараванне ў жыцці;

ё) паспрабаваць выратавацца любым спосабам;

ж) пад уладай;

з) быць галоўным у якой-небудзь справе;

і) пра тое, што ў гэты момант хвалюе ўсіх;

к) перавага над іншымі, першынство;

л) не перахітруеш, не ашукаеш.

Адказы: 1д, 2г, 3а, 4ё, 5З, 6і, 7л, 8б, 9ж, 10к, 11в, 12е.

Фота з архіва рэдакцыі носіць ілюстрацыйны характар

Заданне 2. Перакладзіце з рускай мовы на беларускую слова, словазлучэнне і сказ. За кожны правільны адказ – 3 балы.

  1. Комната. (Пакой.) Блестящие пуговицы. (Бліскучыя гузікі.) В дупле мы нашли беличьи припасы. (У дупле мы знайшлі вавёрчыны прыпасы.)
  2. Кровать. (Ложак.) Кожаные сапоги. (Скураныя боты.) Мы направились в лес за дровами. (Мы накіраваліся ў лес па дровы.)
  3. Чулки. (Панчохі.) В ожидании чуда. (У чаканні дзіва.) Мать застелила стол праздничной скатертью. (Маці заслала стол святочным абрусам.)
  4. Художник. (Мастак.) Вкусная еда. (Смачная ежа.) Увидели маленького цыпленка. (Убачылі маленькае кураня.)
  5. Серёжки. (Завушніцы.) Сладкая земляника. (Салодкія суніцы.) Ученик заслужил уважение. (Вучань заслужыў павагу.)
  6. Бусы. (Пацеркі.) Злая собака. (Злы сабака.) Засветило апрельское солнышко. (Засвяціла красавіцкае сонейка.)

Заданне 3. Разгадайце рэбус. За кожны правільны адказ – 1 бал.

Адказы: 1) Нарач; 2) ліса; 3) клуб; 4) канапа; 5) канава; 6) Прыпяць; 7) восень; 8) грак; 9) наадварот;

10) завіруха; 11) кава.

Заданне 4. Вызначце, колькі лічэбнікаў у наступных сказах. За кожны правільны адказ – 1 бал.

  1. Астап з Васем абедзвюма рукамі трымаліся за борт трохтонкі.
  2. Адвакат прыехаў без затрымкі ў чатыры гадзіны.
  3. Петрык, цябе бацька кліча: ты рыбу з ім пойдзеш лавіць удвух.
  4. На стале ляжаў пачаты рыбны пірог.
  5. Вазьмі паднос там, прынясі дзесяць шклянак адвару шыпшыны.
  6. Сёння гэта ўжо дваццаты наведвальнік – сапраўднае нашэсце!
  7. Схадзі на Прыпяць, дастань два вядры вады і пастаў іх у падвал.
  8. Барадзін трымаўся проста, і мы патроху адва­жыліся на жарты з ім, старэйшым на восем гадоў.
  9. Паставяць два, калі зноў не будзем ведаць, дзе вяцічы жылі, дзе радзімічы.
  10. Не хвалюйцеся: ніякай пошасці з імі не здарылася! Проста адмахалі трыццаць вёрст адразу, патаміліся і спяць на двары ў цяньку.

Заданне 5. Назавіце запазычаныя словы. За кожны правільны адказ – 2 балы.

  1. Слова прыйшло да нас з лацінскай мовы і літаральна азначае «апрануты ў белае». (Кандыдат.)
  2. Слова запазычана з грэчаскай мовы і азначае «мастацтва ўпрыгожваць». (Касметыка.)
  3. У перакладзе з англійскай мовы гэтае слова літаральна азначае «петушыны хвост». (Кактэйль.)
  4. З французскай мовы гэтае слова переклада­ецца як «чэрап», «шлем». (Каска.)
  5. Слова прыйшло да нас з італьянскай мовы і азначае «бег», «жыццёвы шлях», «поле дзейнасці». (Кар’ера.)
  6. З лацінскай мовы гэтае слова перекладаецца як «узорны», «першакласны». (Класіка.)
  7. Слова ўзята з грэчаскай мовы і літаральна азначае «месца для бегу ў Сусвет». (Касма­дром.)
  8. У перакладзе з лацінскай мовы гэтае слова азначае «мноства». (Копія.)

Заданне 6. Выбраўшы правільны варыянт, растлумачце сэнс беларускіх рэдкаўжывальных слоў. За кожны правільны адказ – 2 балы.

Пыха: а) фанабэрыстасць, ганарлівасць; б) балючае ўздутае месца на скуры; в) тонкія валаскі пад поўсцю жывёл.

Зеўра: а) поўны жыццёвы дастатак; б) людзі, якія аб’ядналіся для разбою, банда; в) адтуліна, яма, прорва.

Рахманы: а) пышны, прыгожы, незвычайны; б) роў­ны, з гладкай паверхняй; в) дабрадушны, памяркоўны, згаворлівы.

Паркалёвы: а) цяжкі для разумення, замыславаты; б) выраблены з лёгкай баваўнянай тканіны; в) агароджаны бярвёнамі, штыкецінамі.

Рэхва: а) прыстасаванне для прасейвання мукі; б) жалезны абруч ад кола ў возе; в) адбіццё гуку ад прадметаў, водгук.

Друз: а) роўная без лесу прастора; б) цяжар, цяжкі прадмет; в) маса з бітага камення ці цэглы.

Заданне 7. Растлумачце сэнс прыказкі, не называючы яе, так, каб астатнія ўдзельнікі змаглі яе аднавіць. За кожны правільны адказ і зразумелае тлумачэнне – 2 балы.

  1. Адзін з сошкаю, а сямёра з ложкаю.
  2. Адным пальцам і гузік трудна зашпіліць.
  3. На чужы раток не накінеш платок.
  4. Еш ды пальцы абліжы.
  5. Дзесяць разоў мерай, пакуль раз адрэжаш.
  6. Кінь за сабою – знойдзеш перад сабою.
  7. Гультай за работу – мазоль на руку.
  8. У адно вуха прыйшло, у другое – выйшла.
  9. І шыла, і мыла, і прала, і ткала – і ўсё языком.
  10. Есць – пацее, робіць – мёрзне.

Заданне 8. Устанавіце адпаведнасць паміж радкамі пра беларускую мову і іх аўтарамі. За кожны правільны адказ – 1 бал.

Радкі

  1. Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю.
  2. Мова – гэта вялікі народны скарб. Яго нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ.
  3. З усяго таго, што лягло назаўсёды ў аснову святыні народа, бяссмерця яго – ты выткана, дзіўная родная мова.
  4. Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасціва Бог на свет пусціў.
  5. Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне.
  6. Дзве старонкі, дваццаць ці дзвесце… А можа, тысячы тысяч? Усё адно, нават іх будзе мала, каб годна ўславіць цябе, родная беларуская мова.
  7. Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі.
  8. Граматычны лад нашай мовы настолькі дасканалы, што дае магчымасць пабудаваць любую фразу, выказаць любую думку.

Аўтары

а) Іван Мележ.

б) Францыск Скарына.

в) Уладзімір Караткевіч.

г) Якуб Колас.

д) Францішак Багушэвіч.

е) Максім Танк.

ё) Янка Купала.

ж) Кандрат Крапіва.

Адказы: 1г, 2а, 3е, 4б, 5ё, 6в, 7д, 8ж.

Заданне 9. Удзельнікі па чарзе ўспамінаюць радкі з верша Максіма Танка «Родная мова». За кожны правільна прачытаны радок – 1 бал.

III. Заключны этап

Журы падводзіць вынікі і аб’яўляе пераможцаў. Вядучы дзякуе эрудытам за ўдзел у конкурсе і запрашае ўсіх наведаць кніжную выставу «Адвечны голас Радзімы», якая ўключае пяць раздзелаў: «Ад знака да літары» (кнігі і артыкулы пра развіццё пісьменства), «Ключ да ўсіх навук» (літаратура па граматыцы беларускай мовы), «Слаўнае багацце мовы» (слоўнікі беларускай мовы), «Вялікі дар нашчадкам» (кнігі па фальклоры), «Чарадзеі роднага слова» (творы беларускіх пісьменнікаў розных жанраў).

ЛІТАРАТУРА

1. Беларуская мова: тэорыя, тэсты: для школьнікаў і абітурыентаў / Э. Д. Блінава [і інш.]. – Мінск: Вышэйшая школа, 2006. – 384 с.

2. Казлоўская, І. І. Лінгвістычны квест «Адкрываю нанова беларускае роднае слова» / І. І. Казлоўская // Народная асвета. – 2021. – № 2. – С. 42–44.

3. Паўлоўская, В. І. Мова: цікава і займальна / В. І. Паўлоўская. – Мінск: Народная асвета, 1989. – 22 с.

4. Фадзеева, А. А. Віртуальная экскурсія «У музеі роднай мовы» / А. А. Фадзеева // Народная асвета. – 2021. – № 2. – С. 36–38.

5. Якушэвіч, С. Р. Інтэлектуальная гульня «Размаўляем па-беларуску» / С. Р. Якушэвіч // Народная асвета. – 2020. – № 2. – С. 42–44.

6. Янкоўскі, Ф. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / Ф. Янкоўскі. – Мінск: Навука і тэхніка, 1992. – 491 с.