Педагог у трэцім пакаленні, адзін з самых маладых кіраўнікоў у Мінскім раёне, дырэктар каладзішчанскай сярэдняй школы № 2 Андрэй Баравікоў за тры гады, пакуль тут працуе, вывеў установу на лідарскія пазіцыі па многіх напрамках. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Андрэй Аляксандравіч, як вы фарміравалі калектыў і чым кіраваліся пры гэтым? Якія вашы крытэрыі адбору спецыялістаў?
— Кадравую палітыку лічу адным з самых прыярытэтных напрамкаў у сваёй рабоце. Магу з упэўненасцю сказаць, што ўвесь калектыў школы — гэта выдатныя спецыялісты, сапраўдныя майстры, якія любяць і цэняць сваю прафесію, а школа для іх з’яўляецца другім домам.
Што тычыцца фарміравання калектыву, то рабіў гэта з дружнай камандай адміністрацыі. Чаму з дружнай? Усё кіраўніцтва школы — гэта калегі з тых устаноў адукацыі, дзе я працаваў, перш чым быў назначаны на пасаду дырэктара каладзішчанскай сярэдняй школы № 2. Гэтых людзей я добра ведаў, мы доўгі час працавалі побач адно з адным. Таму, калі прыйшла пара сабраць каманду, запрашаў самых лепшых, кампетэнтных, па-сапраўднаму адданых сваёй справе настаўнікаў. Тэхналогія камандаўтварэння — адзін з важных фактараў фарміравання калектыву. Дзякуючы такому падыходу, мы заўсёды працуем зладжана і вынікова.
Пасля фарміравання адміністрацыі дружна прыступілі да падбору педагагічных кадраў. Здаралася, што з аднаго месца да нас адразу прыходзілі некалькі настаўнікаў і тым самым стваралі аснову дружнага калектыву. Што тычыцца астатніх педагогаў, то галоўным крытэрыем іх адбору стала гатоўнасць да сумеснага творчага праектавання і мадэлявання новых уяўленняў і ідэй у практычнай форме або, калі сказаць прасцей, да інавацыйнай дзейнасці.
— Паўнамоцтвы кіраўніка школы вельмі разнастайныя. Якія функцыі дырэктара, на ваш погляд, з’яўляюцца вызначальнымі?
— Ва ўмовах мадэрнізацыі сучаснай сістэмы адукацыі ўзрастае роля інавацыйнай дзейнасці, і гэта зразумела. Сёння ёсць патрэба ў абнаўленні зместу і ў дасягненні новай якасці адукацыі. Таму вялікую ролю адводжу менавіта інавацыйнай праектнай рабоце. Праект — гэта заўсёды выразная мэта і правільныя задачы, гэта метадычны кейс у выглядзе алгарытму іх выканання і дасягнення мэты, гэта прагназуемы вынік, да якога няўхільна імкнешся. Такім чынам, мая асноўная функцыя — вызначэнне курсу развіцця праз праектную і інавацыйную дзейнасць. Калі пра гэта гаварыць больш падрабязна, то мы прымаем удзел у двух рэспубліканскіх інавацыйных праектах: “Фарміраванне маладзёжнай прадпрымальніцкай супольнасці як інструмента павышэння прадпрымальніцкай актыўнасці ў Беларусі” і “Укараненне мадэлі фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў і гатоўнасці да рэалізацыі грамадска значных ініцыятыў з дапамогай прымянення тэхналогіі сацыяльнай творчасці і камандаўтварэння”. Яго практычная рэалізацыя грунтуецца на здароўезберагальных тэхналогіях і ўмацаванні інстытута сям’і.
Дзейнасць рэсурснага цэнтра па выхаваўчай рабоце абапіраецца на рэалізацыю раённага педагагічнага праекта “Фарміраванне ў навучэнцаў грамадзянска-патрыятычных і гуманістычных каштоўнасцей і каштоўнасных арыентацый у сучаснай адукацыйнай прасторы праз вывучэнне народных традыцый і мастацтва”. Сёння ў рэсурсным цэнтры працуюць 24 факультатывы музычна-тэатральнага напрамку, 27 аб’яднанняў па інтарэсах, у тым ліку 9 на платнай аснове.
У дадатак да гэтага наша школа прымае ўдзел у раённым педагагічным праекце “Укараненне мадэлі арганізацыі праектна-даследчай дзейнасці вучняў з дапамогай культурна-адукацыйнай прасторы школьнага музея” і інш.
— Як лічыце, што трэба, каб стаць паспяховым дырэктарам?
— За тры гады работы на пасадзе дырэктара ўжо дакладна ведаю, што не існуе пэўнага алгарытму або формулы дасягнення паспяховасці кіраўніка.
Трэба заўсёды ставіць перад сабой задачы крыху вышэй сваіх здольнасцей і магчымасцей. Гэта ў першую чаргу неабходна для таго, каб развіццё было пастаянным і ты мог скокнуць вышэй сваёй галавы.
Паспяховым калектыў будзе толькі ў тым выпадку, калі ва ўстанове адукацыі паспяховы кіраўнік. Ад дырэктара залежыць і тое, наколькі таленавітымі і крэатыўнымі будуць дзеці. Таму мая першачарговая
задача — стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця навучэнцаў і педагогаў.
Увогуле, сваю прафесійную дзейнасць найперш будую на даверы, адкрытасці і справядлівасці. Дзверы майго кабінета заўсёды адчынены. Узаемапавага, падтрымка і добрая парада ў няпростых сітуацыях умацоўваюць прафесійныя і чалавечыя сувязі.
— У вашай школе створаны рэсурсны цэнтр па выхаваўчай рабоце і музей камсамола. Якая роля адводзіцца ім у станаўленні асобы навучэнцаў?
— У каладзішчанскай сярэдняй школе № 2 асаблівая ўвага ўдзяляецца выхаванню патрыятызму і грамадзянскасці. Асновай гэтай работы з’яўляецца дзейнасць дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, школьнага вучнёўскага самакіравання. Пярвічная арганізацыя БРСМ налічвае 94% навучэнцаў і 100% педагогаў, піянерскую арганізацыю для сябе выбралі 92% школьнікаў, 100% старшакласнікаў сталі ўдзельнікамі школьнага самакіравання.
Што тычыцца маладзёжнага патрыятычнага руху, то яго цэнтрам стаў музей камсамола і дзіцячых маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Увогуле, тое, як стваралі музей, — гэта асобная гісторыя. Першапачаткова мы планавалі адкрыць раённы цэнтр маладзёжных аб’яднанняў, хацелі, каб у ім збіраліся нашы самыя актыўныя вучні, удзельнікі маладзёжных ініцыятыў, і абмяркоўвалі творчыя ідэі. Калі падзяліліся гэтай задумай з намеснікам старшыні Мінскага раённага выканаўчага камітэта Ірынай Ціхонка, яна прапанавала крыху змяніць фармат і адкрыць раённы музей камсамола. Што тычыцца экспанатаў, то іх на працягу года збіралі жыхары Мінскага раёна, педагогі і навучэнцы нашай школы. Сёння тут захоўваецца больш за 200 артэфактаў. А гаспадыняй музея стала настаўніца гісторыі Ганна Мельнік.
У музеі, акрамя пастаяннай экскурсійнай работы, праходзяць пасяджэнні маладзёжнай і піянерскай палаты Мінскага раёна, семінары і круглыя сталы па развіцці маладзёжных ініцыятыў і праектаў, урачыстыя лінейкі, прыёмы членаў у піянеры і БРСМ. Прыемна, што гасцямі музея былі навучэнцы не толькі Мінскага раёна, але і іншых абласцей і рэгіёнаў нашай краіны, а таксама дэлегацыі з Расійскай Федэрацыі.
Таксама намі распрацаваны праект “Укараненне мадэлі арганізацыі праектна-даследчай дзейнасці вучняў з дапамогай культурна-адукацыйнай прасторы школьнага музея”. Ён спрыяе выхаванню ў школьнікаў дапытлівасці, глыбокага шанавання сваіх продкаў, слаўных спраў і падзей мінулага краіны. Ёсць і віртуальная анлайн-экскурсія па музеі.
У новым навучальным годзе гасцей музея чакае сюрпрыз. Навучэнцы пры дапамозе VR-акуляраў змогуць акунуцца ў віртуальную рэальнасць камсамольскіх сходаў 30-х, 40-х гадоў ХХ стагоддзя.
— На развіццё якіх кампетэнцый накіравана работа цэнтра па кіраўніцкай дзейнасці? У чым яго задачы?
— Рэсурсны цэнтр па кіраўніцкай дзейнасці функцыянуе ў супрацоўніцтве з Мінскім гарадскім тэхнапаркам, факультэтам маркетынгу, менеджменту, прадпрымальнасці Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам.
Аснову яго дзейнасці складае набор методык “Бенчмаркетынгу” па ўкараненні лепшых педагагічных практык і інавацыйнага вопыту ў рабоце ўстановы адукацыі. Гэтая сістэма з’яўляецца адным з перадавых інструментаў прасоўвання ўстановы на рынку адукацыйных паслуг, што пацверджана высокай выніковасцю прэзентацыі педагагічнага вопыту ў перыядычным друку — 27 публікацый за 2023 год.
— Як сямейны спартыўны клуб #KolSportFam, што дзейнічае ў вашай установе, дапамагае наладжваць зносіны з сям’ёй, бацькамі і вучнямі?
— Практычна ўсе мясцовыя дзеці і іх бацькі з нецярпеннем чакаюць суботу, бо менавіта ў гэты дзень праходзіць доўгачаканая сустрэча ў школьным спартыўным клубе. Сёння ён займае важнае месца ў сістэме выхаваўчай работы па ўкараненні здароўезберагальных тэхналогій і ўмацаванні інстытута сям’і. Для таго каб у ім пазаймацца, у школу з задавальненнем прыходзяць усе жадаючыя бацькі і дзеці, якія пражываюць у Мінскім раёне. Ва ўдзельнікаў клуба, а іх сёння больш за 200, ёсць магчымасць займацца гіравым спортам, паўэрліфтынгам, боксам, плаваннем, гульнявымі відамі спорту. Але галоўнае, што ўсе актыўна і з карысцю для здароўя праводзяць разам вольны час. Члены клуба ўжо сталі адной вялікай, дружнай, спартыўнай, школьнай сям’ёй.
Безумоўна, дзейнасць #KolSportFam, магчымасць так праводзіць час павышаюць аўтарытэт установы сярод бацькоўскай грамадскасці і дапамагаюць наладзіць неабходнае для нас узаемадзеянне трыяды “педагогі — навучэнцы — бацькі”.
Нязменныя кіраўнікі клуба — знакамітыя беларускія спартсмены, пяціразовы чэмпіён свету па гіравым спорце Ігар Сігневіч і ўдзельнік Алімпійскіх гульняў па боксе Вазген Сафар’янц.
— Андрэй Аляксандравіч, з якімі дасягненнямі і планамі будзеце сустракаць 1 верасня?
— У новым навучальным годзе, як і заўсёды, ставім перад сабой максімальныя мэты і задачы па паляпшэнні ўзроўню якасці ведаў і адукацыі навучэнцаў і педагогаў. У нас абноўлены педагагічны склад, павялічылася колькасць педагагічных работнікаў з першай і вышэйшай катэгорыяй. Акрамя гэтага, мы ўступаем у трэці рэспубліканскі інавацыйны праект па развіцці сацыяльнай кампетэнтнасці навучэнцаў. Працягнуць сваю дзейнасць тры рэсурсныя цэнтры, а музей камсамола чакае абнаўленне і з’яўленне новай экспазіцыі. Музейныя раздзелы “Беларуская хатка”, “Музычныя інструменты” набудуць статус музея. І, вядома, плануем
пацвердзіць сваё лідарства ў Мінскім раёне па выніках работы ў 2024 годзе.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА