Пра вынікі летняй аздараўленчай кампаніі, гатоўнасць устаноў адукацыі да 1 верасня і планы на новы навучальны год карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела па адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Алена Саковіч.
— Алена Міхайлаўна, як сёлета прайшло летняе аздараўленне?
— У раёне ў рамках летняй аздараўленчай кампаніі арганізавана работа 33 летнікаў. Большасць з іх — 27 лагераў — працавалі на базе ўстаноў адукацыі. Таксама юных гасцей прымаў загарадны аздараўленчы лагер “Бярозка” Бярозаўскага мясакансервавага камбіната, два аздараўленчыя лагеры працавалі на базе каледжаў у Бярозе і Белаазёрску, яшчэ тры лагеры з дзённым знаходжаннем дзейнічалі на базах спартыўных школ раёна.
У сярэдняй школе вёскі Здзітава і Сігневіцкай сярэдняй школе дзяцей чакалі ваенна-патрыятычныя змены, у Першамайскай сярэдняй школе імя І.І.Валасевіча і Малецкай сярэдняй школе — змены здароўезберагальнай накіраванасці. Тыя ж, хто сёлета адпачываў у Бярозаўскім раённым цэнтры турызму і краязнаўства, больш даведаліся пра гісторыю роднага краю і бліжэй азнаёміліся з турызмам, актыўна займаліся спортам.
У жніўні навучэнцы раёна аздараўляюцца на базах чатырох устаноў адукацыі. Напрыклад, дзённы лагер “Акадэмія навук” у Бярозаўскай пачатковай школе на працягу 21 дня наведваюць 26 будучых першакласнікаў. Малыя не толькі адпачываюць, але і адаптуюцца да школы, праходзяць курс падрыхтоўкі да вывучэння школьных прадметаў. На базе сярэдняй школы № 3 Белаазёрска арганізаваны перасовачны палатачны лагер для 18 навучэнцаў 7—11 класаў. Хлопцы і дзяўчаты, акрамя адпачынку ў палатках, наведваюць храмы, гарадскія і школьныя музеі, мемарыяльныя комплексы, сустракаюцца з цікавымі людзьмі.
Арганізатары летняга адпачынку ва ўстановах адукацыі зрабілі ўсё, каб лета для навучэнцаў прайшло з карысцю, цікава і займальна. Пра гэта сведчаць тэматыка аздараўленчых лагераў, праектная дзейнасць па выніках работы, удзел у конкурсе на лепшы аздараўленчы лагер на ўзроўні раёна і вобласці, вынікі якога будуць падведзены ў верасні.
Часовай працоўнай занятасцю ў летні перыяд былі ахоплены 208 школьнікаў. Папрацаваўшы 5 дзён, кожны з іх змог папоўніць свой бюджэт на 140—150 рублёў.
— Зусім хутка новы навучальны год. Наколькі гатовы да яго ўстановы адукацыі?
— Аддзелам па адукацыі сумесна з цэнтрам па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Бярозаўскага раёна праведзены вялікі аб’ём работ.
Так, выкананы работы па падсыпцы бегавых дарожак на стадыёнах Нарутавіцкай базавай школы і сярэдняй школы № 1 Белаазёрска, праведзены рамонт асфальтавага пакрыцця і тратуарных дарожак у сярэдняй школе № 2 Бярозы, Бярозаўскай базавай школе, Сялецкай і Першамайскай сярэдніх школах. Акрамя гэтага, у сярэдняй школе № 2 Бярозы адрамантаваны раздзявалкі ў спартыўнай зале, санвузлы, праведзена замена сантэхнікі, вокнаў на лесвічных маршах, абноўлены стадыён. У трох установах адукацыі набыта новая вучнёўская мэбля для пачатковых класаў. Выкананы комплекс работ па перапрафіляванні будынка Сялецкай сярэдняй школы, дзе з’явіўся дадатковы эвакуацыйны выхад у крыле дашкольнікаў. У сярэдняй школе № 1 Бярозы праведзены бягучы рамонт майстэрань, замена вокнаў і рамонт вулічнага асвятлення. Вулічнае асвятленне абноўлена ў пяці школах. Новая агароджа з’явіцца на тэрыторыі Здзітаўскай сярэдняй школы.
Праводзяцца работы па ўладкаванні пад’езду да сярэдняй школы № 2 Бярозы і пляцоўкі для высадкі дзяцей з боку вуліцы Леніна. Гэта, дарэчы, было просьбай бацькоў да старшыні райвыканкама. Будзе завершана частка запланаваных на гэты год работ па капітальным рамонце сярэдняй школы № 3 Белаазёрска — поўны рамонт вучэбных кабінетаў, калідораў на трэцім і чацвёртым паверхах з заменай падлогі. А ў Сігневіцкай сярэдняй школе актыўна вядуцца работы па завяршэнні капітальнага рамонту: рэабілітацыя фасада будынка, уладкаванне пад’ёмніка для інвалідаў, замена ўчастка даху, рамонт унутраных памяшканняў і добраўпарадкаванне тэрыторыі.
— Падзяліцеся планамі: якія навацыі чакаюць сістэму адукацыі раёна?
— Новы навучальны год — гэта заўсёды новыя педагогі і навучэнцы. Рады школьнікаў папоўняць 740 першакласнікаў, а настаўніцкія кадры — 20 маладых спецыялістаў, з якіх пяць настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя.
У 2024/2025 навучальным годзе будуць адкрыты профільныя класы (групы) ваенна-патрыятычнай, педагагічнай, інжынернай, аграрнай накіраванасці. У прыватнасці, 14 класаў (груп) педагагічнай накіраванасці папоўняць 111 юнакоў і дзяўчат. Дарэчы, плануем правесці і раённы фестываль педагагічных класаў. Яшчэ па 52 школьнікі будуць асвойваць інжынерны і аграрны профілі. Калі летась была арганізавана адна група інжынернай накіраванасці для 17 навучэнцаў у гімназіі Белаазёрска, то ў новым годзе такіх груп будзе пяць у чатырох школах.
У верасні адбудзецца раённая бацькоўская канферэнцыя “У цэнтры ўвагі — дзеці!”, на якой будуць абмяркоўвацца асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу, узаемадзеянне бацькоў з педагогамі.
Запланавана работа па рэалізацыі аднаго эксперыментальнага і пяці інавацыйных праектаў. Два новыя інавацыйныя праекты накіраваны на фарміраванне ў вучняў культуры здаровага ладу жыцця, сацыяльна бяспечных і сацыяльна адказных прававых паводзін.
У мінулым навучальным годзе закладзена новая традыцыя — правядзенне балю для адораных навучэнцаў раёна. Яго ўдзельнікамі сталі пераможцы прадметных алімпіяд, конкурсаў работ даследчага характару, выканальніцкага майстэрства, актывісты грамадскага жыцця. У планах зрабіць баль таленавітай моладзі штогадовай яркай і незабыўнай падзеяй.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара