Хто такі балотны лемпард, ведаюць пачаткоўцы з Бярозы, якіх да ўдзелу ў розных конкурсах рыхтуе Марыя Кухарчук

- 14:12Образование

Каго нашы продкі называлі балотным лемпардам? У чый гонар названы аздараўленчы лагер на Гомельшчыне? Адказы на многія няпростыя пытанні ведаюць акцябраты Бярозаўскай пачатковай школы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Займальна і пазнавальна

На працягу многіх гадоў педагог-арганізатар і настаўнік-дэфектолаг Бярозаўскай пачатковай школы Марыя Кухарчук са сваімі маленькімі выхаванцамі прымае актыўны ўдзел у шасці розных конкурсах і праектах Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, а таксама прадстаўляе аўтарскія метадычныя распрацоўкі. Сярод такіх праектаў, напрыклад, інтэлектуальна-забаўляльная гульня “Акцябрацкі квіз”, а таксама “Тэрыторыя дзяцінства”, якая стартавала некалькі гадоў назад. Бярозаўскія акцябраты становяцца прызёрамі гэтых конкурсаў.

— Наша школа даўно і паспяхова ўзаемадзейнічае з піянерскай арганізацыяй, займаючы лідарскія пазіцыі не толькі ў раёне, але і ў вобласці. А апошнім часам і на ўзроўні рэспублікі, — расказвае педагог з 10-гадовым стажам. — Сёлета мы занялі 2-е месца ў фінале конкурсу “Акцябрацкі квіз”, які складаецца з шасці этапаў і ўключае ў сябе пытанні пра беларускую культуру, традыцыі, гісторыю, дзяржаўныя сімвалы. Да гэтага дасягнення ішлі некалькі гадоў. Летась сталі другімі ў вобласці і на рэспубліку не паехалі, а ў гэтым годзе — першымі і выйшлі ў фінал.

Сем гадоў назад педагог-арганізатар стварыла школьны квіз-клуб, які па суботах наведваюць 70 хлопчыкаў і дзяўчынак 2—4-х класаў. У рамках работы клуба раз у месяц у два этапы праводзіцца пэўнае маштабнае мерапрыемства, у якім трэба прадэманстраваць веды па гісторыі піянерскага і маладзёжнага руху, культуры Беларусі, развіцці спорту ў нашай краіне, а таксама агульную эрудыцыю. Выконва­юць дзеці таксама музычныя і лагічныя заданні. Такім чынам яны рыхтуюцца да ўдзе­лу ў раённым этапе “Акцябрацкага квіза”. Дарэчы, на Бярозаўшчыне пачаткоўцы школы ўжо пяць гадоў запар традыцыйна першыя.

— Калі вядзецца мэтанакіраваная падрыхтоўка да ўдзелу ў раённым і абласным этапах квіза, мы займаемся дадаткова пасля ўрокаў раз на тыдзень. Часам дзеці прыходзяць на перапынках, каб атрымаць заданне для самастойнага вывучэння. Пасля мы разам абмяркоўваем, пра што яны даведаліся, — дзеліцца сакрэтамі падрыхтоўкі мая суразмоўніца. — Рыхтуючыся да фіналу, які праходзіць у лютым, займаемся тройчы на тыдзень.

У мінулым навучальным го­дзе ў рэспубліканскім акцябрацкім маршруце “Тэрыторыя дзяцінства”, прысвечаным спорту і II Гульням краін СНД, у якіх прынялі ўдзел каля 11,5 тысячы акцябрат, вучні Марыі Паўлаўны занялі 3-е месца.

— Гэты маршрут на працягу сямі месяцаў прадугледжваў адукацыйныя прыгоды па сямі тэматычных блоках: “Гульні нашага двара”, “Спартыўная зарадка”, “Спартыўныя звычкі”, “Вясёлыя старты”, “Спартыўны квіз”, “Здаровы лад жыцця”, “Вулічны спорт”. Задача ўдзельнікаў — паслядоўна выконваць штомесячныя заданні кожнага гульнявога маршруту і зрабіць творчую выніковую работу. Наша каманда “Фарсаж” стварыла рукзак з рознымі актыўнасцямі: чэк-лістамі па ЗЛЖ, спартыўнымі гульнямі на ліпучках і карткамі з дваровымі спартыўнымі забавамі, — паведаміла Марыя Паўлаўна.

Пасля падвядзення вынікаў конкурсу арганізатары прапанавалі творчаму настаўніку распрацаваць праграму трэцяга сезона праекта “Тэрыторыя дзяцінства”, у якім будуць удзельнічаць усе школы краіны ў новым навучальным годзе. Па словах Марыі Паўлаўны, ён будзе называцца “Падарожжа па Беларусі”. У сямі этапах спаборніцтва ўдзельнікі будуць даследаваць шэсць рэгіёнаў Беларусі і сталіцу нашай краіны.

Падобная прапанова, ма­быць, не шчаслівая выпадко­васць, а чаканая заканамернасць. Бо педагог-арганізатар актыўна ўдзель­нічае ў конкурсе піянерскіх распрацовак для настаўнікаў і не першы год прадстаўляе свой метадычны вопыт.

Аўтарскі метадычны вопыт

— Тры гады я прымаю ўдзел у гэтых конкурсах, звычайна адпраўляю работы адразу па некалькіх намінацыях. І ні разу не абышлося без дыплома I ступені ў фінале. Усе намінацыі так ці інакш звязаны з дзейнасцю БРПА і могуць называцца, напрыклад, “Піянерыя і Беларусь”, “Піянерыя і спорт”, “Піянерыя і дзяржаўныя святы”. Кожны год конкурс мае сваю тэматычную асаблівасць. Так, летась гэта быў лічбавы ўхіл, таму прадстаўляўся ўвесь вопыт дзейнасці ў інтэрнэце з выкарыстаннем Google-форм, сацыяльных сетак і г.д., — тлумачыць настаўніца.

У выніку Марыя Кухарчук заняла 3-е месца ў намінацыі “Лепшая распрацоўка анлайн-праекта” за стварэнне акцябрацкага адвент-календара з комплексам цікавых спраў і мерапрыемстваў, якія прапаноўвалася штодзень выконваць малодшым школьнікам напярэдадні Новага года, каб зрабіць чаканне галоўнага дзіцячага свята чароўным і запамінальным. Таксама сярод яе дасягненняў два 1-я месцы ў гэтым спаборніцтве: у намінацыі “Лепшыя прыёмы геймі­фікацыі ў сацыяльных сетках”, дзе прадстаўлены вопыт работы з акцябратамі ў Instagram, і ў намінацыі “Лепшая распрацоўка анлайн-квеста” з праектам зімовай змены лагера “Рысяня Агеньчык супраць тхара Злюкса. Аперацыя “Новы год”.

Распрацоўкай праграм лагерных змен педагог займаецца каля 10 гадоў, імкнучыся зрабіць усё магчымае, каб дзіцячыя канікулы праходзілі ярка і крэатыўна. Яшчэ падчас навучання ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна актыўная і дзейная трэцякурсніца стварыла педагагічны студатрад “Палаючыя сэрцы”, прадстаўнікі якога летам працавалі важатымі ў лагеры. Атрад тройчы перамагаў у спаборніцтвах БРСМ у намінацыі “Лепшы педагагічны атрад”. Дарэчы, сёння некаторыя з першых выхаванцаў студатрада, пасталеўшы і асвоіўшы педагагічныя спе­цыяльнасці, папоўнілі шэрагі настаўнікаў.

У абласным конкурсе БРПА “Лепшы важаты — 2024”, дзе прынялі ўдзел больш за 300 педагагічных работнікаў, педагог-арганізатар і настаўнік-дэфектолаг Бярозаўскай пачатковай школы Марыя Кухарчук атрымала дыплом I ступені і ганаровы знак “Лепшы важаты”.

— Спецыфіка маёй работы ў тым, што я ўвесь час нешта распрацоўваю. Сённяшнія дзеці — візуалы. Ім мала крэйды і дошкі, а таксама друкаванага слова на белым аркушы паперы. Ім патрэбна маляўнічая карцінка. Яны добра ўспрымаюць тую інфармацыю, якая падаецца разам з яркай прадуманай ілюстрацыяй, — адзначае Марыя Паўлаўна.

Ад праекта да праекта

Свае задумы па правядзенні вольнага часу і развіцці дзяцей у канікулярны час апошнія гады настаўніца ўвасабляе ў праекты. Усе яны пабудаваны на гульнявой мадэлі. Чатыры праекты, створаныя для займальнага адпачынку малодшых школьнікаў падчас канікул, сталі прызёрамі рэспуб­ліканскіх конкурсаў. Так, леташні праект-пераможца “Свет тваіх магчымасцей” стаў другім у рэспуб­ліканскім конкурсе на лепшы аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем. Яго педагог увасобіла на зімовых канікулах. Сюжэт будаваўся на проціборстве талісмана піянераў рысяняці Агеньчыка з тхаром Злюксам, які выкраў навагоднія падарункі. Задача дзяцей — адшукаць іх з дапамогай добрага рысяняці. Зрабіць яны гэта змаглі, выконваючы пэўныя заданні, якія атрымлівалі ў Viber.

Мінулай зімой падчас дадатковых канікул для 1—2-х класаў настаўніца ўвасобіла праект “Тэрыторыя мужнасці”. Навучэнцы школы, знаёмячыся з гераічным мінулым беларусаў, наведалі знакавыя месцы воінскай славы ў родным горадзе. А таксама сустрэліся з ваеннаслужачымі трох вайсковых часцей, якія размешчаны паблізу Бярозы, і старшынёй раённага савета ветэранаў. На вясновых канікулах з экалагічным ухілам “Вясновыя фантазіі” школьнікі пачатковых класаў вывучалі птушак, якія сталі сімваламі розных раёнаў Беларусі, удзельнічалі ў экалагічных акцыях па зборы другаснай сыравіны і навядзенні парадку на прышкольнай тэрыторыі. Дзеці даведаліся шмат новага пра тое, як папера і пластык знаходзяць другое жыццё, зрабілі нямала вырабаў з другаснай сыравіны.

У гэтым годзе чэрвеньская змена школьнага летніка “Вартавыя галактыкі” будавалася на дасягненні касмічнага балансу з выкрадальнікамі карабля “Спадарожнік-5”, у якім па легендзе знаходзіліся першаадкрывальнікі космасу Белка і Стрэлка. Атрадам ратавальнікаў неабходна было разгадаць шыфр выкрадальнікаў, штодзень рашаючы космагалаваломкі.

А ў жніўні ў Бярозаўскай пачатковай школе ўпершыню быў арганізаваны лагер дзённага знаходжання для дашкольнікаў “Акадэмія маленькіх навук”, дзе на працягу 21 дня 26 будучых першаклашак адпачывалі, адаптаваліся да новага распарадку дня і рыхтаваліся да школы, наведваючы чатыры міні-ўрокі ў дзень.

Акрамя аздараўленчых мерапрыемстваў, прагулак і гульняў на свежым паветры, у праграму лагера ўваходзіў адукацыйны блок “Вучымся гуляючы”, які складаўся з такіх заняткаў, як “Нясумная матэматыка”, “Ад А да Я”, “Наша Радзіма” і “Вясёлыя пропісі”. Паміж урокамі дзеці выконвалі займальныя заданні для міжпаўшарнага развіцця, артыкуляцыйную і пальчыкавую гімнастыку, адпраўляліся на прагулкі. А пасля замацоўвалі веды ў кабінеце інфармацыйных тэхналогій, дзе з дапамогай відэаролікаў знаёміліся з дзейнасцю Францыска Скарыны, віртуальна падарожнічалі па Мірскім замку, Белавежскай пушчы, зазіралі на арэну і за кулісы Гомельскага цырка. Дарэчы, зараз гэты праект прымае ўдзел у абласным конкурсе распрацовак лагераў з дзённым знахо­джаннем.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота з архіва гераіні