Іван Васільевіч застаецца ў прафесіі

- 9:30Авторские колонки, Мнение

Развагі над некаторымі меркаваннямі настаўніка, які пажадаў застацца невядомым.

Іван ЖДАНОВІЧ

Напярэдадні Дня ведаў тэлефануе ў рэдакцыю Іван Васільевіч, як ён прадставіўся. З лёгкім папрокам: калі ж гэта выйдуць інструктыўныя пісьмы па тых прадметах, якія сам ён выкладае? Маўляў, дзеля таго ж мы летам і газету выпісваем, каб пісьмы тыя былі: “Цяпер ад нас у школе планы патрабуюць — а пісем яшчэ няма…” Пісьмы выйшлі, як і планавалася, у першым вераснёвым нумары, і, спадзяюся, вучэбны працэс ад таго нідзе не парушыўся…

Фраза пра летнюю падпіску “за-за пісем” крыху здзівіла. Няўжо, падумаў, нічога іншага цікавага для майго суразмоўніка няма ў газеце летам? А мы ж гэтулькі сіл у яе ўкладваем! І, па вялікім рахунку, калі ўжо ты ў нейкай прафесіі, то якая розніца — зіма ці лета?

Другі пасыл, які лаўлю ад суразмоўніка (а ён у школе больш за 35 гадоў і ўжо мае ўнукаў): “Каб газету чыталі, вы больш пішыце пра нашы праб­лемы”. Пра якія, напрыклад? “А вось Прэзідэнт сказаў: не трэба настаўнікам лішняй пісаніны! Усе чулі. А мне зноў: напішыце, што вы правялі ў мінулым навучальным годзе”. Ну, Іван Ва­сільевіч, як на добры толк, любы ж гаспадар вя­дзе запісы, што зроблена. Ведаю пчаляра, які на пчальніку па кожным вуллі вядзе хроніку: што назірае, робіць, плануе. Гаспадар! Ведаю маладую маці, якая вядзе “дзённік росту” малога з пялюшак. Лішняе? Не! І мяне ж галоўны рэдактар не прымушае весці ўлік напісанага — сам вяду: каб ведаць, пазней звярнуцца да тэкстаў, якія ў інфаморы могуць згубіцца. То ці залішняя такая “пісаніна”? Гэта ж так зручна: пазначаць зробленае па ходзе жыцця, весці запісы. Тады лёгка ў любы час рабіць аналіз, падводзіць вынікі. А з нуля, вядома ж, цяжка. То давайце падумаем: падвесці вынікі — ці ж лішняя пісаніна? Што на гэты конт скажуць іншыя настаўнікі?

Яшчэ праблемная тэма з вуснаў Івана Ва­сільевіча: мноства розных конкурсаў. Нават і дзяцей, кажа, у вясковай школе на ўсе не хапае.

Пагаджаюся адразу, бо ўжо чуў пра такое, бываючы ў глыбінцы. Да таго ж не ўсе дзеткі настолькі матываваныя, каб без дарослых усё рабіць. Што хаваць, часам настаўнік вымушаны быць не проста кіраўніком — прыхаваным суаўтарам конкурснай творчай ці навукова-даследчай работы. І гэта праблема. Мы ж такім чынам самі псіхіку гора-канкурсантаў губім, прыму­шаем хлусіць нібыта дзеля высокай мэты: школу не падвесці. У конкурсах школьнікаў, падаецца мне, у аснове павінна быць як праца і таленты канкурсантаў (а не іх бацькоў ці педагогаў), так і пачуццё меры і высокая маральнасць. І ніяк нельга конкурсамі ні школы, ні настаўнікаў, ні дзяцей перагружаць. А што, цікава, іншыя чытачы на гэты конт скажуць? Пішыце, тэлефануйце, заходзьце ў рэдакцыю.

Дзякуем Івану Васільевічу за падказкі. Спа­дзяёмся, што і далей ён будзе ў ліку нашых пастаянных падпісчыкаў. Настаўнік яшчэ раз нагадаў, як важна ў нашым жыцці знайсці баланс паміж “хачу” і “трэба”. Дадам, што выбудоўваць свой шлях у любой прафесіі, настаўніцкай у тым ліку, варта па высокіх маральных прынцыпах, якія нароўні з патрыятызмам ёсць у аснове ўсёй беларус­кай сістэмы выхавання і адукацыі. Імператыў, закон этычнасці, высакароднасці, шчырасці, пат­рыятызму няхай будзе ў нашых дзеяннях нават і не прапісаны — але застаецца базавым. Як няпісаная, а таму самая высокая ісціна.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА