Апераджальная адукацыя: чым унікальны цэнтр кампетэнцый Каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе

- 9:00Главная, Образование

Чым унікальны цэнтр кампетэнцый сучасных тэхналогій у машынабудаванні і чаму можна навучыцца на вучэбным заводзе, якія новыя спецыяльнасці адкрыты тут і ці карыстаюцца яны попытам у абітурыентаў? Даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У Беларусі функцыянуюць 226 кале­джаў, але толькі шэсць са статусам вядучага. Адзін з іх — Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўта­сэрвісе (філіял РІПА).

— Для набыцця статусу вядучага неабходна метадычна ўдзельнічаць у распрацоўцы вучэбна-праграмнай дакументацыі і вучэбных дапаможнікаў з грыфам Мін­адукацыі, мець уласны цэнтр кампетэнцый з сур’ёзным узроўнем падрыхтоўкі, высакакласнымі кадрамі, важным і актуальным адукацыйным зместам і сучаснай мат­базай, — падкрэсліў рэктар РІПА Валерый Галубоўскі.

Навучанне ў цэнтры кампетэнцый сучасных тэхналогій у машынабудаванні практыка-арыентаванае. Яно вядзецца па некалькіх спецыяльнасцях на даволі складаным і сучасным абсталяванні. А таму кваліфікацыя тых рабочых, якія прайшлі навучанне на ім, вельмі высокая. Штогод па сеткавым узаемадзеянні ў цэнтры займаюцца больш за 700 чалавек.

— Тэарэтычныя аўдыторыі цэнтра абсталяваны стэндамі машынабудаўнічага профілю. На іх адлюстраваны вытворчы кампанент прадпрыемстваў і заводаў. Нашы навучэнцы спачатку ў вучэбным асяроддзі мадэлююць, праводзяць выпрабаванні і даследаванні, дыягнастуюць і г.д. Напрыклад, калі навучэнец збірае пэўную схему, то яна адлюстроўваецца на маніторы і дазваляе праводзіць адпаведныя вымярэнні: здымаць паказанні, аналіза­ваць, рабіць высновы. Такім чынам мы вучым праца­ваць з разуменнем таго, як функцыянуе пэўны датчык асобна, як паводзіць сябе ў сістэме і, самае галоўнае, калі ён у спраўным і няспраўным стане, каб спецыяліст мог прадыягнаста­ваць тую ці іншую непаладку і пазбегнуць яе, — дадаў Валерый Мікалаевіч.

Кампанентная база ў цэнтры кампетэнцый складаецца з тых элементаў, якія ў рэальных умовах сустракаюцца на вытворчасці, а спецыфіка абсталявання адлюстроўвае прафесійную дзейнасць.

— Варта адзначыць, што асаблівая перавага цэнтраў кампетэнцый — навучанне з апярэджаннем. Так, тыя тэхналогіі, якія толькі пачынаюць укараняцца на вытворчасцях, навучэнцы ўжо вывучаюць. Тэрмін падрыхтоўкі будучых спецыялістаў дахо­дзіць да чатырох гадоў. За гэты час на прадпрыемстве можа многае змяніцца. Укараненне ў рэальным сектары, зразумела, прывязана да фактараў наяўнасці фінансаў, рынкаў збыту, аднак змяненні могуць адбыцца хутка. А кампетэнцыі фарміруюцца павольна, таму наша выбудаваная сістэма навучання як апярэджвае ўзровень развіцця сённяшняй вытворчасці, так і стымулюе прадпрыемствы да больш хуткага ўкаранення сучасных тэхналогій. Да таго ж пры недахопе рабочых рук шлях у нас адзін — выводзіць на больш высокі ўзровень кваліфікацыю і ўкараняць тэхналогіі, якія заменяць людзей, — лічыць рэктар РІПА.

Развіваюць сучасныя кампетэнцыі навучэнцы каледжа ў чатырох лабараторыях: праграмавання і наладкі аўтаматызаванага абсталявання; электратэхнікі, электронікі, электрапрывода і электрааўтаматыкі; апрацоўкі матэрыялаў і інструменту; прыводаў тэхналагічнага абсталявання, гідрапрывода і гідрапнеўмааўтаматыкі. А яшчэ — у дзвюх вучэбных майстэрнях такарных і фрэзерных станкоў з ПК DMG і ПУ HAAS і вучэбнай майстэрні такарных станкоў з ПК Fanuc і Sinumerik.

— Гэтыя майстэрні маюць рэальныя ўзоры прамысловага абсталявання як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. Дзякуючы ім, мы хутка рэагуем на змены абсталявання на прадпрыемствах. Дарэчы, вучэбныя аўдыторыі адрозніваюцца ад тэарэтычных тым, што тут навучэнцы не толькі працу­юць на віртуальных і рэальных трэнажорах, якія імітуюць органы станка, але і выходзяць да дзеючага абсталявання, — паведаміў дырэктар каледжа А.Рыбак.

У цэнтры кампетэнцый размешчаны афіцыйны сертыфікаваны вучэбны цэнтр FESTO (FACT) па тэхналогіях “Індустрыя 4.0” і мехатронікі.

— Гэта ўніверсальны вучэбны завод. Ён складаецца са зборачнага, вытворчага, лагістычнага ўчасткаў, а таксама ўчасткаў беражліва-эканамічнай вытворчасці і кантролю якасці. Тут можна выконваць як наладку, так і зборку вызначаных адзінак вырабу. Калі гаварыць прасцей, то гэта невялікая вытворчасць, якая рэальна знаходзіцца на прадпрыемствах альбо ў такім маштабе, альбо ў большым, напрыклад, на “Крыніцах”, МЗБН, “ЛеанГруп”, МЗШ, МТЗ, — расказаў Арцём Яўгенавіч.

Адкрывальнік прафесій

Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе рыхтуе кадры для машынабудаўнічых прадпрыемстваў краіны.

Сёння ў ім вучацца каля тысячы юнакоў і дзяўчат па 11 прафесіях. Так, на ўзроўні ПТА тут рыхтуюць токараў, аператараў станкоў з ПК, слесараў па рамонце аўтамабіля і механазборачных работ. А на ўзроўні ССА — аперацыйных лагістаў, аўтамеханікаў, наладчыкаў станкоў і маніпулятараў з ПК.

Падрыхтоўка па ўсіх прафесіях у каледжы нацэлена на апярэджанне: вучыць трэба так, каб веды і кампетэнцыі не саста­рэлі да моманту выпуску.

З’яўляюцца ў каледжы і новыя спецыяльнасці, такія як “Эксплуатацыя мехатронных сістэм прамысловага абсталявання” з прысваеннем кваліфікацыі тэхніка-мехатроніка. Іван Пажыток, навучэнец 4 курса, — адзін з тых, хто атрымлівае яе. Цікавімся ў юнака, хто ж такі мехатронік.

— Гэта комплексны спецыя­ліст з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, які абслугоўвае складаныя аўтаматызаваныя і робатызаваныя ячэйкі і лініі, а таксама плануе іх работу і кіруе ёй. Гэта спецыяліст, які адказвае за аўтаматызацыю прамысловых працэсаў на прадпрыемствах і заводах, — адказвае суразмоўнік. — Дарэчы, на першым курсе я атрымаў кваліфікацыю аператара, на другім — наладчыка, які ўмее наладжваць пра­цэс і пісаць праграму на станку. А на трэцім-чацвёртым вучуся на мехатроніка. Адштурхоўваючыся ад атрыманых раней ведаў, змагу адказваць за поўную аўтаматызацыю ўсяго працэсу.

Сёлета адбыўся першы набор на новую спецыяльнасць не толькі для каледжа, але і для краіны — “Эксплуатацыя сродкаў вымярэння” з прысваеннем кваліфікацыі тэхніка-метролага. У першую групу трапілі 25 выпускнікоў 9 класа.

— Мы ўбачылі попыт на гэтую прафесію, бо конкурс склаў амаль два чалавекі на месца, а прахадны бал быў 7,6. У наступным го­дзе думаем набраць дзве групы, уліч­ваючы патрэбнасць нашых прадпрыемстваў у такіх спецыя­лістах. Да таго ж у абітурыентаў і іх бацькоў попыт на гэтую спе­цыяльнасць таксама ёсць, бо яны ба­чаць, што на прадпрыемствах усё больш з’яўляецца сучасных тэхналогій, — праінфармаваў А.Рыбак.

Дарэчы, сам ён таксама выпускнік гэтай установы 2008 года. Тут атрымаў рабочыя прафесіі токара, фрэзероўшчыка, аператара станкоў з ПК, наладчыка станкоў і маніпулятараў з ПК. Затым завочна скончыў БНТУ і прайшоў перападрыхтоўку ў РІПА на менеджара ў сферы адукацыі. Усе атрыманыя прафесіі дапамага­юць дырэктару кампетэнтна кіраваць каледжам — з разуменнем таго, куды рухаецца прамысловая галіна.

— На мой погляд, самая паспяховая адукацыйная траек­торыя для маладых людзей павінна выглядаць так: школа — каледж — універсітэт. Наша ўстанова ў топе ў абітурыентаў, бо на асобных спецыяльнасцях конкурс сярэдняга бала атэстата — больш за 9, — не без гордасці паведаміў Арцём Рыбак. — Увогуле, унікальнасць нашага каледжа — гэта не проста практычнасць, доб­рая аснашчанасць і кваліфікаваныя педагогі, але і акадэмічнасць, метадычнасць і навуковасць.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА