Мы ўжо знаёміліся з ветэранам педагагічнай працы Нінай Цырыбка, яе ўспамінамі пра даваеннае школьнае жыццё. Сёння працягнем нашу душэўную размову.
Сустрэча з Нінай Фёдараўнай была для мяне сюрпрызам. Але тым і цікавая прафесія журналіста: кожная камандзіроўка дорыць прыемныя незапланаваныя сустрэчы.
Нядаўна Ніна Фёдараўна адзначыла 98-ы дзень нараджэння. Сярод шматлікіх віншаванняў, якія яна атрымала 13 верасня, найбольш дарагімі для яе былі пажаданні здароўя і даўгалецця ад былых калег і вучняў, а таксама сённяшняга калектыву сярэдняй школы № 1 Жыткавіч імя Р.М.Тураўца, якой яна прысвяціла амаль 40 гадоў сваёй прафесійнай дзейнасці.
Больш за гадзіну мы размаўлялі пра школьнае жыццё ў розныя перыяды пакручастага ХХ стагоддзя: і няпростыя даваенныя гады, калі Беларусь была падзелена на Заходнюю і Усходнюю, і цяжкі пасляваенны час, і перыяд актыўнага развіцця савецкай адукацыі, калі нараджаліся многія традыцыі, якія працягвае сучасная беларуская школа.
Пра які б перыяд сваёй вучобы або настаўніцтва ні гаварыла мая суразмоўніца, чырвонай ніткай праз яе словы праходзіла такая думка: “Нягледзячы на ўсе цяжкасці, дзеці вучыліся з вялікай прагай да ведаў, а настаўнікі рабілі ўсё магчымае, каб даць грунтоўныя веды і выхаваць сапраўдных грамадзян”. Асабліва каштоўныя ўспаміны Ніны Фёдараўны пра пасляваенныя гады вучобы. Упэўнены, яны выдатна дапоўняць летапіс 1-й жыткавіцкай школы.
Па словах настаўніцы, гэта быў цяжкі ў матэрыяльным плане час. Не хапала ні падручнікаў, ні сшыткаў, нават мэблі. Вучні сядзелі на звычайных лаўках, збітых з дошак, а замест парт часта выкарыстоўвалі падаконні.
— Мне дык нават зайздросцілі аднакласнікі, бо хтосьці падарыў два жоўтыя папяровыя мяшкі, а я з іх нашыла сабе сшыткаў. А так пісалі ў асноўным на газетах. Падручнікі былі толькі ў настаўніка. Ён нам расказвае, а мы слухаем, запамінаем. Потым падручнікаў стала больш, але іх выдавалі не кожнаму вучню, а адзін на некалькі чалавек. Збіраліся дома, часам і ў мяне. Адзін чытае падручнік, астатнія запісваюць ці запамінаюць. Вось так і вучыліся. І вучыліся з задавальненнем, жаданнем, я сказала б — з прагай. У той час мы і марыць не маглі пра ўмовы, якія сёння створаны ў школе. Усё ёсць, толькі вучыся, — падзялілася Ніна Фёдараўна.
Пасля заканчэння ў 1951 годзе Гомельскага педінстытута і трох гадоў адпрацоўкі ў Лепелі Ніна Фёдараўна вярнулася ў родную школу. Па словах жанчыны, ёй пашчасціла, бо калегамі сталі яе нядаўнія настаўнікі, якія падтрымлівалі, давалі слушныя парады сваёй былой вучаніцы.
— Памятаю Марту Цімафееўну, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры. Мы з ёй працавалі разам яшчэ доўгія гады. Потым маімі калегамі станавіліся вучні. Напрыклад, рускую мову і літаратуру выкладала Галіна Сцяпанаўна Барун. А Раіса Веньямінаўна Віктарава, хоць і працавала ў 2-й школе, але з ёй мы падтрымлівалі сяброўскія адносіны. Калі я выходзіла на пенсію, то нават перадала ёй усе свае планы ўрокаў. Добра помню сваю настаўніцу рускай мовы і літаратуры Галіну Маркаўну Фельдман. Яна хоць і была строгая, але давала цвёрдыя веды па сваім прадмеце. Перад вачыма стаяць многія калегі, але, на жаль, з узростам пачала забываць іх імёны. Ды і многіх ужо няма побач, — з непрыхаваным сумам адзначыла суразмоўніца.
У педагога з такім багатым вопытам не мог не пацікавіцца, якімі якасцямі павінен валодаць настаўнік, каб заваяваць любоў вучняў, быць паспяховым у прафесіі. Ніна Фёдараўна адказала не раздумваючы:
— Справядлівым. Я заўсёды старалася быць такой, таму дзеці на мяне ніколі не крыўдавалі. Нават калі ставіла дрэнныя адзнакі, яны разумелі, што гэта заслужана і неабходна падцягнуць веды. Трэба любіць прафесію, дзяцей. Я любіла сваю работу, жыла школай. Мне так падабалася рыхтавацца да ўрокаў, фармуляваць вучням цікавыя пытанні, каб яны думалі, разважалі, умелі працаваць з тэкстам, разумелі, што сваім творам хацеў сказаць аўтар.
Справядлівасць, якую Ніна Фёдараўна паставіла ў аснову педагагічнай дзейнасці, прынесла плённыя вынікі. У Дзень настаўніка яна, як заўсёды, будзе атрымліваць віншаванні ад былых вучняў і калег, ад сённяшніх педагогаў яе роднай 1-й школы. Справядлівай, неабыякавай, добрай — такой яе ведаюць многія пакаленні жыткавіцкіх настаўнікаў і вучняў. Такім і павінен быць Настаўнік.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара