Настаўніца фізікі Ганна Роўгач з Зэльвенскага раёна — пра сілу прыцяжэння да прафесіі

- 15:16Школьный физмат

Настаўніца фізікі Дзярэчынскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна Ганна Роўгач упэўнена, што ў аснове цікавасці школьнікаў да яе прадмета — любоў да эксперыментаў, таму ў шафах лабаранцкай усе паліцы застаўлены неабходным інвентаром. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагагічны шлях Ганны Сяргееўны звязаны толькі з Дзярэчынскай школай. Свае першыя крокі ў прафесіі яна зрабіла тут яшчэ ў 1989 годзе. Сёння працягвае падтрымліваць сувязь з педагогамі, якія дапамагалі ёй у прафесійным станаўленні, і з задавальненнем дзеліцца назапашаным вопытам з моладдзю. А прафесію, якую суразмоўніца справядліва лічыць найлепшай з усіх, Ганна Роўгач, як гэта нярэдка бывае, выбрала дзякуючы прыкладу свайго педагога.

— На ўроках Ірыны Міхайлаўны Максімовіч у невялікай Лясноўскай сярэдняй школе Капыльскага раёна было цікава ўсім. І ўсё ж ад выбару на карысць педагогікі яна адгаворвала з-за майго дрэннага зроку. Але для мяне гэтае пытанне было вырашана свядома і беспаваротна. Як паказала жыццё, недарэмна, — з усмешкай гаворыць суразмоўніца.

На фізічным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага (сёння — БДПУ) Ганна Сяргееўна была адной з лепшых студэнтак. Тры гады атрымлівала Ленінскую стыпендыю, скончыла інстытут з чырвоным дыпломам.

— Прыйшла працаваць у школу разам з вялікай камандай моладзі. За два гады нас такіх было адразу дванаццаць. І пераймалі вопыт мы ад педагогаў з вялікай літары. Шмат з кім не страчваю сувязі і сёння, бываючы з віншавальнай місіяй у іх у гасцях. І ўсё ж сустракацца ранейшым калектывам усё часцей даводзіцца з сумных прычын. Але настаўнік заўсёды мае працяг у сваіх вучнях. Імкнуся стаць для сённяшніх маладых педагогаў такім жа настаўнікам, якія ў свой час былі ў мяне, — адзначае Ганна Сяргееўна.

На яе думку, усё большую папулярнасць набывае паняцце “віртуальная лабараторыя”.

— Тут я прытрымліваюся кансерватыўнай пазіцыі. Дослед можна лічыць праведзеным, калі вучань быў непасрэдным яго ўдзельнікам, — тлумачыць педагог.

Кожны год вучні Ганны Сяргееўны прымаюць удзел у навукова-практычных канферэнцыях і конкурсе “Энергамарафон”. Для іх такі напрамак — магчымасць самастойна прыйсці да высноў, заканамернасцей і адчуць задавальненне ад гэтага.

— Памятаю, некалькі гадоў назад для аднаго праекта разам з адзінаццацікласнікамі паўтаралі эксперымент некалькі разоў. Гэта было даследаванне працэсу гальванапластыкі. Дослед быў не імгненны, і ацаніць яго вынікі юныя даследчыкі прыходзілі амаль кожны перапынак. Але неабходны працэс усё ніяк не запускаўся. Важна, што на пытанне, чаму так адбываецца, адказ яны сфармулявалі самі. Аргументавалі, чаму трэба павялічыць магутнасць падачы напружання ў самым пачатку доследу, і нарэшце атрымалі жаданы вынік. Дзеці лічылі гэта сваёй перамогай, а яшчэ большай перамогай гэта было для мяне, — успамінае Ганна Роўгач.

Яна глыбока пераканана, што галоўнае для любога педагога — уба­чыць у дзіцяці асобу і не столькі ву­чыць, узвышаючыся над ёй, колькі стаць надзейным спадарожнікам на шляху да ведаў.

— Фізікай важна зацікавіць яшчэ да першых вучэбных заняткаў, што я актыўна практыкую. У межах штогадовай гадзіны займальнай фізікі, якая праводзіцца ў нашай школе, разам са сваімі вучнямі дэманструю доследы для вучняў 5-х і 6-х класаў. У 7-ы яны прыходзяць з палаючымі вачыма і жаданнем умець рабіць гэтак жа, — дзеліцца педагог. — Сёння мы часта гаворым пра міждысцыплінарныя сувязі. А ў фізіцы гэтыя сувязі заўсёды былі шырока прадстаўлены. Гэта дысцыпліна, якая аб’ядноўвае фактычна ўсе прадметы. У яе вывучэнні не будзе прагрэсу без матэматычнай падкаванасці і дакладных уяўленняў аб навакольным свеце, умення правільна фармуляваць сваю думку. Царыцай навук справядліва называюць матэматыку, але і фізіка ад яе далёка не адышла.

Многія яе выпускнікі, вызначаючы сваю прафесійную траекторыю, для паступлення выбралі менавіта фізіка-матэматычныя факультэты розных УВА. Значная частка дзяцей атрыманыя веды паспяхова прымяняе ў вытворчай сферы. Ёсць і прыклады, калі любоў да прадмета і павага да настаўніка прывялі ў педагогіку.

— Выпускнік Сяргей Баброўскі сёння мой калега, які працуе ў Елкаўскай сярэдняй школе Зэльвенскага раёна, — прыводзіць прыклад Ганна Сяргееўна.

У яе жыцці педагогіцы прысвечаны ўвесь час і ўсе думкі. Настаўніца з жартам заўважае, што самы страшны яе сон — той, у якім забыла тэму ўрока. І сцэнарый развіцця падзей у ім заўсёды нязменны: хваляванні да таго моманту, пакуль яна не ўспом­ніць усё, і бясконцая прапрацоўка ходу ўрока пасля.

— Калі б у мяне была магчымасць яшчэ раз выбраць шлях свайго прафесійнага станаўлення, педагогіку б не прамяняла ні на што. І на гэта шмат прычын. Галоўная — наша прафесія не дазваляе старэць душой, — адзначае Ганна Роўгач.

Зусім хутка яе працоўны стаж будзе ісці паралельна пенсіённаму, але думкі аб адпачынку суразмоўніца пакуль не дапускае. Для яе жыццё — школа, а школа — жыццё.

— Нават з папраўкай на вялікі стаж не наракаю на працоўны графік шэсць дзён у тыдзень з нулявога па сёмы ўрок. У раскладзе нашых школьнікаў стаяць мае ўрокі фізікі, астраноміі, інфарматыкі, а ў некаторых класах яшчэ і матэматыкі. Акрамя таго, па суботах працую з вучнямі іншых школ раёна. У нашай установе адукацыі функцыянуе цэнтр дапрызыўнай і медыцынскай пад­рыхтоўкі, дзе вяду заняткі ў дзяўчат, — тлумачыць суразмоўніца.

Ганна Сяргееўна ўпэўнена, што прызнанне да настаўніка прыхо­дзіць, калі да яго вяртаюцца выпускнікі, каб падзяліцца сваімі поспехамі, калі ён бачыць, што яны адбыліся як асобы, стварылі моцныя сем’і. У першыя кастрычніцкія выхадныя ў адказ на віншаванні былых вучняў Ганна Сяргееў­на абавязкова не аднойчы скажа “дзякуй”. Гэтай традыцыі ў яе жыцці ўжо шмат гадоў.

Кацярына  МАЦЕВІЧ
Фота аўтара