Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ігар Захараў робіць усё магчымае, каб матываваць і настроіць на перамогі сельскіх школьнікаў

- 10:02Образование

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Дабрынскай сярэдняй школы Ельскага раёна Ігар Захараў робіць усё магчымае, каб матываваць і настроіць на перамогі сельскіх школьнікаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

За сваю працяглую кар’еру Ігар Захараў выхаваў нямала тытулаваных спартсменаў, сярод якіх 2 майстры спорту па лыжных гонках і 4 кандыдаты ў майстры спорту па біятлоне. Таксама яго выхаванцы перамагаюць на раённых, абласных, рэспуб­ліканскіх спартакіядах па лыжных гонках, на першынстве Гомельскай вобласці па лёгкаатлетычным кросе, становяцца лепшымі на абласных спаборніцтвах мнагаборства “Абаронца Айчыны” і іншых буйных стартах. Калі спытаць у школьнікаў, да каго яны прый­дуць па параду ці дапамогу, каб вырашыць рознагалоссі з аднагодкамі ці падзяліцца добрымі навінамі, то яны без усялякіх сумненняў адкажуць, што да Ігара Анатольевіча.

 Педагогу неверагодным чынам удаецца спалучаць у сабе лідара і духоўнага настаўніка. Ён чуе і разумее сваіх вучняў, аб’ядноўвае іх. Захоплены, вопытны, адданы справе педагог удзячны сваім настаўнікам і трэнерам, якія калісьці і яму дапамаглі палюбіць спорт. Дарэчы, у дзяцінстве ён актыўна займаўся веславаннем і дасягнуў сур’ёзных поспехаў. Спартыўныя перамогі матывавалі яго стаць правадніком у спорт для іншых дзяцей.

— Пачаў займацца веславаннем у 5 класе ў Калінкавічах, потым працягнуў у Мазыры, — расказвае настаўнік. — У маім дзяцінстве было модна трэніравацца на байдарках і каноэ, славілася і спартыўная школа. Дзякуючы спорту, я пазнаё­міўся і пасябраваў з алімпійскім чэмпіёнам Раманам Петрушэнкам. У мяне было яркае, насычанае жыццё: займаўся ў басейне, удзель­нічаў у спаборніцтвах, ездзіў у паходы і на спартыўныя зборы. З часам вырашыў пасту­піць у тады яшчэ Мазырскі педуніверсітэт імя Н.К.Крупскай. Па размеркаванні трапіў у Ельскі раён, і за час адпрацоўкі мае выхаванцы сталі дасягаць спартыўных вяршынь. Таму я вырашыў застацца працаваць у сельскай школе. Прызнацца, не планую нічога мяняць, мне даспадобы вучыць сельскіх дзяцей і выхоўваць у іх любоў да здаровага ладу жыцця. Які б шлях вучань ні выбраў пасля школы, спорт дапаможа прайс­ці яго лягчэй і больш паспяхова.

Аб сваім прафесійным выбары герой пуб­лікацыі ні разу не пашкадаваў. І сёння, як і многія гады, пераконвае вучняў, што заняткі фізкультурай садзейніча­юць як умацаванню здароўя, так і ўсебаковаму фізічнаму развіццю. Навучэнцы спяшаюцца на ўрокі фізкультуры, на якіх можна паспаборні­чаць з аднагодкамі ці, напрыклад, паспрабаваць абысці на ролерах настаўніка. Ігар Анатольевіч вучыць дзяцей верыць у сябе і свае сілы.

— Ніколі не стаўлю сябе вышэй за вучня. Вядома, дзесьці можна быць і строгім з дзецьмі, дзесьці добрым, але заўсёды стараюся ў першую чаргу быць ім лепшым таварышам, настаўнікам і трэнерам, — працягвае аповед Ігар Анатольевіч. — Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, матываваць іх на дастойныя вынікі, з малых гадоў выхоўваць у іх стойкасць духу, характар і імкненне ўпэўнена ісці да мэты. І вучні пачынаюць разумець: калі самааддана займацца спортам, можна дасягнуць высокіх вынікаў. Вельмі радуе, што для дзяцей адкрываюцца шырокія магчымасці, шлях да спартыўных перамог. Да таго ж спорт, як кажуць, і ў жыцці дапамагае. Дзеці становяцца больш арганізаванымі, развіваюць лідарскія навыкі, што ў будучыні дазваляе ім заставацца прадукцыйнымі на рабоце. Фізічная актыўнасць дапамагае пазбягаць выгарання, павышае самаацэнку, робіць чалавека больш канкурэнтным у прафесійным і асабістым плане.

Педагог дзеліцца, што яго навучэнцы актыўна правялі час у летнім аздараўленчым лагеры. Ён расказвае пра велападарожжа са старшакласнікамі, падчас якога ўдалося пераадолець 1000 кіламетраў.

— Раней з дзецьмі хадзілі ў паходы, і вось трэці год запар з навучэнцамі 9 і 11 класаў адпраў­ляемся ў велатур, падчас якога наведваем знакавыя і гістарычныя мясціны нашай слаўнай Беларусі, — адзначае настаўнік. — Гэтым летам за 8 дзён нам удалося пераадолець маршрут праз Калінкавіцкі раён з наведваннем мемарыяльнага комплексу ў памяць аб ахвярах лагераў смерці — канцлагер “Азарычы”. Далей паехалі ў мемарыяльны комплекс “Ала” (былі там упершыню і вельмі ўразіліся), музейны комплекс “Чырвоны Бераг”, мемарыяльны комплекс “Трасцянец”, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, мемарыяльны комплекс “Хатынь”.

Любаваліся акваторыяй возера Нарач, падрабязней даведаліся пра адзін з самых высокіх храмаў Беларусі — касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Гервяты. Былі і ў Гальшанскім, і ў Лідскім замках, у Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры, Белавежскай пушчы і Брэсцкай крэпасці. Раней прыя­зджалі ў Нясвіжскі і Мірскі замкі. Больш за ўсё нам спадабалася ў Белавежскай пушчы, было доб­рае надвор’е, можна было пакруціць педалі і атрымаць асалоду ад маляўнічай прыгажосці гэтага цудоўнага, запаветнага месца, ад цішыні і разнастайнасці прыроды. Уразіліся, пабываўшы на Вілейскім вадасховішчы — самым буйным штучным вадаёме Беларусі.

Напярэдадні прафесійнага свята — Дня настаўніка — скарбонка асабістых дасягненняў і ўзна­гарод папоўнілася, бадай, самай важнай: Ігару Захараву ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі нагрудны знак Міністэрства адукацыі Беларусі “Выдатнік адукацыі”. Педагог адзначыў, што падчас урачыстасці пачуў шмат добрых слоў ад калег і прысутных:

— Прызнацца, прыемна атрымаць такую ўзнагароду, адчуваю пачуццё гордасці, нават расхваляваўся. Для мяне такая высокая ацэнка стала пацвярджэннем таго, што я ўсё раблю правільна. Не перастаю адчуваць адказ­насць у сваёй штодзённай рабоце з дзецьмі. Упэўнены, што кожны настаўнік працягваецца ў сваіх вучнях, а таму і надалей бу­дзем працаваць на вынік.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва Ігара ЗАХАРАВА