Дар’я Умрэйка: «Важна зацікавіць вучня тым, чым захапляешся сам. Дзеці — вельмі чулы барометр»

- 14:17Первое рабочее место

Неяк у школьную бібліятэку забегла кампанія дзяўчынак­-пяцікласніц. Вясёлыя, шчабятлівыя, яны актыўна дзяліліся эмоцыямі пра будні навучальнага года.

Вядома, у выдатніц вучобы і эмоцыі на вышыні. Тым больш у пяцікласніц, якія чарговы навучальны год пачалі ўжо з новымі настаўнікамі-прадметнікамі. Але раз-пораз яны забяга­юць у клас да сваёй першай настаўніцы, бо хто, як не яна, зразумее, пахваліць, дасць патрэбную параду.

— І які ў вас зараз любімы ўрок? — спытала яна ў дзяўчынак.

— Фізкультура! — дружна адказалі сяброўкі-выдатніцы, чым адначасова і здзівілі. — Ды не здзіўляйцеся так! Фізкультуру ў нас вядзе Дар’я Сяргееўна, а з ёй так класна, весела, нават не заўважаеш, калі звініць званок з урока.

Педагагічны калектыў уз­дзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.Крапівы Дар’я Сяргееўна Умрэйка афіцыйна папоўніла ў гэтым навучальным го­дзе. Прыйшла сюды як малады спецыяліст пасля заканчэння Нясвіжскага педагагічнага каледжа імя Якуба Коласа. “Пасвячэнне” ў прафесію адбылося яшчэ летась, калі на працягу другога паўгоддзя Дар’я Сяргееўна ў гэтай школе праходзіла практыку — выкладала ўрокі фізкультуры і здароўя.

Калі ж гаварыць пра знаёмства маладога спецыяліста з калектывам, то і тут ёсць свая фішка. Дар’я Умрэйка — выпускніца ўздзенскай сярэдняй школы № 2 і ў прафесію прыйшла свядома, дзякуючы сваім настаўнікам. Кумірамі для яе былі Ганна Уладзіміраўна Траццяк, Кацярына Віктараўна Гарбацэвіч, Таццяна Мікалаеўна Лапаціна. У свой час усе яны працавалі настаўніцамі фізкультуры ў гэтай школе. Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, басейн “Брыз”, фізкультурна-аздараўленчы комплекс — цяперашнія месцы работы гэтых спецыялістаў.

— Прафесію я выбрала дзякуючы сваім школьным настаўнікам фізкультуры, — прызнаецца Дар’я Умрэйка. — Гледзячы на іх, мне заўсёды хацелася стаць настаўніцай. І вось мая мара здзейснілася. Спадзяюся, што дзякуючы ўрокам і мае вучні пачнуць захапляцца спортам і бу­дуць зай­мацца фізічнымі практыкаваннямі нават па-за ўрокамі. Таксама спадзяюся, што, дзякуючы ведам, атрыманым на занятках, некаторыя змо­гуць атрымаць добрую базу і дасягнуць высокіх спартыўных вынікаў, а ўсе астатнія — умацаваць здароўе.

Не ўсе стануць у дарослым жыцці чэмпіёнамі, спартсменамі, але палепшыць фізічную форму, атрымаць дозу адрэналіну ад фізічных практыкаванняў, спартыўных гульняў, заплываў і забегаў — дарагога варта.

Як кажуць, усё трэба ра­біць своечасова. Гэтая прос­тая і важная ісціна датычыцца і працэсу навучання. Як важна, напрыклад, навучыцца гу­ляць у камандныя спартыўныя гульні, каб потым у кампаніі сяброў адчуваць сябе ўпэўненым гульцом, а не пасіўным назіральнікам. Такіх людзей заўсёды паважаюць, з імі лічацца.

— Менавіта ў школе я палюбіла валейбол, — адзначае Дар’я Сяргееўна. — На ўроках мы гулялі з азартам, часта ўдзельнічалі ў спаборніцтвах. Пасля, калі ўрокі стала весці Кацярына Віктараўна, я захапілася яшчэ і баскетболам. Для настаўніка гэта самае важнае — зацікавіць вучня тым, чым захапляешся сам. Дзеці — вельмі чулы барометр, фальш яны адчуваюць адразу.

Тыдзень спорту і здароўя звычайна дае старт прадметным школьным “забегам”. Сёлета на працягу тыдня школьнікі ўдзельнічалі ў раённай спартакіядзе, дзе ў спаборніцтвах па баскетболе 3´3 занялі 1-е (юнакі) і 2-е (дзяўчаты) месцы. Да звычайных заняткаў у басейне дабавіліся дадатковыя заплывы. Ніхто не адмяняў урокі і на школьным стадыёне, які, дарэчы, абноўлены да гэтага навучальнага года. І ў гэтай спартыўнай кагорце вучняў і калег-настаўнікаў упэўнена адчувае сябе і малады спецыяліст Дар’я Сяргееўна Умрэйка.

На пытанне, ці не складана пачынаць працоўную біяграфію там, дзе яшчэ ўчора была вучаніцай, Дар’я Сяргееўна адказвае:

— Не складана. Наадварот, настаўнікі заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, даць параду, за што я вельмі ўдзячна ім.

Так камфортна, напэўна, адчувае сябе кожны, хто прыходзіць у прафесію свядома і мэтанакіравана, а тым больш у знаёмыя сцены. Дарэчы, педагагічны калектыў названай школы вылучаецца тым, што ў яго складзе паўтара дзясятка выпускнікоў гэтай жа школы. Як паказвае практыка, такая традыцыя захоўваецца.

 Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ,
загадчыца бібліятэкі ўздзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.Крапівы