Сярод школьнікаў Віцебскага раёна ўсё большую папулярнасць набывае спартыўны турызм. Шмат гадоў гэтаму спрыяе педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна Дзмітрый Раздробенка. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Рознабаковае развіццё
Дзмітрый Уладзіміравіч — кіраўнік раённага турыстычнага клуба “Вяршыня” Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Рэспубліканскага турыстычна-спартыўнага саюза, майстар спорту і суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі па турызме. Аматарам гэтага віду спорту ён стаў яшчэ пяцікласнікам і на ўсё жыццё. Пазней, хоць адразу выбраў для сябе іншую прафесію, у спорт вярнуўся ўжо як педагог. І не проста вярнуўся — ён імкнецца папулярызаваць турызм і даць магчымасць дзецям і моладзі адчуць рамантыку і азарт ад гэтага віду спорту. Цяпер секцыі па турызме ў раёне вядуць ужо яго выпускнікі.
— Спартыўны турызм — спецыфічная сфера, якая патрабуе адмысловых навыкаў. Тут пераплятаюцца веды і ўласна турызму, і альпінізму, выратавальных работ. Плюс неабходны інвентар, аснашчэнне. Не ў кожнай школе гэта арганізуеш, — падкрэслівае педагог.
У свой час якраз на абсталяванне спартыўных залаў рабіў ухіл Дзмітрый Уладзіміравіч, каб дзеці маглі займацца па месцы жыхарства. У прыватнасці, у Альгоўскай, Запольскай, Янавіцкай, Ноўкінскай, Суражскай школах ён з паплечнікамі абсталяваў залы. Цяпер там вядуць секцыі па турызме і яго выпускнікі, і выпускнікі Таццяны Кавалёнак, якая некалі сама трэніравалася ў Дзмітрыя Раздробенкі.
Клуб “Вяршыня” стаў для яго выпускнікоў стартам у прафесію. Яны становяцца не толькі настаўнікамі фізкультуры і здароўя, але і ратавальнікамі, займаюцца пошукамі людзей, прамысловым альпінізмам, арбарыстыкай і інш.
У чым жа перавагі гэтага віду спорту? Іх пералічваць педагог можа доўга:
— Ён развівае розныя навыкі: фізічныя (хуткасць, лоўкасць, вынослівасць, маторыку), тактычныя (трэба ж прадумваць, планаваць, разлічваць), разумовыя (у спартыўным арыентаванні галоўнае — умець чытаць карты, арыентавацца на мясцовасці) і інш. Таксама дзеці вучацца быць настойлівымі, уменню пераадольваць цяжкасці, перашкоды. І не толькі фізічна, але і псіхалагічна.
Заняткі клуба “Вяршыня” праходзяць у Альгоўскай базавай школе імя піянера-героя Геры Шчарбакова Віцебскага раёна. Тут пад столлю спартзалы на розных узроўнях нацягнуты вяроўкі, на сценах — мноства выступаў і зачэпак, устаноўлены мацаванні і карабіны. Яны разлічаны на розную падрыхтаванасць юных спартсменаў.
— Мы прымаем у секцыю дзяцей з 5—6 класаў, але чым яны старэйшыя, тым больш вынослівыя, адпаведна, больш цікава і разнастайна можна арганізаваць заняткі. Так, з больш дарослымі школьнікамі мы займаемся не толькі пешаходным турызмам, але і веласіпедным, водным, лыжным і інш. Удзельнічаем у круглагадовай спартакіядзе. Яна праводзіцца і для навучэнцаў, і для педагогаў. Сярод старшых навучэнцаў рыхтуем раённую каманду для ўсіх абласных спаборніцтваў. Выхаванцы клуба ўваходзяць у зборную вобласці і прымаюць удзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах, — расказвае Дзмітрый Раздробенка.
Лепш за горы месца не знойдзеш
Спартыўны турызм — гэта не толькі турыстычна-прыкладное мнагаборства. Не менш любімыя ў дзяцей і педагога спартыўна-турыстычныя паходы. Да іх далучаюцца нават самыя юныя ўдзельнікі.
— З малодшымі дзецьмі мы ходзім у вандроўкі па раёне, па Віцебскай вобласці, па іншых рэгіёнах Беларусі. Арганізоўваем і велапаходы, сплаўляемся на байдарках па рэках Беларусі. А са старшымі адпраўляемся ў складаныя шматдзённыя катэгарыйныя паходы. У прыватнасці, апошнія 2 гады гэта былі паходы III катэгорыі складанасці. Так, летась выбралі Каўказ і паднімаліся на Эльбрус, сёлета — Хібінскія тундры, ці Хібіны, на Кольскім паўвостраве ў Мурманскай вобласці, — узгадвае педагог.
Усе ўдзельнікі паходу на працягу года праходзілі грунтоўную падрыхтоўку — як фізічную, так і тэхнічную, развівалі свае навыкі і веды, у тым ліку па выкарыстанні альпінісцкага інвентару, аказанні першай дапамогі, трэніраваліся, павышаючы вынослівасць арганізма. Цікава, што апошнім разам да каманды далучыўся і тата аднаго з удзельнікаў — Арсенія Мароза, ужо студэнта Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Бацька хацеў паглядзець, чым так захапіўся яго сын, і нечакана для сябе захапіўся сам.
— Па Кольскім паўвостраве за 8 дзён прайшлі 130 кіламетраў, пераадолелі 8 перавалаў рознай складанасці, у тым ліку Ферсмана, які мы праходзілі са спецыяльным абсталяваннем — у сістэмах, з карабінамі і вяроўкамі. Нам моцна пашанцавала з надвор’ем: было сонечна, таму мы не толькі адчулі задавальненне ад самога паходу, але і змаглі ўбачыць усю прыгажосць гор, — адзначае Дзмітрый Раздробенка.
Бадай, горы — адзінае месца, дзе ты застаешся сам-насам з прыродай, з самім сабой, нават калі пераадольваеш шлях у звязцы.
Не паспелі турысты вярнуцца з таго паходу, як пачалі планаваць наступны. Як варыянты разглядаюць больш сур’ёзныя вяршыні: гару Казбек, што побач з Эльбрусам, і горны масіў Цянь-Шань у Кыргызстане.
Удзельнікі турыстычнага клуба “Вяршыня” ўзнялі сцягі Беларусі і Віцебскага раёна на самай высокай гары Еўропы і Расіі — Эльбрус заходні, вышыня якой складае 5642 метры.
І ў камандным заліку, і ў асабістым
Даніла Рамчанка, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Янавіцкай сярэдняй школы Віцебскага раёна, штогод вяртаецца з перамогамі са спаборніцтваў па спартыўным турызме. Прызёрамі неаднаразова станавіліся і яго вучні.
— Спартыўным турызмам я зацікавіўся, калі вучыўся ў Запольскай сярэдняй школе. Тады да нас прыйшла новая настаўніца фізкультуры Таццяна Валянцінаўна Кавалёнак. Праўда, яна не хацела мяне браць на заняткі, бо я быў яшчэ маленькім. На першыя ў маім жыцці раённыя спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні трапіў выпадкова: адзін з удзельнікаў не змог паехаць, і мне прапанавалі яго замяніць. Выступіў я добра, таму мяне запісалі ў секцыю і пачалі трэніраваць, — успамінае настаўнік.
Яшчэ калі Даніла Рамчанка быў школьнікам, пра яго спартыўныя поспехі не раз расказвалася ў “Настаўніцкай газеце”. На рахунку юнага спартсмена было мноства перамог і на абласных, і на рэспубліканскіх, і на міжнародных спаборніцтвах — і ў камандным заліку, і ў асабістым. Пасля школы ён паступіў на завочнае аддзяленне ў ВДУ імя П.М.Машэрава (факультэт фізкультуры і спорту), дзе заканчвае ўжо апошні курс. А пасля службы ў арміі стаў працаваць у Янавіцкай школе.
Тут Даніла Сяргеевіч рэалізуецца не толькі як настаўнік, але і як спартсмен. Ён штогод выязджае на спаборніцтвы і традыцыйна вяртаецца з перамогамі. Летась у складзе зборнай Беларусі ездзіў у Рэспубліку Марый Эл, восенню — у Маскву на “Гонку чатырох”. Сёлета ён з Таццянай Валянцінаўнай прымаў удзел у Кубку свету па спартыўным турызме на пешаходных і веласіпедных дыстанцыях, які праходзіў ва Узбекістане. Там яны сталі прызёрамі і пераможцамі ва ўсіх дысцыплінах: занялі каманднае 1-е месца ў змешанай эстафеце на дыстанцыі фігурнага ваджэння, 2-е і 3-е месцы ў асабістых першынствах на пешаходных дыстанцыях і атрымалі “бронзу” ў эстафеце сярод змешаных каманд.
Перамогі ў спартыўным турызме заваёўваюць ужо вучні Данілы Рамчанкі. Сярод іх найбольш надзей падае 9-класнік Аляксей Шыпіцын, які не раз быў прызёрам у вобласці.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены турыстычным клубам “Вяршыня”