Як будуць арганізаваны асеннія канікулы для мінскіх школьнікаў, расказалі ў камітэце па адукацыі

- 11:15Образование

У перыяд асенніх канікул у Мінску будуць працаваць 260 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем, разлічаных на 14 тысяч школьнікаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Наша галоўная задача — забяспечыць максімальную занятасць дзяцей, даць ім магчымасць для актыўнага адпачынку, аздараўлення і развіццёвага вольнага часу, — адзначыла старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна.

З 28 кастрычніка па 1 лістапада на базе школ і гімназій горада запланавана адкрыццё аздараўленчых лагераў, дзе школьнікам будзе прадастаўлена трохразовае харчаванне і комплекс аздараўленчых і выхаваўчых мерапрыемстваў. Рэс­публіканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніц­тва вызначаны памер грашовых сродкаў на патанненне кошту пуцёўкі. Пры гэтым сума бацькоўскай даплаты будзе вар’іравацца ад 5 да 13 рублёў у залежнасці ад узросту дзіцяці.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена аздараўленню і занятасці непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і тых, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. У аздараўленчых лагерах плануецца адпачынак каля 1400 такіх дзяцей. Прычым гэтая лічба не канчатковая.

Для школьнікаў падрыхтаваны шматлікія тэматычныя мерапрыемствы. Так, 29 кастрычніка пройдзе адзіны гарадскі ўрок бяспекі, на які запрошаны 190 непаўналетніх, якія ўчынілі супрацьпраўныя дзеянні сёлета. У мерапрыемстве таксама прымуць удзел прадстаўнікі службаў наркакантролю, інспекцыі па справах непаўналетніх, спецыялісты гарадскога цэнтра дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі.

Другі год у сталіцы рэалізуецца спартыўна-аздараўленчы праект, у якім удзельнічаюць непаўналетнія, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, і выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў. На канікулах яны паспаборнічаюць у валейболе і дартсе.

Для ўсіх школьнікаў сталіцы пройдуць фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы. Так, на спартыўных базах гандбольнага клуба “СКА-Мінск” і баскетбольнага клуба “Мінск” адбудуцца спаборніцтвы навучэнцаў і спартсменаў, майстар-класы, інтэрактыўныя гульні і аўтограф-сесіі. Завершыцца акцыя музейным урокам у Нацыянальным алімпійскім камітэце і сустрэчай з вядомымі беларускімі спартс­менамі.

Не менш цікавую праграму для юных мінчан падрыхтавалі сацыяльна-культурныя ўстановы сталіцы. 28 кастрычніка стартуе гарадская акцыя “Мы запрашаем вас у музей”. Прадугледжаны экскурсіі, наведванне школьных музеяў. Таксама запланавана больш за 360 паездак па месцах баявой і працоўнай славы бела­рускага народа.

Не застануцца школьнікі і ў баку ад працоўных акцый, арганізаваных пад эгідай восеньскага месячніка па прыбіранні і добраўпарадкаванні сталіцы. 

Павышаная ўвага будзе ўдзелена і прафарыентацыйнай рабоце. Так, з 28 кастрычніка па 1 лістапада пройдуць кірмашы мэтавай падрыхтоўкі. 35 прадпрыемстваў і арганізацый Мінска, якія з’яўляюцца заказчыкамі кадраў, прымуць выпускнікоў 9—11 класаў. У гэтыя ж тэрміны ва ўсіх каледжах адбудуцца дні адкрытых дзвярэй, майстар-класы, тэматычныя экскурсіі ў вытворчых майстэрнях. Адзіны дзень прафарыентацыі прой­дзе ў Мінску 2 лістапада.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва рэдакцыі, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі