З кнігай на ты: педагог дадатковай адукацыі Настасся Растоўцава расказвае, як прывіць цікавасць да чытання

- 15:30Образование

Чытанне — адзін з самых дзейсных спосабаў развіцця пазнавальнай актыўнасці і фарміравання аналітычных кампетэнцый у дзяцей. Ці ёсць у кніг сёння, у час імклівага развіцця сучасных тэхналогій і сродкаў камунікацыі, шанс заваяваць папулярнасць сярод навучэнцаў? Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дакладны адказ на гэтыя пытанні ведае педагог дадатковай адукацыі сярэдніх школ № 1 і № 2 Копішча Мінскага раёна Настасся Растоўцава. Настаўніца распрацавала вучэбна-метадычны дапаможнік “Сучасныя педагагічныя практыкі: інавацыйнае адукацыйнае асяроддзе як сродак фарміравання ў дзяцей цікавасці да чытання”, праект “Кропкі сутыкнення” і некалькі адукацыйных праграм, якія накіраваны на папулярызацыю літаратуры сярод дзяцей і развіццё ў іх крэатыўнага і крытычнага мыслення.

— Настасся Станіславаўна, у чым сэнс і арыгінальнасць адукацыйнай праграмы “БіАрт”? На якіх педагагічных прынцыпах грунтуюцца вашы рас­працоўкі?

Галоўны сэнс заключаецца ў першую чаргу ў інавацыйнасці. “БіАрт” аб’ядноўвае выяўленчае мастацтва, сэнсавае чытанне і праектна-творчую дзейнасць, што робіць яе ўнікальнай. Метад спрыяе ўсебаковаму развіццю навучэнцаў, развівае творчае мысленне, навыкі вырашэння задач, практычныя ўменні ў галіне малюнка і жывапісу. Асаблівае значэнне надаецца фарміраванню функцыянальнай адукаванасці: здольнасцям аналізаваць, крытычна ўспрымаць і прымяняць веды ў рэальных сітуацыях.

Таксама праграма выконвае выхаваўчую функцыю, дапамагае дзецям усведамляць сваю ролю ў грамадстве. Знаёмства з культурнай спадчынай Беларусі праз літаратуру і мастацтва спрыяе фарміраванню павагі да гісторыі і традыцый, развівае пачуццё грамадзянскай адказнасці і патрыятызму.

Акрамя “БіАрт”, я распрацавала “Экаэскіз” і “Экаэскізпро”. Усе яны адпавядаюць нацыянальным стандартам, маюць метадалагічную аснову: праграмы грунтуюцца на вучэбна-метадычным дапаможніку. Ён, у сваю чаргу, змяшчае перадавыя педагагічныя метады і падыходы, дэталізаваныя рэкамендацыі і практыка-арыентаваныя прыёмы па далучэнні дзяцей да чытання, развіцці ў іх крэатыўнага і крытычнага мыслення.

Арыгінальнасць адукацыйных праграм заключаецца ў інтэграцыі выяўленчага мастацтва і літаратуры. Гэта дазваляе дзецям спасцігаць літаратурныя творы праз творчасць і развіваць не толькі мастацкія навыкі, але і крытычнае мысленне, уяўленне і крэатыўнасць. Такі падыход дапамагае вучням свядома выбіраць творчыя прафесіі, а таксама фарміруе такія важныя навыкі, як уменне працаваць у камандзе, адаптыўнасць і ажыццяў­ленне праектнай дзейнасці.

Практычная частка праграмы “БіАрт” на­кіравана на праектную дзейнасць як найбольш эфектыўную форму. Стварэнне навучэнцамі творчых работ грунтуецца на аналізе літаратурных твораў, прачытаных як падчас вучэбных заняткаў, так і ў рамках самастойнага пазакласнага чытання. Акрамя таго, дзеткам прапануюцца розныя творчыя заданні па змесце прачытанага твора: разыгрыванне дыялогаў, эпізодаў, пастаноўка жывых карцін з выкарыстаннем руху, мімікі, жэстаў, чытанне па ролях, літаратурныя гульні і інш. Такім чынам, педагог стварае інавацыйнае развіццёвае асяроддзе, дзе асобасна арыентаванае стаўленне да навучэнцаў суправаджаецца выкарыстаннем розных дыдактычных падыходаў: навучанне ў працэсе, сумеснае навучанне, камандная работа і г.д. Формамі арганізацыі дзейнасці на занятках могуць быць як групавая, так і індывідуальная. Замацаванне атрыманых ведаў і ўменняў, адпрацоўка практычных навыкаў, іх прымяненне на практыцы ажыццяўляюцца ў ходзе самастойнай творчай работы.

Закранаючы пытанне педагагічных прынцыпаў, адзначу, што сярод іх аддаю перавагу мэтанакіраванасці, навуковасці, нагляднасці і даступ­насці, асобасна арыентаванаму падыходу да навучання і выхавання, сістэматычнасці і паслядоўнасці. Таксама для мяне важныя ўсвядомленасць і актыўнасць дзяцей у засваенні ведаў і іх прымяненні, гарманізацыя інтэлектуальнай і эмацыянальнай сфер. Упэўнена: кожныя заняткі павінны быць для навучэнца ў чымсьці новымі, пазнавальнымі і заўсёды цікавымі. У межах любой тэмы вучань можа імправізаваць, фантазіраваць, праяўляць індыві­дуальнасць, асабісты вопыт.

— Якую ролю ў гэтым адводзіце педагогу?

Галоўная задача педагога — наладзіць успрымальнасць навучэнца да творчага, вобразнага светаадчування і паступова развіць яго індывідуальнасць і творчы патэнцыял. Падчас тэарэтычнага навучання важнай формай з’яўляецца творчы дыялог паміж выхаванцамі і педагогам, бо менавіта ён спрыяе абмену ідэямі і развіццю творчых зносін. Напрыклад, вядучымі метадамі ў блоку “Мастацкае слова” з’яўляюцца метад чытання з прыпынкамі, метад чытання-разглядвання і аналіз літаратурнага твора. Ён праводзіцца ў форме практычнай работы з тэкстам — акцэнтнага чытання ўрыўкаў з апісаннем дзеянняў герояў, карцін прыроды, вобразных слоў і выразаў, слоў-носьбітаў, якія характарызуюць герояў і персанажаў, слоў, якія ўказваюць на пачуцці і настрой, і інш. Правядзенне заняткаў прадугледжвае асэнсаванне эмацыянальнага зместу твора, чытанне ўголас дыялогаў, эмацыянальна насычаных урыўкаў тэксту, пошук варыянтаў дакладнай перадачы пачуццяў, настрою, стану герояў. Методыка правядзення заняткаў падразумявае стварэнне адрознай ад урока псіхалагічнай абстаноўкі, якая павінна спрыяць развіццю асацыятыўнага, інтуітыўнага, вобразнага мыслення кожнага наву­чэнца.

— Як вам удалося аб’яднаць выяўленчае мастацтва, чытанне і праектна-творчую дзейнасць?

Інтэграцыя асноў выяўленчага мастацтва, сэнсавага чытання і праектна-творчай дзейнасці ў маіх адукацыйных праграмах пабудавана на спалучэнні, якое дазваляе прымяняць комплексны падыход да развіцця дзяцей.

Заняткі пачынаюцца з асэнсавання літаратурнага твора: чытаючы, абмяркоўваем сюжэт, характары герояў, эмацыянальнае напаўненне тэксту, сімвалізм. Гэта дазваляе не проста зразумець змест, але і адчуць глыбіню твора.

Пасля гэтага навучэнцы перахо­дзяць да выяўленчага мастацтва, дзе іх задача — візуалізаваць свае ўражанні, інтэрпрэтаваць прачытанае. Для гэтага выкарыстоўваем разнастайныя тэхнікі і матэрыялы: акварэль, туш, пастэль. Яны патрэбны, каб стварыць ілюстрацыі, якія прадэманструюць індывідуальнае бачанне тэксту кожным дашкольнікам ці школьнікам. Такая работа развівае не толькі тэхнічныя навыкі, але і крэатыўнасць, вучыць працаваць з кампазіцыяй, колерам і формай.

Праектна-творчая дзейнасць служыць сувязным звяном: дзеці працуюць над стварэннем больш складаных творчых праектаў, такіх як калектыўныя ілюстрацыі, тэматычныя выставы, уласныя работы і інш. У ходзе гэтай работы яны вучацца планаваць, супрацоўнічаць з іншымі, прэзента­ваць свае ідэі і даводзіць пачатае да завяршэння. Гэта ў тым ліку развівае праектнае мысленне, спрыяе развіццю адказнасці ў дзяцей, мэтанакіраванасці і інш.

— Якія вынікі дэманструюць дзеці — удзельнікі вашых праграм?

У тых дзяцей, якія ўдзельніча­юць у адукацыйных праграмах, назіраю значнае развіццё крэатыўнага і крытычнага мыслення, паглыбленне цікавасці да мастацтва і літаратуры, а таксама рост упэўненасці ў сваіх сілах.

Многія вучні пачынаюць больш свядома падыходзіць да прафесійнага самавызначэння, выбіраючы далейшае навучанне ў кірунках, звязаных з творчасцю. Акрамя таго, дзеці становяцца больш адкрытымі і камунікатыўнымі, лепш працуюць у камандзе і паспяхова рэалізуюць свае ідэі ў праектнай дзейнасці. Важна, што яны не толькі атрымліваюць тэхнічныя навыкі, але і развіваюць эмацыянальны інтэлект, вучацца выказваць думкі і пачуцці праз мастацтва.

Што можаце параіць педагогам па развіцці дзіцячай творчасці, крэатыўнага і крытычнага мыслення?

У першую чаргу неабходна стымуляваць уяўленне: прапануйце вучням заданні, якія патрабуюць нестандартнага мыслення і дазваляюць эксперыментаваць з ідэямі. Гэта можа быць работа з рознымі матэрыяламі або стварэнне праектаў на аснове літаратуры і мастацтва.

Не менш важна стварыць бяспечнае і натхняльнае асяроддзе: пераканайцеся, што дзеці адчуваюць сябе свабодна, выказваючы свае думкі і ідэі. Таксама педагогам варта падтрымліваць імкненне выхаванцаў да самавыяўлення, заахвочваць іх смелыя рашэнні і новыя падыходы.

Многія баяцца спалучаць у рабоце розныя дысцыпліны, але гэта бу­дзе толькі на карысць. Таму смела камбінуйце элементы мастацтва, чытання і праектнай работы. Гэта значна пашырыць кругагляд дзяцей і дасць ім магчымасць убачыць сувязі паміж рознымі сферамі ведаў.

Безумоўна, трэба многа ўвагі ўдзя­ляць крытычнаму мысленню. Задавайце школьнікам пытанні, якія прымусяць задумацца, падштурхнуць іх да пошуку пэўных рашэнняў. Падтрымлівайце іх абмеркаванні і дыялогі. Толькі так дзеці могуць навучыцца выказваць свае думкі і абгрунтоўваць іх. І самае важнае: падтрымлівайце індывідуальнасць, прызнавайце і паважайце ўнікальнасць кожнага дзіцяці, яго тэмп і стыль навучання. Толькі ад педагога залежыць, ці змо­гуць выхаванцы раскрыць свае моцныя бакі і знайсці ўласны шлях у творчасці.

Наталля САХНО