Як Галіне Іжмайловіч з Паставаў удаецца сумяшчаць падрыхтоўку алімпіяднікаў, даследчыкаў і ўдзельнікаў творчых конкурсаў

- 9:00Главная, Образование

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Паставаў Галіна Іжмайловіч паспяхова сумяшчае падрыхтоўку дзяцей да алімпіяд, даследчых і творчых конкурсаў. Штогод яе вучні атрымліваюць узнагароды на ўзроўні вобласці і рэспублікі, некаторыя з’яўляюцца пераможцамі адразу некалькіх спаборніцтваў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Галіна Гжаславаўна працуе ў 1-й школе Паставаў з 1998 года. Вярнулася на малую радзіму пасля заканчэння ўніверсітэта і іншага шляху для сябе не ўяўляе. Пайсці ў педагагічную прафесію яе натхніла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Навасёлкаўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна Янія Яўгенаўна Анкудовіч — харызматычны, актыўны, творчы і вельмі пазітыўны чалавек. Яна вучыла дзяцей любіць мову і літаратуру, натхняла на творчыя пошукі, падтрымлівала індывідуальнасць кожнага вучня. Самыя апантаныя яе выхаванцы зрабілі выбар на карысць педагогікі, у тым ліку пяцёра сталі настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў Пастаўскім раёне.

Сумяшчаць падрыхтоўку алімпіяднікаў, даследчыкаў і ўдзельнікаў творчых конкурсаў удаецца далёка не кожнаму настаўніку. Але ў Галіны Іжмайловіч гэта добра атрымліваецца.

— Падрыхтоўка матываванага вучня пачынаецца на ўроках. Менавіта на занятках ствараецца атмасфера паразумення паміж вучнямі і настаўнікам, праводзіцца індывідуальная і камандная работа, падчас якой дзеці праяўляюць свае здольнасці, — адзначае педагог. — Самыя зацікаўленыя вучні ўжо з 5 класа прыходзяць да мяне на заняткі па інтарэсах “Шукаем шэдэўры” і “Літаратурнае краязнаўства”, а таксама на індывідуальныя заняткі. Да кожнай такой сустрэчы я рыхтую творчыя заданні і комплекс практыкаванняў для прапрацоўкі праблемных пытанняў. Але самая важная ўмова поспеху — якасная самападрыхтоўка вучняў, іх асабістая зацікаўленасць у выніку.

Вучні, якіх Галіна Іжмайловіч рыхтуе да абласных спаборніцтваў, звычайна вяртаюцца адтуль з дыпломамі. А многія займаюць прызавыя месцы на ўзроўні рэспублікі.

— Даследчая дзейнасць пачынаецца з праяўлення цікавасці з боку дзяцей да пэўнай тэмы, — гаворыць Галіна Гжаславаўна. — Так, жывы вучнёўскі інтарэс да мясцовых культурных традыцый перарос у навукова-даследчы праект “Традыцыі і сучаснасць: беларуская народная лялька на Пастаўшчыне”, які падрыхтавалі на той момант пяцікласніцы Вікторыя Зелянкевіч, Аляксандра Казлова і Маргарыта Януш. На рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару дзяўчынкі атрымалі дыплом І ступені. Вучаніцы даследавалі і апісалі традыцыі палатнянай лялькі, на аснове ўспамінаў жыхароў стварылі некалькі літаратурных замалёвак, навучыліся выраб­ляць адну з лялек і рэалізавалі даследаванне праз СМІ (нататкі ў газету і інтэрв’ю для мясцовага тэлебачання) і рэсурс Web 2.0. Для рэалізацыі праекта ў інтэрнэце на платформе WordPress быў створаны сайт “Народная лялька на Пастаўшчыне: традыцыі і сучаснасць”.

Творчая і шматгранная даследчыца Вікторыя Зелянкевіч за работу “Фразеа­лагізмы Пастаўшчыны” атрымала дып­лом ІІІ ступені на абласным этапе. А на рэспубліканскім этапе конкурсу “Пад небам сінім” Вікторыя Зелянкевіч і Маргарыта Януш заваявалі дып­ломы ІІ і ІІІ ступеней у намінацыях “Анімацыя” і “Буктрэйлер”. На абласным этапе конкурсу “Жывая класіка” Яна Субко атрымала дыплом ІІІ ступені. Маргарыта Януш і Уладзіслаў Храпун сталі пераможцамі абласнога і заключнага этапаў патрыятычнага праекта “Памяць пакаленняў у імя будучыні” ў намінацыі “Кніга памяці маёй сям’і”. За апошнія тры гады на раённым этапе розных алімпіяд вучні Галіны Іжмайловіч заваявалі 17 дыпломаў: восем з іх — на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды, дзевяць — на раённай алімпія­дзе для 5—8 класаў. З 2021 года вучні бралі ўдзел у абласной алімпіядзе для 7—8 класаў. За гэты час на заключным этапе яны заваявалі шэсць дыпломаў.

Паспяховым быў удзел школьнікаў у трэцім і чацвёртым этапах Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. У перыяд з 2022 года на абласным этапе заваявана пяць дыпломаў. У 2024 годзе Вікторыя Зелянкевіч атрымала дыплом ІІІ ступені на заключным этапе.

— У маім лексіконе няма слова “слабы” вучань, — сцвярджае педагог. — Наадварот, я заклікаю дзяцей праяўляць сілу, працаваць над сабой, вучыцца пераадольваць цяжкасці, сёння быць лепшымі, чым учора. Трэба ўмець працаваць над памылкамі, пераасэнсоўваць вопыт.

А калі ты ўпаў, то знайсці сілы падняцца і ісці далей. Працэс навучання магу параў­наць з батарэйкай у тэлефоне: без зараду (ведаў) гаджэт не працуе. Але падзарадзіцца ведамі даступна кожнаму вучню. Я даю заданні, выконваючы якія кожны з іх можа адчуць сябе паспяховым, атрымаць высокую адзнаку. Хтосьці з дзяцей цудоўна малюе, а хтосьці спявае ці танцуе. Чаму б не прапанаваць такім вучням, напрыклад, правесці на ўроку беларускамоўную фізкультхвілінку ў стылі рэп, праінсцэніраваць байку ці ўрывак з твора, стварыць комікс па матывах літаратурнага твора, “завесці справу” на літаратурнага героя?

Знайшла Галіна Іжмайловіч і спосаб матываваць дзяцей да чытання. На лета яна дае ім заданне весці чытацкі дзённік у форме сторытэлінгу. Прычым вучням дастаткова ўзяць на выбар пяць твораў, прачытаць іх, зрабіць асабістую інтэрпрэтацыю твора мінімум на дзесяць сказаў і адказаць на праблемнае пытанне.

Прыёмы візуалізацыі, або Як убачыць сутнасць праблемы

Фарміраваць даследчую кампетэнцыю ў вучняў, вучыць іх структураваць матэрыял і бачыць сутнасць праблемы Галіне Іжмайловіч дапамагаюць прыёмы візуалізацыі — падача інфармацыі ў выглядзе малюнкаў, фатаграфій, графікаў, дыяграм, структурных схем, табліц, карт і інш.

— У 5—7 класах з дапамогай прыёму “Знайдзі лішняе” мы часта вызначаем тэму ўрока, — гаворыць настаўніца. — Напрыклад, пры вывучэнні адушаўлёных і неадушаўлёных назоўнікаў прапаную візуальныя рады (лялька, вавёрка, хлопчык, сонца і падручнік, гусь, акно, талерка), з якіх вылучаецца лішняе. Суадносіць вядомае і новае дзеці вучацца, запаўняючы табліцу “Ведаю. Хачу даведацца. Даведаўся”. Аналагічны прыём выкарыс­тоўваю пры вывучэнні раздзела “Фанетыка і арфаграфія” і падчас арфаграфічных размінак: 10—12 слоў прашу запісаць пад дык­тоўку, размяркоўваючы іх па групах “Ведаю. Не ведаю. Сумняваюся”. Падзяліць тэкст на часткі можна з дапамогай “Кадр-плана”: на ўроках літаратуры вучні ствараюць малюнак да кожнай часткі тэксту, а на ўроках мовы за аснову бяру толькі прынцып кадравання. З дапамогай апорных слоў і ключавых паняццяў лёгка стварыць шпаргалку і перадаць у ёй сутнасць вучэбнага матэрыялу. Або зрабіць “Двайны дзённік”: да пачатку работы з тэкстам ці правілам чэрціцца табліца, запаўняецца першая калонка (выпісваюцца новыя паняцці), а затым пры аналізе прачытанага запаўняецца другая калонка (фармулююцца пытанні да паняццяў і сціслыя адказы на іх).

Ключавыя паняцці і фармулёўкі вучні Галіны Гжаславаўны выпісваюць і ў загадзя падрыхтаваную форму “Соты”, каб скарыстацца імі, напрыклад, пры падрыхтоўцы да пераказу. Праз канцэптуальную табліцу дзеці параўноўваюць моўныя з’явы: у сярэдняй калонцы табліцы “Лініі параўнання” пералічваюцца крытэрыі, па якіх яны бу­дуць параўноўвацца, а ў калонках, размешчаных па абодва бакі ад цэнтральнай, — інфармацыя для параўнання. Для сістэматызацыі матэрыялу падыдзе добра вядомы кластар, калі ў цэнтры запісваецца галоўнае слова-паняцце, а ад яго ў розныя бакі адыхо­дзяць стрэлкі-прамені з фіксацыяй іншых тэрмінаў.

У 8—9 класах вучні право­дзяць міні-даследаванні. Настаўніца арганізоўвае іх арыгінальна. За кожны этап даследавання адказвае пэўны капялюш (прыём “Капелюшы мыслення”). Той, хто яго апранае, так і называецца: разведчык, аналітык, статыстык, рэцэнзент, прамоўца. Дзеці збіра­юць “дасье” на літаратурнага героя, ствара­юць для яго старонку ў сацыяльных сетках, у дыяграмах апісваюць яго паводзіны, а праз стужку часу даследуюць жыццёвы шлях пісьменніка. Асобнае заданне ад педагога — стварэнне макета вокладкі твора. Акрамя таго, вучні складаюць топ-10 літаратурных герояў, рэйтынг мастацкіх сродкаў у канкрэтным творы або ў вершах пэўнага паэта, а на аснове асацыяцый пішуць тэксты.

У 10—11 класах педагог засяроджвае ўвагу на прыёмах графічнай арганізацыі інфармацыі, у ліку якіх радыяльная дыяграма і ментальная карта. Прынцып работы з імі аднолькавы. Вобраз, думка або факт прадстаўляецца ў выглядзе цэнтральнага элемента, у якім размяшчаецца тэма, а вакол запісваюцца звязаныя з ёй аспекты. Радыяльныя дыяграмы знешне нагадваюць дрэва з тонкімі галінамі, дзе інфармацыя падаецца коратка і дакладна. Іх Галіна Іжмайловіч прымяняе пры вывучэнні аглядных тэм, біяграфій, на ўводных уроках па мастацкім творы і для характарыстыкі літаратурных герояў. Ментальная карта адрозніваецца ад радыяльнай дыяграмы тым, што інфармацыя ў ёй падаецца не толькі праз словы, але і праз ілюстрацыі і асацыяцыі. Ствараецца карта як план-макет сачынення або пры абмеркаванні праблематыкі, сістэмы вобразаў і сутнасці грамадскай з’явы ў творах, напрыклад, “Моладзь у рамане І.Шамякіна “Сэрца на далоні”, “Самая вялікая хлусня — гэта хлусня маленькаму чалавеку” паводле п’есы А.Макаёнка “Зацюканы апостал”, “Здрада і высакароднасць у рамане У.Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара